Арганізатары «Добрага фэсту»: «Заканадаўства не спрыяе таму, каб людзі займаліся дабрачыннасьцю»

Гурты Neuro Dubel, IQ48, B:N, ZM99 (Зьмяя) і Алег Хаменка (гурт «Палац») выйдуць на адну сцэну, каб дапамагчы дзецям-інвалідам у межах дабрачыннага канцэрту «Добры фэст», які яго арганізатары разглядаюць як нядрэнную магчымасьць навучыць беларусаў рабіць дабро.

Ініцыятарам фэсту выступіў гурт IQ48. Музыкі хутка знайшлі падтрымку ў калегаў па цэху: «Ніводзін з запрошаных гуртоў не адмовіўся ўдзельнічаць». Арганізацыйную падтрымку аказала абноўленая кампанія «Будзьма», а непасрэднае выйсьце на тых, каму дапамога патрэбная — Чэрвеньскі дом-інтэрнат — забясьпечылі беларускія прадстаўнікі ірляндзкай дабрачыннай арганізацыі Burren Chernobyl Project.

«Музыкі грошай на шоў-бізнэсе не зарабляюць», — кажа Аляксандр Ракавец, фронтмэн IQ48. Але тыя, хто ўмее граць, заўжды могуць дапамагчы дзецям праз музыку.

«Мы не алігархі і ня можам пабудаваць адзін паверх ніжэй і выдаткаваць гэтыя грошы да дабрачыннасьць. Але мы можам займацца тым, што любім і што ўмеем […] і прынесьці ўсім радасьць, абсалютна ўсім», — тлумачыць сваё жаданьне ўдзельнічаць лідэр самага тытулаванага ўдзельніка фэсту, гурта Neuro Dubel, Аляксандр Кульлінковіч.

Па словах Алены Марцьянавай, прадстаўніцы дабрачыннага фонду «Добра тут», што супрацоўнічае зь ірляндцамі з Burren Chernobyl Project, такое стаўленьне да дабрачыннасьці ўласьціва далёка ня ўсім беларусам.

«Дабрачыннасьць для беларускіх людзей — паняцьце даволі новае. І можа быць фэст стане крокам у разьвіцьці міласэрнасьці ў нашых людзях».

У прыклад спадарыня Марцьянава прыводзіць ірляндцаў, якія нягледзячы на крызыс не перасталі дапамагаць беларускім дзецям. Вось і атрымліваецца, што каля 2 мільярдаў эўра патрацілі ўжо ірляндзкія грамадзяне на дапамогу беларусам. У той жа час колькасьць мясцовых сродкаў у фондзе мінімальная.

«У нас дагэтуль ставяцца да дабрачыннасьці як да прыдуркаватай і не зусім нармальнай справы», — дзеліцца ўражаньнямі ад Беларусі па вяртаньні з ЗША адна з арганізатарак фэсту Ганна Трубачова .

Па словах каардынатаркі кампаніі «Будзьма» Ніны Шыдлоўскай, праблема ў тым, што ў тых, хто займаецца дабрачыннасьцю, у нас бачаць «людзей зь нячэснымі грашыма».

«Таму праз цэлы шэраг падобных імпрэзаў мы хочам актуалізаваць праблематыку дабрачыннасьці ў нашым грамадзтве», — кажа спадарыня Шыдлоўская.

«Відавочна, што заканадаўства не спрыяе таму, каб людзі, якія адчуваюць патрэбу займацца дабрачыннасьцю, рабілі гэта. Пры ўсім жаданьні нават камэрцыйныя структуры ня могуць займацца ёй, бо гэта значна ўскладняе, а не спрашчае ім жыцьцё, — дадае каардынатарка „Будзьмы“. — Таму наша праграма максымум — ініцыяваць зьмены ў заканадаўстве» аб дабрачыннасьці».

Далучыцца да вялікіх зьменаў праз малыя справы кожны зможа 22 красавіка ў клюбе «Рэактар» (вул. В. Харужай, 29) а 19 гадзіне. Усе сродкі ад мерапрыемства пойдуць на падтрымку дзяцей-інвалідаў Чэрвеньскага дома-інтэрната.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0673 seconds.