У ЗША рэкордны рост колькасьці студэнтаў

У ЗША рэкордна вырасла колькасьць студэнтаў, якія навучаюцца ў каледжах, перш за ўсё двухгадовых. Зьвязваюць гэта з эканамічным крызысам і меншым коштам навучаньня ў падобных навучальных установах.

Згодна з дадзенымі Бюро перапісу насельніцтва краіны, амаль 40% маладых людзей ад 18 да 24 гадоў у 2008 г. зьяўляліся студэнтамі амэрыканскіх каледжаў. Перш за ўсё «агульных» — двухгадовых навучальных установаў, якія даюць пачатковую вышэйшую адукацыю.


Выпуск студэнтаў у Амэрыканскім каледжы ў Сафіі. Фота dewfall

Пры гэтым зьменшылася колькасьць студэнтаў, якія кінулі каледжы ў час навучаньня. Сярод тых, хто паступіў у 2006 г. толькі 15.1% ня здолелі завершыць сваё навучаньня, што на 0.9% менш за папярэдні год.

Таксама ў дакладзе Бюро адзначаецца рост цікаўнасьці амэрыканцаў да вышэйшай адукацыі. Напрыклад, у 1973 годзе толькі 24% моладзі ад 18 да 24 гадоў паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, пры гэтым 19.3% іх ня скончылі.

Экспэрты адзначаюць, што «бум набору студэнтаў» зьвязаны з эканамічным крызысам, піша The New York Times. У ЗША расьце колькасьць беспрацоўных маладых амэрыканцаў. У іх не хапае грошай на паўнавартасную вышэйшую адукацыю, але дыплём усё ж атрымаць імкнуцца, каб не згубіць канкурэнтаздольнасьць на рынку працы.

Адукацыя ў двухгадовых каледжах каштуе меней і дазваляе хутчэй атрымаць дыплём значна хутчэй. Пасьля гэтых каледжаў студэнты могуць паступаць у ВНУ, для атрыманьня ступені бакаляўра.

Па інфармацыі Associated Press у 2008 г. сярэдні кошт навучаньня ў каледжы складаў $2372 у год, у той час як навучаньне ў дзяржаўным унівэрсытэце каштавала каля $7 тысяч, а ў прыватным — больш за $26 тысяч.

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы, зрабіла падвышэньне ўзроўню адукаванасьці насельніцтва адным са сваіх галоўных прыярытэтаў. І зроблена гэта мусіць быць перш за ўсё дзякуючы «агульным» каледжам». Па словах Абамы, кожны амэрыканец да 2020 году мусіць мець хаця б пачатковую ступень вышэйшай адукацыі.

У наступным дзесяцігодзьдзі Белы дом зьбіраецца выдзяляць па 12 мільярдаў даляраў на падтрымку двухгадовых каледжаў штогод.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.