Беларускі «Дзелавы інтэрнэт» выйшаў у Твітэр

У Менску адкрылася канфэрэнцыя «Дзелавы інтэрнэт». Ужо ў першую гадзіну працы канфэрэнцыі высьветлілася, што ў Беларусі «няма інфармацыйнага грамадзтва», а ўвесь вартасны і роставы пазытыў мінулага году ўраўнаважваецца праблемамі ў разьвіцьці тэхналёгій перадач дадзеных, якія пасьпелі ўзьнікнуць у краіне за апошні год.

Але ўсе гэтыя цікавыя збольшага толькі «айцішнікам» працэсы згасалі на фоне небывалай актыўнасьці беларускіх юзэраў у новамоднай сацыяльнай сетцы Twitter, дзе адбывалася абмеркаваньне канфэрэнцыі ў жывым часе.

Юры Зісер
Юры Зісер

«Дзелавы Інтэрнэт» праходзіць у Беларусі ўжо трэці год запар і гэтым разам разьмясьціўся на пляцоўках Нацыянальнай бібліятэкі. Канфэрэнцыі аб інтэрнэце ў Беларусі сталі праводзіцца ў тыя часы, калі байнэтам яшчэ і «ня пахла». І заснавальнікі «Дзелавога Інтэрнэту», самы наведвальны беларускі сайт TUT.BY, «Белтэлекам» і асацыяцыя «Белінфакам», — менавіта тыя, хто "вінаваты" ў нарадэньні таго самага байнэту, які зараз так заўзята абмяркоўваецца.

Экспэрты экспэртнай Рады

Пасьля вітальнага слова кіраўніка асацыяцыі «Белінфакам» Андрэя Нарэйкі  на сцэну выйшаў намесьнік кіраўніка эскпэртнай Рады Парку высокіх тэхналёгій Уладзімер Анішчанка. Доўгая і малавыразная прамова ў стылі афіцыйных міністэрскіх пасяджэньняў прасякалі ўсполахі нечаканых для чыноўніка прызнаньняў:

«Атрымліваецца, што ў нас няма інфарматызацыі, у нас няма інфармацыйнага грамадзтва. Бо ні ў бюджэце краіны, ні ў бюджэтах міністэрстваў выдаткаў на інфармацыйнае забесьпячэньне няма. А гэта зьяўляецца адным зь міжнародных паказчыкаў разьвіцьця інфармацыйнага грамадзтва», — казаў спадар Анішчанка.

Высьветлілася, што ўсе сродкі на праграмнае забесьпячэньне і разьвіцьцё інфармацыйных тэхналёгіяў выдаткоўваюцца ў дзяржаўных арганізацыях па такіх артыкулах, як канцтавары. Таму сусьветныя паказчыкі разьвіцьця IT Беларусі, вядома, пакутуюць.

Праўда Зісера

Юры Зісер, генэральны дырэктар TUT.BY, пайшоў простым шляхам, і з дапамогаю відавочных фактаў пераканаў аўдыторыю ў наяўнасьці вялізных праблем у беларускім Сеціве.

Па словах спадара Зісера, з коштамі на доступ у інтэрнэт у Беларусі ўсё зьмяняецца да лепшага: за 5 год яны ўпалі амаль у 30 разоў. «Але мы адзіная краіна ў сьвеце, дзе оптам даражэй чым у розьніцу. І гэты разрыў за апошні час толькі павялічыўся: правайдэрам прадаюць інтэрнэт па большым кошце, чым простым сьмяротным».

Вынік гэтага — непараўнальны кошт каналу доступу ў Сеціва. Так, канал хуткасьцю ў 1 Мбіт/с у Беларусі ў 100 разоў даражэй, чым у Польшчы і ў 30 разоў даражэй, чым у Расеі.


Словы Зісера аб тым, што Інтэрнэт у Беларусі ў 100 разоў даражэй чым у Польшчы, сарвалі аплядысмэнты публікі.

Па словах дырэктара TUT.BY, такая сытуацыя выгодная Белтэлекаму, які такім чынам спыняе разьвіцьцё сваіх канкурэнтаў.

Крытыка дзейнасьці манапаліста ў галіне электрасувязі з вуснаў заснавальніка TUT.BY гучала і раней. Але пасьля зьвестак аб тым, што Белтэлекам перастаў разьмяшчаць на пляцоўках парталу Зісера сваю рэкляму, яго словы гучаць яшчэ больш інтрыгоўна.

Згодна з рознымі ацэнкамі, у Беларусі ад 3.1 (Мінсувязі) да 2.89 мільёнаў карыстальнікаў інтэрнэту. Зь іх, згодна з дадзенымі кампаніі Gemius, 25–30% не наведваюць беларускія сайты.

Узровень пранікненьня інтэрнэту ў Беларусі горшы, чым у суседзяў, але вышэйшы сярэдняга сусьветнага паказчыку. У той жа момант пранікненьне шырокапалоснага доступу ў краіне ніжэйшы нават за сярэдні па сьвеце паказчык. «Сярэдні па сьвеце — гэта яшчэ і краіны Афрыкі», — адзначыў спадар Зісер.

Але ўсё ідзе па пляну: скандальны ліст Міністэрства інфармацыі, пра які стала вядома нядаўна, патрабуе павелічэньня базы абанэнтаў шырокапалоснага доступу ў Сеціва на паўмільёна чалавек. Хаця зараз такіх усяго каля 500 тысяч.

Мінулы год, на думку спадара Зісера, прынёс у галіну тэлекамунікацыяў такія адмоўныя падзеі, як першы за 10 год рост коштаў сотавых апэратараў, пагроза абмежаваньня разьвіцьця мабільных сетак з-за ўвядзеньня новых санітарных нормаў, прапанова царквы рэгуляваць інтэрнэт, перашкоды ў будаўніцтве хатніх сетак у Менску.

Твітэр у масы

Глядзець выступ Зісера і іншых віпаў канфэрэнцыі можна было праз простую відэа трансьляцыю, якая была арганізаваная на афіцыйным сайце канфэрэнцыі. Але самым хуткім шляхам даведацца, што адбываецца на канфэрэнцыі, стала бесьперапыннае абнаўленьне старонкі тэгу #di_by  у новамоднай сацыянай сетцы Twitter.

Twitter быў заснаваны 4 гады таму як сэрвіс, які даваў магчымасьць адказаць толькі на адно пытаньне: «што вы зараз робіце». На гэтым карыстальнікам адводзіцца толькі 140 сымбаляў — не разгонішся.

Сваіх першых карыстальнікаў сэрвіс набраў менавіта пасьля адной з падобных да «Дзелавога інтэрнэту» канфэрэнцый, дзе кожны меў магчымасьць адразу ў час яе з дапамогай сэрвісу пазначыць свае думкі аб падзеі. Усе гэтыя паведамленьні выводзіліся на вялізны экран у залі, дзе адбывалася канфэрэнцыя.

На вясну ў краінах Захаду адбыўся бум цікавасьці да Твітэру: журналісты бачылі ў ім шлях да выратаваньня журналістыкі, спэцслужбы — пляцоўку для абмену дадзенымі ў тэрарыстаў, піяршчыкі — яшчэ адзін шлях прасоўваньня палітыкаў. Але мала хто разумеў, навошта насамрэч патрэбны гэты сэрвіс.

І вось Твітэр нарэшце ў Беларусі. Прыгледзеўшыся на працягу лета, карыстальнікі, падаецца, зразумелі, для чаго гэты сэрвіс патрэбны: каб флудзіць аб і ў час вядомай усім падзеі!

Адной з магчымасьцяў прысьвяціць свой допіс у сетцы той ці іншай тэматыцы — пазначыць яго тэгам — кароткім словам, якое пачынаецца з сымбаля ‘#’. Напрыклад, тэг «Дзелавога інтэрнэту» — #di_by.

Бадай, упершыню беларускія карыстальнікі Твітэру інтэнсіўна «цырыкалі» (twitter менавіта так перакладаецца з ангельскай) направа і налева па адной тэме. Ды так, што за паўгадзіны ў фрэндстужцы магло зьявіцца да 10 новых «твітаў». А за першыя суткі канфэрэнцыі зьявіўся 171 пост, пазначаны тэгам #diby альбо #di_by.

Агульны ляйтматыў усяго, што адбывалася ў Твітэры, падвяла юзэрка zazazuzazazu: «Сёньня абсалютна ўсё з #twiby або былі на #di_by або глядзелі трансьляцыю».

Дарэчы, у Generation.bY таксама ёсьць акаўнт на Твітэры

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0644 seconds.