Адлічаная студэнтка супраць БДУ і Мінадукацыі ў судзе

Тацяна Шапуцька

Былая другакурсьніца юрфаку Тацяна Шапуцька судзіцца з БДУ. Справа разгортваецца вакол сумнавядомай інструкцыі Мінадукацыі, якая рэглямэнтуе выезд студэнтаў за мяжу. На судзе прадстаўнікі міністэрства прызналі, што на студэнтаў гэта інструкцыя ні ў якім разе не распаўсюджваецца.

 
 

Намесьніца старшыні Маладога фронту Тацяна Шапуцька была адлічаная напрыканцы мінулага году зь юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту з афіцыйнай фармулёўкай «за сыстэматычныя парушэньні Правілаў унутранага распарадку». Асноўны праступак былой другакурсьніцы — удзел у форуме «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі, у выніку чаго Шапуцька прапусьціла тры дні заняткаў. Былая студэнтка перакананая: падстаў для адлічэньня не было, тым больш рэктар, які падпісаў загад, ня ўлічваў яе высокі (8.5) сярэдні бал.

«Сыстэматычнасьць парушэньняў», у якім вінавацяць былую студэнтку — гэта 22 гадзіны пропуску заняткаў з-за ад’езд у Брусэль, а таксама 3 дні адсутнасьці на парах у 2008 г., калі Тацяна трапіла за краты пасьля акцыі «Маладога фронту». Тады яна атрымала першую і апошнюю вымову.

Паводле правілаў, якія дзейнічаюць у БДУ, студэнтка перад ад’ездам мусіла паведаміць пра гэта дэкану. Але сказала пра гэта толькі старасьце групы. Таму кіраўніцтва факультэту залічыла пропускі як «непаважлівыя». І параіла рэктару вынесьці яшчэ адну вымову студэнтцы. Але рэктар Абламейка вырашыў інакш.

Беларуская традыцыя

Гэты працэс — далёка ня першы, калі студэнта, які актыўна займаўся грамадзянскай дзейнасьцю і меў выдатныя посьпехі ў навучаньні, адлічаюць зь беларускага ўнівэрсытэта.

Слуханьні адбываюцца ў судзе Маскоўскага раёну Менску, дзе 4 гады таму судзіліся зь Беларускім дзяржаўным пэдагагічным унівэрсытэтам адлічаныя студэнты Люда Асіпенка і Алесь Карцель. А праз два гады сюды прыйшоў адлічаны з журфаку БДУ Франак Вячорка. Цяпер Франак служыць у войску, а Люда Асіпенка вучыцца ў Польшчы.

У 2005 годзе падобная гісторыя здарылася зь яшчэ адной Тацянай — Хомай — якую адлічылі з БДЭУ за ўдзел у мерапрыемстве міжнароднага студэнцкага зьвязу («ESU (ESIB) — Нацыянальныя студэнцкія зьвязы Эўропы»). Прычынай выключэньня студэнткі-выдатніцы пазначаны факт яе «самавольнага выезду ў Францыю» і знаходжаньне там на працягу трох дзён у час навучаньня. Тацяна не дамаглася аднаўленьня і цяпер вучыцца ў Вене.

З такім бэкграўндам Тацяна Шапуцька не спадзяецца на станоўчы сыход справы:

«Аднак, у станоўчае вырашэньне майго пытаньне верыць ужо не даводзіцца», — казала Тацяна тры месяцы таму, калі атрымала адмоўны адказ на яе скаргу ў Міністэрства адукацыі.

Зь нядаўняга часу Шапуцька стала студэнткай завочнай праграмы Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які цяпер знаходзіцца ў Вільні.

Па словах Тацяны, яе аднагрупнікам, якія хацелі падтрымаць былую студэнтку ў судзе, унівэрсытэт прыйсьці на працэс не дазволіў. Менавіта ў час судовага паседжаньня аднагрупнікаў Тацяны чакае праверка наведвальнасьці з рэктарату. Таксама на суд у апошні момант адмовілася зьявіцца адна з галоўных сьведак Шапуцькі — стараста яе былой групы. У дзень суду яна раптоўна апынулася ў шпіталі.

Хаця зыск Тацяна падала супраць БДУ, на працэсе акрамя непасрэднага адказчыка — прадстаўнікоў унівэрсытэту — прысутнічаюць дзьве юрысткі зь Міністэрства адукацыі. Апошнія выглядаюць найбольш няўпэўнена, часам блытаюцца ў адказах.

Галоўны аргумэнт адвакаткі Тацяны — меркаваньне яе дэкану, які раіў рэктару не адлічаць студэнтку за прагулы, а толькі вынесьці ёй вымову. Паводле Правілаў унутранага распарадку БДУ, меркаваньне дэкана ў гэтым пытаньні — прыярытэтнае. Але прадстаўніца БДУ, намесьніца начальніка ўпраўленьня прававой працы БДУ Аксана Харошка, кажа, што «меркаваньне дэкана ня мае значэньня, бо яно не нясе юрыдычнага сэнсу».

«Маральная шкода» для БДУ

«Гэта абсурд — адлічваць студэнта паліталягічнай спэцыяльнасьці за ўдзел у палітычным форуме», — кажа Тацяна.

Зрэшты, намесьнік дэкану Юрыдычнага факультэту БДУ Андрэй Шыдлоўскі часткова згодны з гэтым:

«Наведваньне форуму — паважаная прычына адсутнасьці, — кажа спадар Шыдлоўскі. — І Тацяна — студэнтка вельмі добрая».

Але гэта не перашкаджала спадару Шыдлоўскаму, які апынуўся адзіным сьведкам на працэсе, па словах Шапуцькі, ужо пасьля адлічэньня Тацяны весьці «прафіляктычныя» гутаркі са студэнтамі факультэту.

Адразу пасьля абвяшчэньня пра адлічэньні ён, па словах Тацяны, асабіста размаўляў са студэнтамі факультэту, што падпісаліся пад зваротам супраць гэтага адлічэньня. Тацяна кажа, што некаторыя студэнткі выходзілі зь яго кабінэту «са сьлязьмі на вачох».

«Яны ня ведалі, пад чым падпісваліся», — парыруе 33-гадовы юрыст, сьцьвярджаючы з усьмешкай, што дзявочыя сьлёзы былі выкліканыя адкрыцьцём праўды пра падман, які чыніў Малады фронт, зьбіраючы подпісы.

«Яны іх [подпісы] у замежныя амбасады прададуць», — казаў спадар Шыдлоўскі студэнтам юрыдычнага факультэту.

І ўвогуле, «Шапуцька нанесла маральную шкоду ўнівэрсытэту», — кажа намесьнік дэкану.

Па-за інструкцыяй

У час працэсу высьветліліся цікавыя падрабязнасьці адносна правілаў выезду за мяжу для студэнтаў беларускіх ВНУ.

Міністэрства адукацыі бачыць віну Тацяны ня толькі ў тым, што яна не наведвала заняткі, але яшчэ і ў ігнараваньні інструкцыі міністэрства, якая абавязвае ўсіх студэнтаў паведамляць пра жаданьне выехаць за мяжу ў час навучаньня. На гэта, па словах галоўнага юрысконсульта ўпраўленьня прававой і аналітычнай працы Мінадукацыі Тацяны Марчанкі, міністэрства мусіць даваць дазвол.

Але, як у ходзе працэсу заявіла Тацяна Марчанка, «Шапуцька ня мусіць выконваць гэту інструкцыю», бо яе дзеяньне распаўсюджваецца толькі на юрыдычныя асобы і індывідуальных прадпрымальнікаў. Такім чынам, Мінадукацыі прызнала, што пры ад’езьдзе за мяжу студэнты не абавязкова мусяць пра гэта паведамляць.

Прысуд па справе будзе вынесены сёньня, 26 сакавіка.

 
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.