Абама распавёў амэрыканскім падлеткам аб небясьпеках у Facebook

Барак Абама перасьцярог амэрыканскіх падлеткаў аб небясьпецы пакіданьня надта вялікай колькасьці асабістай інфармацыі ў сацыяльных сетках, дадаўшы, што гэта інфармацыя можа вярнуцца і перасьледаваць іх у далейшым жыцьці.

Адказваючы на пытаньні падчас звароту да амэрыканскіх школьнікаў перад пачаткам навучальнага году, прэзыдэнт ЗША адзначыў, што ў «век YouTube» усё, што пішацца ў Facebook, можа пазьней усплыць у жыцьці — у тым ліку памылкі або зьдзейсьненыя глупствы.

 
Афіцыйная старонка Барака Абамы ў Facebook

Як паведамляе Reuters, ён падкрэсьліў, што шмат разоў чуў пра тое, як людзей ня бралі на працу пасьля таго, як працадаўца знаходзіў у Сеціве інфармацыю пра іх.

«І калі вы маладыя, вы робіце памылкі і розныя неразумныя рэчы. Я шмат чуў пра маладых людзей, якія спачатку посьцяць інфармацыю на Facebook, а калі ідуць уладкоўвацца на працу, то працадаўцы шукаюць інфармацыі аб іх [у Сеціве]», - сказаў Абама.

Абама таксама згадваў некалькі разоў, што і сам рабіў памылкі, калі вучыўся ў школе, але падрабязьней тлумачыць ня стаў. Раней ён прызнаваўся, што ўжываў наркотыкі ў школьныя часы.

Згодна з дасьледаваньнем, праведзеным у чэрвені 2009 году сайтам careerbuilder.com, 45% працадаўцаў выкарыстоўваюць сацыяльныя сеткі для праверкі тых, хто хоча атрымаць пасаду. Сацыяльная сетка Facebook зьяўляецца для іх асноўнай крыніцай інфармацыі. Каля 35% працадаўцаў заявілі, што адмовілі ва ўладкаваньні на працу на падставе кантэнту, які быў разьмешчаны ў Сеціве.

Facebook, Twitter і іншыя сацыяльныя сеткі выкарыстоўваюцца Белым домам для прамой камунікацыі з амэрыканцамі ў абыход СМІ.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0951 seconds.