Творчая група «Осмос» прэзэнтавала першыя DVD з сэрыі «Graffiti Live»

Першымі пабачылі сьвет дыскі з запісамі канцэртаў Neuro DubelThe UNB. Прэзэнтацыя першых DVD з сэрыі «Graffiti Live» прайшла 19 лістапада ў клюбе Graffiti. Абодва дыскі сапраўдны ўнікальныя — за ўсю 19-гадовую гісторыю Neuro Dubel і 25-гадовы музычны стаж The UNB — гэта першыя дыскі з запісамі жывых выступаў гуртоў.

На прэзэнтацыі кіраўнік «Осмос» Паша Юрцэвіч тлумачыў, хто сапраўдны герой дыскаў, а Аляксандар Кульлінковіч узгадваў, зь якой тэмпэратурай выступаў на запісаным канцэрце, распавядаў показкі і тлумачыў, што значыць Neuro Dubel без другога вакаліста Юры Навумава.

Павал Юрцэвіч, студыя «Осмос» 

Творчая група «Осмос» паўстала ў 2003 годзе з былых удзельнікаў вядомага на пачатку 90-х гадоў менскага гурта Ы.Ы.Ы. У яе ўваходзяць Павал Юрцэвіч, Ігар Плевін, а таксама Андрэй Акатаў і Ўлад Някрасаў. Першы праект суполкі — альбом рэміксаў на галоўныя гіты гурта Neuro Dubel, што выйшаў пад назвай «Коміксы». У далейшым на студыі «Осмос» каманда Аляксандра Кульлінковіча запісвала свае новыя дыскі Tanki, Stasi. Тут жа запісваліся ўдзельнікі складанак «Прэм’ер Тузін», «Басовішча», «НезалежныЯ», а таксама праект «Беларускія народныя казкі» і нават агучваўся беларускі пераклад фільму «Чорная котка, белы кот» Эміра Кустурыцы. У 2008-м творчая група «Осмос» распачала сэрыю DVD з запісамі выступаў самых цікавых прадстаўнікоў беларускага андэграўнду ды працягнула традыцыю выданьня песень канкурсантаў і ўдзельнікаў самага буйнога беларускага фэсту «Басовішча».

Здымаць канцэрты ў менскім клюбе Graffiti адмыслоўцы з «Осмос» пачалі даўна, але на сёньня праекты «накапіліся, і прыйшло разуменьне, што выпускаць трэба зараз ці ніколі».

«У нас была мэта зьняць менавіта звычайны канцэрт — той, на які нехта не патрапіў, а цяпер зможа паставіць dvd і атрымаць асалоду. Гэта быў нават своеасаблівы ход — музыкі пра здымкі папярэджваліся літаральна ў апошні момант», — распавядае кіраўнік творчай суполкі «Осмос» Паша Юрцэвіч.

Кульлінковіч: «У „Графіці“ меней месца для катаньня па сцэне, але душы болей»

Аляксандар Кульлінковіч

У гісторыі рок-каралей Neuro Dubel гэта першы дыск з відэазапісам жывога канцэрту — на DVD канцэрт гурта ў лістападзе 2007 году. Але здымкі не прайшлі так гладка — музыкі моцна пахварэлі, таму сам канцэрт Аляксандар Кульлінковіч памятае цьмяна:

«Мы там з страшнымі тэмпэратурамі, пазаражалі грыпам палову залі. Былі цьвярозыя як „шкло“, а калі паглядзеў відэа — як быццам п’яныя. Мне падаецца, гэта быў адзін з самых цяжкіх нашых канцэртаў, бо ўсё было як у тумане. Але мне заўжды падабаюцца выступы ў „Графіці“, бо там вельмі жывая атмасфэра. Хоць Графіці — маленькі зальчык і не прыстасаваны для здымак, але пры праглядзе відэа з такіх заляў уражаньняў значна болей, чым з той жа к/з Менск. У „Графіці“ меней месца для катаньня па сцэне, але душы болей».

Прыхільнікі Neuro Dubel заўважаць, што на запісаным канцэрце гурта няма эпатажнага бэк-вакаліста Юры Навумава. Гурт некалькі год граў безь Юры й гэты канцэрт якраз прыпаў на той час. Кульлінковіч кажа, што нічога «крамольнага» у гэтым няма і адзначае Навумава як «дзіўнага чалавека» ў складзе гурта: калі ён ёсьць — усё проста супэр, калі яго няма — горш не становіцца, але няма пэўнай разынкі:

«Гэта як ў той показцы: у горадзе зьявіліся падробныя елкавыя цацкі, яны з выгляду як сапраўдныя, але той радасьці ўжо не прыносяць:) Neuro Dubel без Юры — гэта той жа Neuro Dubel, але камусьці можа той радасьці не прыносіць, прыносіць іншую».

Юра Навумаў з гэтага году зноў у дзюбялёўскіх шэрагах. Пабачыць і паслухаць гурт у поўным складзе, і адчуць на сабе адлюстраваную ў прэзэнтаваных дысках душэўную атмасфэру Graffiti можна будзе 1 сьнежня. Neuro Dubel даволі рэгулярна робіць там свае сольныя выступы.

У дыскаграфіі The UNB, які не адрозьніваецца частымі канцэртамі, 103 пункты (!)

Другі дыск з новай канцэртнай сэрыі Graffiti Live — гурт The UNB, які зьяўляецца адным з самых старэйшых у краіне й сьвяткуе сёлета сваё 25-годзьдзе. The UNB можна назваць беларускімі рэкардсмэнамі ў выпуску альбомаў — у іхняй дыскаграфіі 103 пункты.

«Проста ўжывую мы амаль ня выступаем. У лепшым выпадку за 25 год мы далі 20 канцэртаў», — распавядае лідэр гурта Зьміцер Дольнік.

Тым больш выхад канцэртнага DVD The UNB можна лічыць удачай. Сам гурт рыхтуецца да будучага канцэрту ў Graffiti 13 сьнежня.

Герой усёй сэрыі DVD культавы менскі клюб Graffiti

«Уся гэтая сэрыя задумвалася як папулярызацыя клюба Graffiti, то бок у дадзенай сэрыі ня столькі музыкі галоўныя героі дыску, колькі сам клюб. Музыкі — галоўныя героі кожнага асобнага дыску, а вось усёй сэрыі — Graffiti», — тлумачыць Паша Юрцэвіч.

Аляксандар Кульлінковіч адразу прапанаваў ідэю на будучыню — здымаць для такіх відэа яшчэ кадры да канцэрту й пасьля — тое, чаго публіка ня бачыць, але можа ўбачыць камэра. Адмыслоўцы з «Осмос» паабяцалі ўзяць ідэю на «ўзбраеньне». А ўжо хутка выйдуць новыя DVD з «Graffiti Live», у якой аўтары пастараліся адлюстраваць клюб з розных бакоў. плянуюцца відэа гуртоў «ДзеціДзяцей», Nosorogov i Organic Helicopter, Swinging Time Band і інш.

У фотаблогу Generation.bY яшчэ 16 здымкаў з прэзэнтацыі «Graffiti Live»

Аўтар фота Юра Сідун

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0638 seconds.