«Дайце яшчэ 100!»: Generation.bY адсьвяткаваў юбілейны «Аўторак добрых людзей»

Клюб «Графіці» вытрымаў накал жарсьцяў, музыкі, камунікацыяў і імправізацыяў «100-га Аўторку добрых людзей» Generation.bY 9 чэрвеня. Юбілейны 100-ы і першы клюбны аўторак прайшоў пад выступы «аўторкаўцаў»: Band A, Vinsent, Rahis i IQ48, з узгадкамі самых запамінальных аўторкаў, праглядам фотак, абдыманкамі, танцамі і віншаванкамі.

«Аўторкі добрых людзей» Хто, што, дзе і калі?

Кожны другі аўторак наведвальнікі сайту й проста харошыя людзі зьбіраюцца на сустрэчы offline. Ніякіх правілаў! Толькі добры настрой, добрыя людзі, цікавыя тэмы, файнае піва, гарбата, мінэралачка etc. Час, месца і дата абмяркоўваюцца ў адмысловым форуме. За больш, чым чатыры гады свайго існаваньня, аўторкавыя сустрэчы добрых людзей сталі добрай традыцыяй і адной з адметных рысаў community сайту, а колькасьць «аўторкаў» пераваліла за сто!

Зоркі склаліся так, што якраз на соты аўторак прыпаў Міжнародны дзень сяброў. Столькі нагодаў — вечару наканавана было быць душэўным і сьвяточным.

Традыцыйны аўторкавы офлайн наведвальнікаў Generation.bY пачаўся ўжо на ўваходзе ў клюб. Музыкі наладжваліся, а людзі пачалі сьвяткаваць ужо на вуліцы з дарэньнем кветак і знаёмствамі, разьвіртуаленьнямі і падлікам, хто колькі аўторкаў наведаў. Актыў Generation.bY з загаворшчыцкімі тварамі цягнуў у залю расьцяжку і ператвараў утульную залю Graffiti у аўторкавае логава з вожыкамі, месцамі для прыёму віншаванак і нарыхтоўкаю сюрпрызаў.

Праверка гуку апарату, візгат, крыкі, аплядысмэнты, сьвяточны тост — і 100-ы аўторак распачаты! Расчуліўшыся ад такой колькасьці «захавальнікаў традыцыі аўторкаў добрых людзей» я гатовая памяняць нік tarka на vitamin B у гонар усіх наведаных офлайнаў. Праўда, ад настойлівых просьбаў засьпяваць мне прыйшлося выкручвацца абяцаньнем зрабіць гэта на 1000-м аўторку.

А на сцэне ўжо зашкальвае колькасьць рэдактароў. Гэта гурт Band A распачынае свой «экспэрымэнтальны» акустычны выступ.

Пад «Рэвалюцыю» запускаем слайд-шоў з фота розных аўторкаў за ўсе чатыры гады. На здымках мільгацяць розныя людзі, розныя месцы і агульны настрой. Кожнага аўторкаўца, убачанага на фота і ў залі, сябры вітаюць і ўздымаюць куфлі.

Да мікрафону выбягае рэпер Vinsent — ён жа адзін з аўтараў Generation.bY Зьміцер Папко — з расповедамі, як пазнаёміўся з камандаю сайта, і выконвае некалькіх трэкаў.

Крыху часу на абдымкі, узгадкі, вітаньні і абнаўленьне куфляў на бары, і на сцэне ўжо традыцыйныя героі музычных аўторкаў — гурт Rahis!

Упэўнены сэт з галоўных гітоў — і ў залі забыліся, што ёсьць крэслы. Добра, што ля бару ёсьць крыху месца для вольных танцаў, куды й паўскокваў народ.

Хлопцы прэзэнтавалі максы-сынгл «Празь Сеціва», а таксама пад дружны хор аўторкаўцаў — «Ямайку», «Хлопца» і «Горад N».

Насычаную сьвяточную праграму працягваюць заўзятары аўторкаў добрых людзей — гурт IQ48.

Тое, што рабілася на сцэне і пад сцэнаю, можна назваць адным словам — экстаз. Зьмяшаліся ўсе — і выканаўцы, і слухачы.

Пэрыядычна з натоўпу на стол ці барную стойку вынырваў Санёк Ракавец зь віншаваньнямі з 100-м аўторкам.

У адзін вечар усё не зьмясьціць. Нават у сто аўторкаў. У адзін артыкул — тым больш. На паці ўзгадвалі самы шматколькасны аўторак, самы офлайнавы і самы крымінальны, вылічвалі самага адданага замежнага аўторкаўца, у якіх месцах Менску і якіх гарадах сьвету прайшлі «Аўторкі добрых людзей» і колькі каштавала піва на самых першых аўторках. Перакладалі на ўсе магчымыя мовы «Аўторкі добрых людзей» і, урэшце, прэзэнтавалі самы чаканы друкаваны/матэрыяльны/іміджавы матэрыял Generation.bY. Так, цішоткі! Плён творчай ночы напярэдадні 100-га аўторку выявіўся ў першых маечках Generation.bY. Самыя першыя экзэмпляры разыгралі на месцы: Valerka як адзін з заснавальнікаў традыцыі аўторкаў меў надзвычай глыбокія веды ў першых аўторках, а Ada мела найбольш варыянтаў адказаў на ўсе пытаньні.

Напрыканцы — кожнаму аўторкаўцу ў капэрце рандомнае спэцзаданьне на наступныя 100 аўторкаў. Я адчыню кавярню «Аўторкаў добрых людзей», vatrushka усім праставіць піва, zalgiris будзе піць замест піва малако, Julia Fox прывядзе на аўторак маму, Bezuher будзе выходзіць у Сеціва толькі па аўторках, Ada народзіць у аўторак, Юрка Храмы стане самым дзёрзкім аўторкаўцам, vojur прывязе на аўторак Мэрліна Мэнсана ці Пола Макартні... Плянаў — «грамадзьё»! На выхадзе гучала думка не сыходзіць нікуды, застацца жыць тут усім і разам:)

Сьвяточная паці працягнулася оўпэн-эйр аўторкам на вуліцы і начной «афтэпаці на хаце». Новы адлік распачаты! Наступны аўторак — аўторкавы!

Глядзіце ў фотаблогу Generation.bY тэматычныя рэпартажы з 100-га аўторку:

Таксама глядзіце здымкі з аўторку ў блогу Глеба Лабадзенкі.

Хутка на Generation.bY відэаролікі з 100-га аўторку і відэа-вітаньні ад розных аўторкаўцаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0626 seconds.