Да 30% студэнтаў прэстыжных расейскіх ВНУ ужываюць наркотыкі

У некаторых расейскіх ВНУ адна з галоўных прычын адлічэньня — спажываньне студэнтамі наркотыкаў. Улады ўпэўненыя, што прыйшоў час наркатэстаў для студэнтаў і старшаклясьнікаў.

У Расеі ўжо распрацоўваецца заканадаўчая база, якая дазволіць падвяргаць кожнага чацьвертага студэнта і старшаклясьніка тэсту на спажываньне наркотыкаў. Аб гэтым РИА «Новости» заявіў галоўны нарколяг расейскага Мінздраўсацразьвіцьця Яўген Брун.

«Тэставаньне будзе абавязкова. Не скажу што пагалоўнае, гэтага зусім ня трэба, але некаторую частку студэнтаў і школьнікаў, дзесьці 20–25% старшаклясьнікаў і студэнтаў, тэставаць неабходна», — сказаў спадар Брун.

Па яго словах, «у некаторых, асабліва прэстыжных ВНУ да 30% спажывальнікаў наркотыкаў. А паколькі наркаман ня можа ні вучыцца, ні працаваць, увогуле нічога ня можа, акрамя як спажываць наркотыкі, то іх адлічаюць з ВНУ».

У выніку, больш за палову праблем, зьвязаных з адлічэньнем студэнтаў, палягаюць у спажываньні наркотыкаў.

Па словах галоўнага нарколяга, у Расеі да 500 тысяч хворых на наркатычную залежнасьць. Гэту лічбу спэцыялісты рэкамэндуюць памнажаць на два з паловаю, каб даведацца прыблізную ацэнку колькасьці наркаманаў.

Паводле афіцыйных дадзеных, 40% беларускіх студэнтаў маюць сяброў, якія ўжываюць наркотыкі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.065 seconds.