ПраДарожжа: пасьпець у Нясьвіж

 

Пакуль зь Нясьвіскага замка імкнуцца стварыць прыгожую глянцавую легенду пра неверагоднае мінулае князёў, невядомую большасьці наведвальнікаў краіны, трэба ехаць у Нясьвіж, каб пабачыць яшчэ не замураваны ў тратуарную плітку Радзівілаўскі дыямэнт.

Нясьвіж жыве ў дзьвюх паралельных рэальнасьцях: беларуска-турыстычный з, бывае, замежніцка-ангельскамоўнай прыправачкай, і рэальнасьцю паўсядзённай жытухі мясцовых. Мясцовыя прасочваюцца ў гэтую рэальнасьць у выглядзе прадпрымальных школьнікаў, якія за ўзнагароду згодныя дапамагчы ўбачыць самыя каштоўныя месцы Нясьвіжу. Калі ёсьць попыт, ёсьць і прапанова.

Пабываць у Нясьвіжы і не захапіцца ім — не магчыма. Але цікаўнасьць уяўляюць ня толькі манумэнтальныя будынкі, якія маюцца ў вялікай канцэнтрацыі, але і звычайныя драўляныя дамы. Шматлікія зь іх стаяць на месцы былых пабудоў мінулых стагодзьдзяў. А пляніроўка цэнтру збольшага захаваная. Хоць і пазбаўленая сярэднявечнай утульнасьці дзякуючы крыху пафарбаваным бэтоннымі гмахам гарвыканкаму і іншых падобных устаноў.

Ратуша

У пяці хвілінах хады ад вакзалі знаходзіцца галоўная, рынкавая плошча гораду. Рынка тут даўна ўжо няма. Успамін пра яго не заасфальтаванае і не «заплітчанае» мінулае — будынак ратушы з рэшткамі гандлёвых шэрагаў. Зараз там кнігарня з нясьвіскімі сувэнірамі і сумныя гаспадарчыя крамы.


Ратуша. Аўтар фота Slaver.


Канкурэнцыя ў гандляроў сувэнірамі невялікая.

Ратушу, пабудаваную пасьля атрыманьня Магдэбурскага права ў 1586-м, адрэканструявалі нядаўна. На сьценах вісяць партрэты Радзівілаў, іх архітэктараў і іншых памятных асобаў. Таксама ў музэі выстаўленыя адбіткі існаваньня гарадзкога магістрату: судовыя справы далёкіх часоў, заканадаўчыя акты, посуд і манэты.


Заля рады ў нясьвіскай ратушы была самым яе вялікім памяшканьнем і прыамала самыя галоўныя падзеі горада.


Інтэр'еры ратушы ўражваюць.

Цудоўная акустыка ратушы і яе сьвяточная атмасфэра спрыяе заключэньням тут суботніх шлюбаў.


А нехта з супрацоўнікаў магістрату засядзеўся дапазна.

Пасьля сканчэньня афіцыйнай цырымоніі ўдзельнікі сьвята сядаюць у даўгі картэж, які пачынае кружыць па плошчы, ствараючы загадкавыя рытуальныя колы.

Яшчэ ад былой рынкавай плошчы тут застаўся так званы «Дом на рынку» (1721), вызначыць яго можна па надпісу «Бібліятэка».


Дом на рынку. Аўтар фота Slaver.

У ратушы, а таксама вакол яе, па дарозе да палацу ёсьць шмат месцаў, дзе можна папоўніць страўнік. Больш заможныя (у самой ратушы) і больш дэмакратычныя (як раз ля «Дома на рынку») знайсьці няцяжка. За ратушай знаходзіцца гатэль, дзе ўсяго да 16 000 абяцаюць месца ў дзьвюхпакаёўцы.


Традыцыйны транспарт яшчэ папулярны на вуліцах Нясвіжу.
І неабавязкова з-за колькасці турыстаў.

Бэнэдыктынкі і бэнэдыктынцы

Кляштар Бэнэдыктынак быў першым жаночым кляштарам у ВКЛ. Стаяў непадалёк яшчэ і кляштар Бэнэдыктынцаў, але ён быў зьнішчаны ў 50-х гадах ХХ ст.


Восень у Бернардынскім кляштары.

Ці хадзілі бэнэдыктынкі па вечарох да бэнэдыктынцаў, застаецца глыбокай таямніцаю. Але вось у іх нашчадкаў, сучасных беларускіх студэнтаў пэдагагічнага каледжу, што знаходзіцца акурат на месцы манастыра бэнэдыктынак, праблем вечаровых сустрэч больш няма. Усе яны вучацца разам у старых белых мэтровай таўшчыні сьценах кляштара. Туды лёгка можна трапіць у часы працы каледжу, наведаць сутарэньні і парыпець даўнім паркетам.

Зьлева ад уяздной брамы-званіцы знаходзіцца цікавы артэфакт: шыльда са словамі былога вучня каледжу (тады настаўніцкай сэмінарыі) Якуба Коласа: «Браты! Вялікая дарога чакае нас і родны край — жніво настала, працы многа — навукі семя засявай».

Вярнуўшыся да цэнтральнай плошчы, павярніце направа. Адсюль відаць Слуцкую браму — помнік архітэктуры барока канца XVI ст. Калісьці яна была часткаю гарадзкіх сьцен — уявіце цяпер іх памер. Ад брамы бярэ пачатак працяглая дамба, якая стварае вялікую Замкавую сажалку.


Слуцкая брама.

Фарны касьцёл: ад трона да труны

Касьцёл Божага цела, які быў пабудаваны ў 1593 годзе, за апошнія чатыры стагодзьдзі ніводнага разу яшчэ не перабудоўваўся.


Касьцёл Найсьвяцейшага Божага цела ў Нясьвіжы. Аўтар фота Slaver.

Аўтар праекту Джавані Марыя Бернардоні быў адным з тых, хто ў саюзе зь беларускімі майстрамі пакінуў нашчадкам помнікі сусьветнага значэньня. А ў саюзе з італьянскімі майстрамі манах езуіцкага ордэну Бернардоні пакінуў нешта большае — галоўны ордэнскі храм езуітаў Эль Джэза ў Рыме, які стаў канонам барочных храмаў на дзесяцігодзьдзі наперад. Яго нясьвіскі касьцёл вельмі блізкі да рымскага эталёну.

Прыкмета, па якой можна пазнаць касьцёл — высокая, суровага выгляду вежа данжон у гатычным стылі. Будавалі яе, па адных зьвестках, як званіцу, па іншых — як абарончае умацаваньне на выезьдзе з палацу ў горад.

У Фарным касьцёле працуе няфайная старая цётка, якая, нягледзячы на неймаверную блізкасьць да сьвятых месцаў, любіць пазлавацца. Асабліва яна злуецца і, бывае, крычыць на тых няўдачлівых турыстаў, якія прыходзяць у касьцёл пасьля службы па-за тургрупамі і хочуць залезьці ў скляпеньні касьцёлу. Для такіх наведвальнікаў прадугледжаны пяцісотрублёвыя «ахвяраваньні» ў драўляную скрынку цёткі.

У касьцёле сапраўднае царства мёртвых: зьлева ад алтара ёсьць лесьвіца, якая вядзе ў сутарэньні. У іх, авеяных скляпельным паветрам, стаяць рудыя труны князёў Радзівілаў. Большасьць трун адгароджаная ад наведвальнікаў чорнаю рашоткаю. У тым ліку і апошняя хатка заснавальніка касьцёлу Мікалая Крыштафа Сіроткі.

Але калі крыху пагуляць па незамкнёным скляпеністым калідоры, то можна трапіць у асобны пакойчык зь не агароджанымі трунамі. Яны таксама рудыя і без сумневу ня менш значныя. Але для іх ужо не знайшлося месца ў галоўнай залі. Тут веліч князёў агаляецца сапраўднай сутнасьцю незайдроснага лёсу любога сьмяротнага...

Далей у гэтым ПраДарожжы працяг вандроўкі па Нясьвіжу, а таксама Клецк, Радзівілмонты і Янавічы.


 

Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Тракелі, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Плябань, Дубрава.

Аўтары фота Алесь Bezuher, Slaver; малюнак — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.