Антыкрызыснае Басовішча

Мроя

Фэстываль Басовішча 20-ы раз прыйшоў у Польшчы непадалёк ад беларускай мяжы. Гэты фэст запомніцца ня толькі як юбілейны, але і чарговы раз абноўленай камандай арганізатараў з БАСу, адсутнасьцю конкурснай часткі для маладых гуртоў і, нарэшце, антыкрызыснай сьціпласьцю. Што значыць Басовішча для некалькіх пакаленьняў беларускіх музыкаў і слухачоў, што было з фэстам і, галоўнае, што будзе? Ніякай аналітыкі ў рэпартажы Generation.bY.

Калі вы не дастаткова дзёрзкія, каб чытаць гэткі даўгі тэкст, бо хочаце проста паглядзець пару фотак, то хуценька і сьціпла малюем карціну: гурты харошыя, выпіўкі шмат, сэкс, драгз, ну, няхай дрынк — таксама добра! Што там яшчэ? «Рон-н-рол»? Хм, тут галоўнае было не заснуць, бо рок-н-рол звычайна недзе пад канец ставяць. Сапраўдны такі, каб галаву закруціла.

Усё, а цяпер можна глядзець фоткі.

Храналёгія стратаў

Для астатніх нагадаем перадгісторыю. Усё распачалося зь вялікага, ужо традыцыйнага за апошнія гады «шэнгенскай Польшчы» візавага аблому. 40% з тых, хто жадаў, ня трапілі на фэст. Сем’і, сяброў і проста каханых па-здрадніцку разлучыла мяжа.

І ня толькі іх. Мяжа, а дакладней беларускія памежнікі, разьядналі гурт SOK, гітарыста якога ня выпусьцілі зь Беларусі. З-за гэтага замест SOKа на сцэну на суткі раней заплянаванага часу выйшаў гурт Rahis, а SOK выступаў «спрошчаным складам» — без другога гітарыста адпаведна — ў наступны дзень.

Rahis, названы вядоўцам фэсту Віктарам Шалкевічам «бард-рокавым» гуртом (можа раней так і было, але тыя часы мала хто і прыгадае), добра прадэманстравалі здольнасьць выцягваць цяжкую сытуацыю ня гледзячы на тое, што гукавая апаратура, на якую наракалі ўсе гурты, імкнулася гуляць у свае шумавыя эфэкты.

Хлопцы, якім літаральна за дзьве гадзіны да выступу паведамілі пра пазачасны выхад на сцэну, мужна згадзіліся выступаць і правялі свой сэт удала. Песьні, якія цягам некалькіх год слухачы чулі пераважна ў акустыцы цёплых хатніх канцэртаў, гучалі цяпер як сапраўдныя рок-гіты.

Яшчэ адна дарожная непрыемнасьць, на гэты раз «атрутная», здарылася з вакалісткай гурта Бан-Жвірба Крысьцінай, якую ўкусіла зьмяя. Але гэта не сарвала вяртаньне пераможцаў Басовішча-2001 на сцэну пасьля перапынку ў выступах. Адразу са шпіталю Крысьціна накіравалася да фэстывальнай сцэны.

Распачалі фэст фіналісты Басовішча-2008 UNIA, якіх за некалькі дзён да фэстывалю запрасілі выступаць замест каманды OSIMIRA. Клясычным цяжкароковым гукам працягнуў выступ Тарпач, пасьля чаго распачалося афіцыйнае адкрыцьцё фэсту.

На сцэну запрасілі людзей, якія ў розныя гады былі датычныя да арганізацыі Басовішча. Былых і сучасных арганізатараў было столькі, што яны зь цяжкасьцю зьмясьціліся на адной сцэне. Кожны зь іх атрымаў па бутэльцы шампанскага, якую з задавальненьнем выпіў/выліў на ўдзячных фанатаў пад сцэнай.

Пасьля на сцэну выйшлі гурты Rahis, B:N, а за імі падлясскі «рок-дэсант»: беластоцкія каманды Rima і Zero-85. Завяршалі дзень выступы Znich, заўжды пазытыўных IQ48 і сур’ёзных хлопцаў са Сьцяны.

Амаль традыцыйнае для Басовішча скарачэньне выступу апошніх гуртоў традыцыйна ня надта спадабалася іх фанатам. Але ў 2009-ым любыя праблемы прынята тлумачыць крызысам: больш танная сьветлавая і гукаўзмацняльная апаратура, з-за якой гурты мелі дадатковыя праблемы, адсутнасьць сучаснага аздабленьня сцэны — нагадвалі пра нялёгкія часы ў эканоміцы галоўнага донару фэсту — польскай дзяржавы.

«Першы сэкс?» Канешне ж Басовішча!

Яўген Бузоўскі з IQ48 ужо сёмы раз на басах. У тыя часы, калі ў лесе пад Гарадком зьбіраліся адныя толькі барды, Яўген, амаль як у песьні, хадзіў у восьмы кляс. Цяпер ён адзіны музыка на сёлетнім фэсьце, які выходзіў на сцэну ў складзе адразу двух гуртоў.

Яўген з задавальненьнем прыгадвае свае першыя Басы, якія зьмянілі, як бы гэта патасна не гучала, лёс гурта IQ48:

«Басовішча» — гэта паваротная кропка для IQ48. Пасьля нашай першай вандроўкі на гэты фэст мы паглядзелі на тое, што тут адбываецца і вырашылі, а чаму б не рабіць нашу справу на роднай мове?»

«Гэта фэстываль музыкі маладой Беларусі. А маладая Беларусь — гэта ня толькі даўгія патлы, касухі і патрыятычны магілёўскі хард-кор. Хацелася б пачуць болей разнастайнай музыкі. Галоўнае, каб гэта чапляла».

«Мы заўжды рады прыехаць сюды. Кожны раз гэта як першы сэкс», — дадае Яўген.

Гнілы памідорчык ад Памідорова

Аляксандр Памідораў, чалавек зь няпростым характарам, таксама застаўся ня надта задаволеным фэстам:

«Фэстываль проста гіне на вачох, — сьцьвярджае мінулагодні вядоўца фэсту. — А Басовішча-2009 таму доказ. Было спачатку разьвіцьцё, рост, калі ў 2000 і 2001 гадах мы зьбіралі каля 5000 чалавек і болей. А потым ужо пачаўся імклівы спад. Фэст нікуды не ідзе. Арганізатары не клапоцяцца пра яго. І ад гэтага балюча робіцца».

«Проста варта параўнаць зь іншым фэстывалем, які праходзіць на гэтай самай сцэне, але ў жніўні. Там людзей нашмат болей і арганізавана ўсё лепей. Калі Лявон Вольскі прыехаў і пабачыў колькі людзей на гэтым фэсьце і колькі на Басовішчы, то ў яго слоў не было».

Нягледзячы на жорсткую крытыку Памідорава, якую, між іншым, можна было пачуць і раней, ён усё роўна выйшаў на сцэну, каб прасьпяваць з IQ48 гіт «Выйсьце».

Другі дзень фэсту распачаўся з выступу гомельскага адноўленага Жнюв і менскага Босага Сонца. Далей адбыўся доўгачаканы і надзвычай удалы дэбют на Басовішчы ДзеціДзяцей. Якія адмыслова для свайго выступу ў Гарадку падрыхтавалі цалкам беларускамоўную праграму.

Пасьля маладых гуртоў на сцэну выйшлі «зубры» беларускай рок-музыкі: Палац, Крама, Neuro Dubel, Ulis і NRM.

Са зьяўленьнем Крамы пачалося анансаванае адраджэньне легендарных гуртоў 90-х. Акрамя традыцыйнай сваёй праграмы Крама выканала некалькі песень Бонды, зь якімі Ігар Варашкевіч выступаў яшчэ на сваім першым Басовішчы.

Далей амаль на гадзіну драўляную сцэну Басовішча занялі польскія зоркі — гурт Lao Che. Частка беларусаў пацягнулася падмацавацца ў кропкі продажу піва ды ежы. Аднак пляцоўка каля сцэны імкліва і вельмі шчыльна напоўнілася польскімі наведнікамі фэстывалю.

Гурт Neuro Dubel аказаўся аднагодкам фэсту, бо літаральна за дзень да канцэрту адсьвяткаваў сваё 20-годзьдзе.

Ulis выканаў сваю звыклую для апошняга часу праграму, чым не апраўдаў надзеяў сваіх прыхільнікаў, якія чакалі пачуць на 20-ым Басовішчы болей старых гітоў.


Шматгадовыя хэдлайнэры ўсёй беларускай рок-сцэны NRM зладзілі сапраўднае шоў з пераапрананьнем. Першая яго частка складалася са старых песень Мроі, другая — з клясычных энэрэмаўскіх гітоў. Лявон Вольскі выйшаў у фраку, наладзіў сынтэзатар і выдатна выканаў вакальныя партыя дваццацігадовай даўніны. Сапраўдныя зоркі ня гаснуць.

«Басы травой зарастаюць»

Пасьля пэрыяду фэстывальнага застою ў Беларусі пасьпелі зьявіцца і зьнікнуць некалькі музычных рокавых падзей, якія маглі б скласьці канкурэнцыю Басам. Сярод іх няўдалы ў фінансавым пляне фэст Bela Music, які прайшоў у траўні пад Менскам. Адзін зь яго арганізатараў, лідэр Палацу Алег Хаменка кажа:

«Басовішча ўжо не разьвіваецца, ён не такі, якім хацелася б яго бачыць. Шмат праблемаў у мэнэджмэнце, яго проста няма. Няма добрага маркетынгу. І нават зь фінансавага боку можна было б знайсьці болей сродкаў, на тыя ж ганарары, на іншыя рэчы. І праблема ня ў крызысе, на які сёньня звальваюць усе няўдачы, праблема сапраўды ў мэнэджмэнце. Хацелася б шмат чаго зьмяніць, але хто гэта будзе рабіць, я ня ведаю. Асабіста ў мяне ўжо сілаў на гэта ня будзе».

Агранізатарка сёлетніх Басоў, намесьніца старшыні БАС Кася Кузьміч пацьвярджае, што сапраўды існуе шмат праблем:

«Чым больш я знаёмлюся зь людзьмі, якія рабілі Басовішча 20 гадоў таму, то не магу зразумець, чаму ўжо няма такіх людзей, чаму няма такой энэргіі? — пытаецца Кася. — А калі і ёсьць, то не ва ўсіх, а толькі ў некаторых».

«Ёсьць адчуваньне, што Басы травой зарастаюць (ёсьць такі радок пра Айчыну ў гурта Кардон зь Беласточчыны). Я ня ведаю, ці можа гэта толькі мары, якія ніколі ня спраўдзяцца, але мне здаецца, што Басы яшчэ будуць мець такую славу, якую заслугоўваюць, бо гэта сапраўдны шэдэўр».

Але можа тая трава якая лячэбная? Мо праз год прыедзем, скосім, зьбярэм ураджай і пачнецца… (о божа, які патас!) ФЭСТЫВАЛЬ.

Штогод, тыя каму ёсьць справа да Басовішча, загінаюць пальцы крыжыкам «адбудзецца ці не». Сёлета крыжыкі трапілі нават на лягатып XX фэстывалю. У наступным годзе Басовішча будзе сьвяткаваць свае XX гадоў — фэсту шанцуе.

На камэнтары раскручвалі Воля Вітушка і Воля Дудко, фатаграфаваў Юра Сідун

P.S. У фотаблогу традыцыйны вялікі фотарэпартаж ад Generation.bY.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.