ПраДарожжа: Янавічы і Стралкава

Янавічы

Вясна наступае, а зь ёй надыходзіць час адкрываць новы сэзон вандровак. Расповед пра невялікія маёнткі ў вёсках Янавічы і Стралкава завяршае ПраДарожжа ў Нясьвіскі рэгіён. У першай вёсцы дагэтуль гаспадараць усе, хто на тое здольны, ператвараючы помнікі ў паліва. У другой — насуперак усяму знайшоўся прыватны ўласьнік, які нарэшце праз 70 год пачаў адбудоўваць сядзібу. Спадзяемся, тыя пяць публікацыяў, прысьвечаных знакамітаму гораду Радзівілаў і яго навакольлю, падштурхнуць вас на свае вочы спазнаць веліч і заняпад гэтых зямель.

Агляд гэтага рэгіёну ў межах аўтарскай сэкцыі Generation.bY «ПраДарожжа» мы пачалі з вандровак у Нясьвіж, Клецак і Радзівілімонты:

Янавічы — вы яшчэ тут?

У 8 кілямэтрах ад Клецку з часоў першага падзелу Рэчы Паспалітай стаіць сядзіба шляхцічаў Бжазоўскіх. Яна ёсьць цудоўным ўзорам пераходнай эпохі, у якой выразна спалучаліся барока і клясыцызм.

Янавічы
Гэтая жанчына жыве ў сядзібным доме

Апошні ўладальнік сядзібы, Эдвард Ялінскі, пакінуў яе ў 1939 годзе. З тых часоў у падзеленым на «кватэры» доме жывуць простыя людзі. Сярод насельнікаў гэтага шляхетнага дома атрымалася пабачыць толькі самотную бабулю, у якой, вядома, няма грошай на рамонт і падтрыманьне сядзібы.

Янавічы
Сядзіба ў вёсцы Янавічы перарабленая пад шматкватэрны дом

Гісторыя і сумны стан гэтага мястэчка нічым не вылучаецца сярод соцень такіх жа закінутых сядзіб сучаснай Беларусі. Хіба што ў Янавічах можна ўвачавідкі спазнаць стаўленьне беларусаў да свайго былога і, адпаведна, будучага.

Янавічы
Янавіцкая сядзіба перайшла калгасу 70 гадоў таму

Калісьці вакол сядзібнага дома было шмат гаспадарчых прыбудоў. Яны, таксама як і дом, ахоўваюцца дзяржавай, бо маюць гістарычную каштоўнасьць. Але здараецца так, што некаторыя будынкі проста зьнікаюць. Так адбылося са старым сьвіранам пачатку XIX ст., які цяперашні ўладальнік сядзібы — СПФ «Туча» РУП «Мінск Крышталь» — банальна разабраў узімку на дровы.

Янавічы
Мясцовыя жыхары на параднай алеі сядзібы

Зварот старшыні Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антона Астаповіча ў пракуратуру Менскай вобласьці нічога не зьмяніў. Праверка выявіла «адсутнасьць ведаў аб ахоўным статусе помніка» ў яго ўладальнікаў. Хаця, згодна з крымінальным кодэксам, гэтым людзям пагражала адказнасьць.

Янавічы
Унутры сядзібы

Застаецца толькі гадаць, ці паўторыць сядзібны дом лёс сьвірана?

Стралкава

У кілямэтры ад аўтастрады Слуцк — Івацэвічы стаіць маёнтак Стралкава, узьведзены ў пачатку ХХ ст. у правінцыйным нэаклясычным стылі. Пэўны час яго лёс быў падобны да лёсу іншых беларускіх сядзіб: прыход савецкай улады, засяленьне новых «кватэрантаў», камунальнае жыцьцё і паступовае разбурэньне.

Стралкава
Стралкаву пашанцавала - у яго зьявіўся гаспадар

Але нядаўна сядзібу атрымаў ва ўласнасьць новы гаспадар і заняўся яе даглядам. Дом нядрэнна захаваўся, але працы, як бачна па здымках, у новага гаспадара яшчэ шмат. Уладальнік намагаецца ўзьняць ня толькі гаспадарку, але і адрамантаваць сядзібу, надаць ёй ахайны і прыстойны выгляд.

Стралкава
Ёсьць надзея, што стралкаўская сядзіба, дзякуючы новаму гаспадару, захаваецца

Зараз сядзіба — прыклад станоўчага вырашэньня пытаньня захаваньня беларускай гістарычнай спадчыны.

Увага! Прыватная ўласнасьць!

Як даехаць

Янавічы і Радзівілімонты знаходзяцца ў 8 і 12 км. ад Клецку адпаведна. Адлегласьць паміж імі каля 2 км. З клецкага аўтавакзалу ходзяць аўтобусы, час адпраўленьня варта ўдакладніць па тэл. +375 1793 55544. Дарога зойме каля 10 хвілін. Першыя аўтобусы выходзяць ў 05:32 і ў 08:00. Зручны аўтобус для тых, хто зраньня вывучае Клецак, ідзе ў 12:40. Назад ён вяртаецца ў 15:00.

 Мапа рэгёну

мапа Нясвіжу

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

А наступнае ПраДарожжа ў Бабруйск і ваколіцы!

Аўтар фота Алесь Bezuher, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0632 seconds.