Жартачкі скончыліся, хлопцы! 30 верасьня ў «Гудвіне» — канцэрт ЖЖаночы дзень

Падавалася б, што аб’ядноўвае такія розныя каманды як Naka, Indra і Тарпач? Жаночы вакал? Разнастайныя ўзнагароды на конкурсах? Адзіная інфармацыйная прастора? Усё гэта так, але галоўнае ў іншым — усе гэтыя паненкі — салістка групы Naka — злая пяшчота Насьця Шпакоўская, чорная дзіва Тарпача — Вольга Самусік, незвычайны голас Indra — Вольга Андрэева, — дзяўчаты, што сабраліся сёньня ў адным канцэрце, — робяць сур’ёзны рок. Пакіньце ўбаку падлашчваньні пад Аврыл Лавін і іншыя псэўдарокавыя крыўляньні, закос пад Дора і Харры — перад вамі беларускія Фатальныя лэдзі. Жартачкі скончыліся, хлопцы.

Воля Самусік Tarpach
Воля Самусік з гуртом на фэсьце «Рок па вакацыях 2008».

Хто хоць раз чуў «Нечакана» у выкананьні Вольгі Самусік, салісткі гурта «Тарпач», больш не стане бурчэць, што панк dead. Магутны вакал гэтай далікатнай гатычнай дзівы здольны ня толькі прымусіць замоўкнуць скептыкаў, запэўніць згубіўшых веру, але і, падаецца, выклікаць з сьпірытычных далячыняў дух Сіда Вішыза, незабыўнага басіста Sex pistols, што, не сумняваемся, часамі пралятае на нашымі сьціплымі музляндшафтамі.

Воля Андрэева Indra
Вольга Андрэева з гуртом Indra на фэсьце «Басовішча-2007».

Далікатны, гульлівы, панадны голас Вольгі Андрэевай з Indra. Падавалася, ён зусім не створаны для фатальных партый, але гэта толькі бачнасьць — яго кранальная далікатнасьць і выразнасьць раптам расквечваецца незвычайнай палітрай — і ён зьвініць, чаруе, плёскаецца, чаруе, не даючы ўсумніцца ў сваёй яркасьці і сіле. Дзе ўжо тут дзявочыя песьні — гэтае гучаньне закранае зусім іншыя струны.

І, вядома ж, драйв Анастасіі Шпакоўскай, што дзейнічае як націскная хваля. Усё пачынаецца амаль няўзнак, — гэтая прыгажосьць і нізкі «аксаміт» голасу не прадказваюць сусьветных катастрофаў — як раптам музычны струмень ператвараецца ў энэргетычны шквал, электрычны шторм, супрацьстаяць якому зусім немагчыма. Адно — толькі схавацца за суседа.

Ня думайце, што гэтыя лэдзі дадуць вам расслабіцца. 30 верасьня ў клюбе «Гудвін» адбудзецца «ЖЖаночы дзень» — канцэрт, насамрэч, не абяцае нічога жаночага ў звыклым разуменьні мужчын-шавіністаў: ніякіх бледных падпяваньняў і непрафэсіяналізму. Музыка, Рок, і Дзяўчына. Нічога лішняга. Жартачкі скончыліся, хлопцы.

  • 30 верасьня, 19:00
  • Клюб Гудвін (Менск, пр-т Незалежнасьці 19)
  • Квіткі: 15 000 папярэдне, 17 000 — у дзень канцэрту
  • Даведка: 698 52 11, 772 99 39

Інфармацыя паводле прэс-рэлізу арганізатараў. Фота - Юра Сідун, Generation.bY.

14:35, 19/09/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0592 seconds.