На «Беларускай вечарыне» ў Маскве на сцэне знайшлося месца для абодвух беларускіх сьцягоў

У мінулую нядзелю, 14 чэрвеня, беларусы Масквы сабраліся ў клюб «Plan B» на «Беларускую вечарыну», арганізаваную Рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміяй «Беларусы Масквы» пры падтрымцы беларускай амбасады ў Расеі. На сцэне — сьцягі і песьні, у залі танцы і конкурсы, сярод гасьцей — Калдун. Як запальваюць беларусы ў Маскве — у фотарэпартажы.

Абяцаныя чарка і шкварка, хоць і не дармовыя, але ж былі. Адмыслова для вечарыны ў мэню дадаліся дранікі розных відаў (са сьмятанай, шкваркамі, салам ды кілбасой), а таксама журавінны морс ды квас.

Вядучая Натальля Кузьміна, вядомая як «кавэзэшніца» з каманды «ЧП», сыпала «нацыяналістычнымі» лёзунгамі: «Мы — беларусы! Мы — лепшыя! Нават у Маскве! Беларусы — яны і ў Маскве беларусы!»

Відаць, таму першы конкурс — па скубленьні бульбы — мужчыны ўспрынялі як палітычны, і два з трох удзельнікаў разгарнулі на сцэне сьцягі. Яўген — чырвона-зялёны, Алесь — бел-чырвона-белы. Па якасьці абскубленай бульбы, дарэчы, перамог апошні.

Зладзілі і конкурс для дзяўчат — вырабіць выцінанкі. І тут ужо кожная праявіла майстэрства, перанятае ці то ад бабулі, ці то ад настаўніцы пачатковых клясаў падчас выразаньня сьняжынак.

Але, бадай, галоўным чыньнікам радасьці былі запрошаныя гурты — «Хуткі смоўж» і «Osimira». Дзякуючы ім, маскоўскія беларусы пасьпелі і паскакаць досыць, і таночкі павадзіць, і «Надзеньку» хорам пасьпяваць.

На «Беларускай вечарыне» быў заўважаны і Дзьмітрый Калдун. Але ён сьціпла назіраў за падзеямі з-за століка і на сцэну не падняўся. Зрэшты, фанаты яго не даймалі.

Пачатак традыцыі пакладзены. Чакаецца, што «Беларускія вечарыны» будуць праводзіцца цяпер рэгулярна, але наколькі часта — пакуль невядома.

Яшчэ фота зь беларускай вечарыны ў Маскве

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0909 seconds.