Жаночы сэкс-страйк у Кеніі

Тысячы кенійскіх жанчын маюць намер тыдзень адмаўляць мужыкам у сэксе, каб пераканаць лідэраў краіны спыніць варожасьць, якая пануе ў краіне.

Пра гэта заявілі прадстаўнікі кааліцыі 11 жаночых груп Кеніі, паведамляе HuffingtonPost. Кіраўніца найбуйнейшай арганізацыі краіны па абароне правоў жанчын Рукія Субоў дадала, што да страйку таксама далучацца прастытуткі, якія тыдзень ня будуць працаваць. Праўда, ім за ўдзел у страйку заплацяць праваабаронцы.

Актывісты таксама заклікалі жонак першых асоб дзяржавы — прэзыдэнта Мваі Кібакі і прэм’ер-міністра Раілы Одзінгі — ад сэксу ўстрымацца. Пакуль ня ясна, як іх мужы і па сумяшчальніцтву лідэры краіны адрэагавалі на прапанову.

«Мы перагледзелі ўсё, што можа прымусіць людзей размаўляць, і зразумелі, што адказ — гэта сэкс. Сэкс ня мае расавай прыналежнасьці, не належыць да якой-кольвек палітычнай партыі і ёсьць нават у самых бедных хатах», — адзначыла Субоў.

Самаадданыя жанчыны спадзяюцца, што тыднёвае ўстрыманьне заахвоціць прэзыдэнта і прэм’ера вырашыць усе палітычныя праблемы. Вялікая колькасьць мужчын у Кеніі маюць па некалькі жонак.

На выбарах у Кеніі ў 2007 годзе перамог зь невялікай перавагай прэзыдэнт Кібакі. Прыхільнікі Одзінгі справакавалі міжэтнічныя сутыкненьні, якія прывялі да сьмерці больш за тысячы чалавек. Каб спыніць гвалт, у 2008 году абодва былых кандыдаты стварылі ўрад нацыянальнага адзінства, але яны ня здолелі цалкам ухіліцца ад супярэчнасьцяў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0756 seconds.