Лявон Вольскі здымае тэлеказку

«Аднойчы ў Барахляндыі» — пад такой назвай хаваецца новы аўтарскі праект Лявона Вольскага. Здымачная група два тыдні працавала ў начныя зьмены, а галоўныя ролі сыгралі і сьпелі Ганна Хітрык, Сьвятлана Зелянскоўская і Алег Гарбуз. Зараз пад кіраўніцтвам рэжысэра Мацея Сабурава ва ўсю моц ідзе мантаж і зьвядзеньне трэкаў. А што адбывалася на здымачнай пляцоўцы новага праекту – у эксклюзіўным фотарэпартажы Generation.bY.

«Аднойчы ў Барахляндыі» — калядная казка, дзе дабро як заўжды змагаецца са злом, а ў прамежках паміж змаганьнем гучаць кампазыцыі Лявона Вольскага, аўтара сцэнару і ідэі фільму.

«Здымаць казкі напярэдадні Калядаў і Новага году — традыцыйная рэч. Хочацца чымсьці парадаваць сябе і сяброў. Нечым гэткім… неардынарным. Захацелася сапраўднае навагодняе казкі – з усімі атрыбутамі ды аптымістычным фіналам», — адзначае аўтар сцэнару Лявон Вольскі.

Але мантаж казкі яшчэ ня скончаны, таму далейшы лёс яе не вядомы: «Можа быць ён будзе паказаны на тэлеэкране, можа быць праект адправіцца на конкурсы», — распавядае Generation.bY прадусарка тэлефільму Ганна Вольская.

Дзея казкі, здымкі якой праходзілі ў такіх багатых сярэднявечнай атмасфэрай месцах, як музэй пад адкрытым небам «Строчыцы» і менскай кавярні «Камяніца», адбываецца ў краіне Барахляндыя. Там адважны, але нязграбны прынц Бадмінтон змагаецца за сэрца гатычнай прынцэсы — яе грае акторка Купалаўскага і сьпявачка Ганна Хітрык. Памкненьням закаханых супрацьстаіць мэркантыльны, але ўсё ж добры, бацька прынцэсы — Алег Гарбуз.

«Калі я пісаў сцэнар, у мяне не было намаганьняў іранізаваць з нашай краіны. Усё і так абсурдова, і больш абсурдова чым ёсьць — не прыдумаеш. Але паралелі можна знайсьці ў любой казцы», — кажа Вольскі.

Акторы на галоўныя ролі былі знойдзеныя вельмі хутка: «Ніякіх перамоваў зь імі не было — усе адразу згадзіліся. Тым больш раней у нас быў вопыт супрацоўніцтва».

Лявон Вольскі ўжо мае багаты досьвед у напісаньні сцэнароў да навагодніх відэапраектаў. Два папярэдніх навагодніх сьвята многія сустракалі з праектам «Сьнежны завулак 8» і «Сьнежны завулак 9» — каляднымі шоў, аўтарства якіх таксама належыць Лявону і Ганьне Вольскім. Аднак «Аднойчы ў Барахляндыі» — больш амбітны праект, таму запатрабаваў нямала рэсурсаў і часу.

«Актораў нельга было сабраць удзень, таму здымкі адбываліся толькі па начах. І, нягледзячы на такія цяжкія ўмовы, усе аддана працавалі», — адзначае Лявон Вольскі.


Сам Лявон прысутнічаў на кожным здымачным дні, дакладней, ночы. Бывала, у чатыры гадзіны раніцы ў сцэнарыста зьяўляліся новыя ідэі, і ён зноў і зноў папраўляў і дапісваў дзеі і рэплікі герояў. А адна з песень увогуле была напісаная Вольскім з дапамогай дачкі:

«Сьлямзіў у яе матыў песьні для адмоўных пэрсанажаў», — прызнаецца музыка.

Большасьць удзельнікаў здымак — з трупы Купалаўскага тэатру. Але ўсе яны, па словах Вольскага, ужо мелі вопыт здымак у кіно. Што да ўласнай творчасьці, то Лявон Вольскі спадзяецца, што гэты сцэнар не апошні, тым больш ён ужо мае цікавыя прапановы: «Ёсьць прапановы ад кіраўніцтва Купалаўскага тэатру. Але гэта не ў бліжэйшыя месяцы».

Нягледзячы на нечакана пільную ўвагу прэсы, лёс супольнага праекту да канца невядомы. Аўтары праекту заклікаюць набрацца цярплівасьці і пачакаць: «Аднойчы ў Барахляндыі» ў тым ці іншым выглядзе будзе прадстаўленая беларускаму гледачу:

«Практычна, мы толькі пачалі работу, а калі яна завершыцца — празь месяць ці то праз год — ніхто ня ведае. Але, нават, калі складзецца, што праца завершыцца праз год, усё адно мы атрымалі (апроч бяссонных начэй і татальнае стомы) зарад пазытыву ад работы (калі гэта можна назваць «работаю» — настолькі весела, сьмешна і прыкольна ўсё адбывалася) з выдатнымі беларускімі прафэсіяналамі сваіх справаў, якія прыкладалі ўсе намаганьні, крэатыў і творчыя здольнасьці для ажыцьцяўленьня гэтага музычнага фільму».

Глядзіце вялікі фотарэпартаж са здымак казкі «Аднойчы ў Барахляндыі»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0625 seconds.