На Марсе знойдзены лёд, а на марсіянскай глебе можна вырошчваць спаржу

Ужо месяц на Чырвонай плянэце працуе зонд Phoenix у пошуках адказу на пытаньне «ці ёсьць жыцьцё на Марсе?». Найпершай задачай зьяўляюцца пошукі вады, бо дзе вада — там жыцьцё. А апошнія вынікі хімічнага аналізу марсіянскага грунту сьведчаць, што жыцьцё там цалкам магло быць. «Жыцьцё зямнога тыпу было б шчасьлівае існаваць на гэтай глебе», — заявіў адзін з дасьледнікаў з каманды NASA.


Грунт з марсіянскай арктыкі. Выява NASA.

Адмысловы прыбор узяў з паверхні марсіянскай арктыкі кубічны сантымэтар грунту, якія пасьля быў зьмешаны са стэрыльнаю вадою, дастаўленай зь Зямлі. Аналізуючы склад атрыманай сумесі, удзельнік каманды Phoenix Сэмюэль Кунэвэс (Samuel Kounaves) заявіў, што жыцьцё зямнога тыпу было б шчасьлівае існаваць на гэтай глебе: «Вы маглі б вырошчваць тут спаржу, але не суніцы, якія любяць кіслы грунт».

Кунэвэс параўноўвае глебу марсіянскай антарктыкі з грунтам у Антарктыдзе і кажа, што выявілі на Марсе дастатковую колькасьць пажыўных рэчываў, неабходных для жыцьця. Навуковец адзначае, што найбольш уражаны падабенствам Зямлі і Марсу ў многіх аспэктах, і, найперш, у мінэралёгіі.

Знойдзеныя на Чырвонай плянэце солі дасьледнікі лічаць прыкметай мінулай вады, але асноўныя адкрыцьці яшчэ наперадзе. А аналіз дадзеных з прыбору, які праводзіць аналіз газаў, выпушчанымі ўзорамі грунту, дае ўсе падставы меркаваць, што глеба ў мінулым мела ўзаемадзеяньне з вадой. Праўда, пакуль няясна, адбылося яно ў гэтым канкрэтным раёне Марсу ці яшчэ дзе-небудзь, а грунт быў перанесены сюды пазьней зь ветрам.

Праект «Phoenix» быў запушчаны NASA ў 2002 годзе пасьля таго, як арбітальная станцыя «Адысэй» вынайшла ў палярных абласьцях Марса прыкметы звычайнага лёду. Калі пацьвердзіць думку, што на Чырвонай плянэце ёсьць вада ў вадкім стане, гэта значна ўзмацняе гіпотэзу, што на Марсе ёсьць мікрабіялягічная флёра. А значыць, магчымае жыцьцё.

У пачатку чэрвеня Phoenix знайшоў на Марсе нешта падобнае на лёд. Правеўшы дасьледаваньні, навукоўцы сьцьвярджаюць: ёсьць усе падставы лічыць, што апарат раскапаў тое, за чым ляцеў — вадзяны лёд пад слоем грунта. Найважнейшым адкрыцьцем будуць доказы, што калі-небудзь лёд на Марсе існаваў у вадкім стане. Зараз удзень тэмпэратура «паветра» вакол Phoenix праграваецца да мінус 30 градусаў па Цэльсію, а без сонца падае да мінус 80.

Гэтыя і іншыя адкрыцьці, фота з паверхні Марсу выкладаюцца на сайце NASA.­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.