Пад Менскам 12 верасьня пройдзе новы беларускі фольк-фэст «Камяніца»

12 верасьня ў Музэі народнай архітэктуры і побыту пад Менскам упершыню адбудзецца фольк-фэст «Камяніца», у якім возьмуць  удзел гурты Kriwi, «Стары  Ольса», «Нагуаль», «Джамбібум», «Гаротніца» ды іншыя. Усе грошы ад фэсту пойдуць на рахункі музэю.

 

Музэй народнай архітэктуры і побыту быў заснаваны у 1976 годзе. На яго тэрыторыі пад адкрытым небам захаваныя помнікі драўлянай архітэктуры 18-20 стагодзьдзяў з усёй Беларусі: дамы і цэрквы, млыны і гаспадарчыя будынкі. Але драўляныя дамы патрабуюць рэгулярнай апрацоўкі ад грыбка, а і іх чаротавыя дахі – аднаўленьня.

«Мы зьяўляемся  бюджэтнай арганізацыяй. Дзяржава  фінансуе нас, але лішніх грошай ніколі няма, бо нашы экспанаты, якім 100-200 гадоў, увесь час патрабуюць дагляду і рамонту. Напрыклад, чаротавы дах на адзін будынак каштуе 70-90 мільёнаў рублёў. Калі яго не замяніць своечасова, будынак набярэ вільготнасьць і пачне паступова разбурацца», – распавядае дырэктар музэю Сьвятлана Аляксандраўна Лакотка. 

Музэй даволі актыўна праводзіць розныя мерапрыемствы, але фольк-фэст адбываецца на яго тэрыторыі ўпершыню. 

«Фэст рабіўся  адразу па некалькіх прычынах, – прызнаецца каардынатар праекту Сяргей Чэгрынец. – Па-першае, было жаданьне дапамагчы музэю зарабіць дадатковыя грошы на рэканструкцыю экспанатаў. На жаль, гэта ўстанова не такая і вядомая й папулярная, якой мусіць быць. Туды трэба езьдзіць усім – парамі, зь дзецьмі, з бацькамі, з бабулямі-дзядулямі. Проста прыяжджаць і шпацыраваць сярод лугоў і аўтэнтычных хатак, дыхаць паветрам нашай жывой спадчыны. Па-другое, у нас ёсьць добрыя фольк-гурты, якія працягваюць народныя традыцыі, але адпаведных сучасных фэстаў не стае. Нам падалося, што лепшай пляцоўкі для гэтага быць не можа». 

Кошт квіткоў на мерапрыемства будзе звычайны для музэю – 6300 руб. для дарослых, 3150 руб. для школьнікаў. Наведнікі будуць мець магчымасьць не толькі паслухаць музыку, але і паглядзець усю экспазыцыю – уваход адчыняецца ў 10 гадзін раніцы. Фэст працягнецца з 15 да 21 гадзіны.

Папярэдняя рэгістрацыя і дадатковая інфармацыя на сайце fest.kamyanitsa.by.
Даведка: (029) 670 13 30, (017) 507 69 37.

14:57, 03/09/2009 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.061 seconds.