Старая палітыка і новыя мэдыі

Сацыяльныя сеткі дасягнулі такой папулярнасьці, што палітыкі і ўрады для падтрымкі іміджу мусяць заводзіць свае віртуальныя прадстаўніцтвы на сэрвісах мікраблогінгу, відэа-хостынгах і ў Facebook. У выніку Барак Абама ператварыўся ў вядомага мікраблогера. Не адстаюць ад яго і Мядзьведзеў з Бэнэдыктам XVI.

Калі дакладна палітыкі прасяклі фішку і пачалі юзаць новамэдыйныя сэрвісы, сказаць ужо цяжка. Адным з першых і самых актыўных быў, тады яшчэ кандыдат у прэзыдэнты ЗША, Барак Абама.


Барак Абама "сустракаецца" са сваім спіч-райтэрам. Фота з акаўнту Белага дому на Flickr

Абама — самы папулярны юзэр Facebook

З часоў сваёй рэвалюцыйнай для новых мэдыяў выбарчай кампаніі, калі Барак Абама вельмі пасьпяхова выкарыстоўваў магчымасьці сацыяльных сетак і Сеціва агулам, прэзыдэнт ЗША працягвае штурмаваць сэрцы і думкі юзэраў. Пасьля засяленьня ў Белы дом, адміністрацыя Абамы ўжо пасьпела замяніць на сучасныя састарэлыя кампутары і праграмы, якія не дазвалялі ў свой час ня тое што карыстацца сацыяльнымі сеткамі, а нават рабіць хоць нейкую дадатковую працу ў Інтэрнэце акрамя праверкі e-mail.

Цяпер прэзыдэнт абзавёўся спэцыяльнай камандай па новых мэдыях, адзін з заснавальнікаў якой нядаўна наведваў і Менск. Вынік іх працы выявіўся ў прыемнай разнастайнасьці шляхоў інтэрактыўнага выйсьця на прэзыдэнта ЗША: ад чытаньня яго блогу да фотаслайдаў і своеасаблівай простай мэдыятрансьляцыі.

Таксама афіцыйныя мерапрыемствы Белага дому можна пабачыць на адмысловым акаўнце на YouTube, а яшчэ, згодна з прынцыпамі, так паважанымі ў Амэрыцы, вольнай канкурэнцыі, і на іншымі відэахостынгу — Vimeo.

Пасьля такога маштабнага разгортваньня ў сацыяльных сетках ня дзіўна, што Абаму пачалі зафрэнджваць усе, хто толькі можа гэта рабіць. Цяпер яго мікраблог на Twitter праглядаюць каля 200 тысяч чалавек. Хаця прэзыдэнт сам зафрэндзіў толькі 65 мікраблогераў, сярод якіх, пераважна, розныя дзяржаўныя агенцыі кшталту NASA.

У сацыяльнай сетцы Facebook Абама ўвогуле самая папулярная пэрсона: колькасьць яго фанатаў там ужо пераваліла за 6 мільёнаў.

Ватыкан: божы iPhone

Папа рымскі Бэнэдынт XVI яшчэ ня мае акаўнта на Twitter, але відэа зь ягоных візытаў і імш можна паглядзець на YouTube. Таксама Ватыкан выпусьціў спэцыяльную праграму для тэлефону iPhone, якая дазваляе спампоўваць і слухаць урыўкі зь Бібліі, а таксама каталіцкія малітвы. Праграма даступная на 6 мовах.

Відэападкасьцер Мядзьведзеў

Прэзыдэнт Лукашэнка, падаецца, не зьбіраецца шукаць прыхільнікаў у Сеціве. Прынамсі, пакуль ён, у адрозьненьні ад свайго расейскага калегі Мядзьведзева, ня мае ні блогу, ні нават хіленькага падкасту. Апошняе канцэптуальнае новаўвядзеньне яго сайту — адкрыцьцё беларускамоўнай вэрсіі. Застаецца толькі спадзявацца на трэнінг ад кемлівага прэзыдэнта Мядзьведзева, які сам пачынае ранак з чытаньня навінавых сайтаў.

Нагадаем, што Мядзьведзеў — шчасьлівы відэападкасьцер, а таксама блогер на livejournal.com (праўда блог вядуць супрацоўнікі яго адміністрацыі). Апошні допіс у гэтым блогу пракамэнтавалі 87 разоў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.