Адбылася прэзэнтацыя дыску з галасамі Караткевіча, Барадуліна і Геніюш

У менскай кнігарні «Акадэмкніга» адбылася першая прэзэнтацыя кампакт-дыску з галасамі Ўладзімера Караткевіча, Рыгора Барадуліна і Ларысы Геніюш, запісанымі ў 1968 годзе. Гэта супольны праект паэта Сяргея Панізьніка і журналіста Глеба Лабадзенкі.

На дыску зьмешчаны 31 трэк з запісамі галасоў знакамітых беларускіх паэтаў, якія чытаюць і нават сьпяваюць свае вершы. Унікальныя запісы былі зробленыя Сяргеем Панізнікам.

Разам з паўсталымі зь сівой даўніны галасамі паэтаў на дыску зьмешчаны бонус — 8-хвілінны расповед Сяргея Панізьніка пра тое, як рабіліся запісы.

Сяргей Панізьнік, у 1968-м ваенны журналіст, вырашыў, як ён сам кажа, «набрацца Бацькаўшчыны». Ён пазычыў у сябра магнітафон «Рамантык» і, набыўшы самыя лепшыя «бабіны» да яго, пачаў хадзіць і езьдзіць, каб запісваць галасы, сьпевы, расповеды людзей.

Праз сорак год тыя запісы пачуў журналіст Глеб  Лабадзенка, які ўбачыў у іх «сапраўдны скраб».

«На маю галаву, як сонечны прамень, упаў Глеб Лабадзенка, — кажа Панізьнік. — Глеб ведае, што гэтыя галасы павінны быць разам з моладзьдзю. І пасьля таго, як тыя запісы праляжалі ў мяне 40 гадоў, у Глеба зьявілася добрая задума выдаць іх».

Яшчэ адна фішка дыску — тры песьні ў выкананьні Караткевіча. Такім чынам, дзякуючы гэтаму праекту, аўтар раману «Каласы пад сярпом тваім» паўстае ў новым амлуа сьпевака.

Агулам на дыску фанаты беларускай літаратуры могуць знайсьці 5 вершаў і 3 песьні Караткевіча, 7 вершаў Геніюш і 7 вершаў Барадуліна. Барадулін, дарэчы, спэцыяльна для ўкладальнікаў дыску згадзіўся прачытаць тыя ж самыя вершы, што ўжо чытаў 40 гадоў таму. На дыску прысутнічаюць адразу дзьве вэрсіі чытаньня яго вершаў.

Наступныя прэзэнтацыя дыску плянуецца ў Гомелі (11 красавіка), Менску (15 красавіка — філфак БДУ, Літаратурны музэй у Траецкім (21 красавіка). Падрабязьнеў пра будучыя прэзэнтацыі ў блогу Глеба Лабадзенкі. 

Кошт кампакту ў «Акадэмкнізе» 15 000 рублёў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0598 seconds.