Басовішча-2008: 18–19 ліпеня, без «Адборышча», вядуцца перамовы пра візы

На частыя пытаньні ў беларускім музычным асяродку «што з Басовішчам?» ужо ёсьць першыя адказы. Пра тое, якія зьмены будуць сёлета і як ідзе падрыхтоўка да буйнога штогадовага фэсту, распавядае Generation.bY старшыня БАС Радаслаў Дамброўскі.

­

 

Даты фэсту і праграма

Мінулым годам Басовішча ўпершыню ладзілася ў тры дні замест традыцыйных двух. Басовішча-2008 пройдзе 18-19 ліпеня ў мястэчку Гарадок (Польшча, недалёка ад беларускай мяжы). Сёлета арганізатары фэсту таксама раяць плянаваць і 17-е ліпеня. Праўда, як тлумачыць Generation.bY Радаслаў Дамброўскі: «З трэцім днём як і ў мінулым годзе „вырашыцца ў апошні момант“ — мабыць, 23 траўня, бо зараз ідуць перамовы з адным са стратэгічных спонсараў».

Што да праграмы фэстывалю і запрошаных гуртоў, то традыцыйна гледачы пабачаць легендаў беларускага року, пераможцаў ранейшых Басовішчаў і замежных гасьцей.

«Размовы з ўдзельнікамі фэстывалю ўжо вяліся і вядуцца надалей, тут таксама шмат залежыць ад таго, колькі дзён будзе праводзіцца Басовішча 2008. Запрашаюцца гурты з Польшчы, БеларусіУкраіны».

Што да часавых зьменаў, то сёлета жыхары намётавага гарадка фэстывалю могуць не хвалявацца, што датрымаюцца чакаць хэдлайнэраў. З просьбаў мясцовых уладаў Гарадка, заканчэньне выступаў на Басовішчы будзе а першай гадзіне ночы. А завяршаць канцэртныя дні будуць дыджэі ды кіно.

Візавае пытаньне

У зьвязку з уступленьнем Польшчы ў шэнген вядома зьмяніўся рэжым і працэдуры выдачы візаў грамадзянам Беларусі.

«Гэтае пытаньне мы пачалі высьвятляць у пачатку году, ёсьць абяцаньні намесьніка старшыні камісіі замежных спраў польскага парляманту спадара Робэрта Тышкевіча, што праблемаў з афармленьнем бясплатных візаў выступоўцам фэстывалю ня будзе. Калі ідзе гаворка пра гледачоў з РБ, таксама вядзем перамовы з адпаведнымі ўстановамі, каб палегчыць рэжым выданьня візаў на Басовішча».

Але, як паказвае досьвед, афармленьне візы на фэстываль лепей не адкладаць на апошні дзень, а спрабаваць падаваць дакуманты ўжо зараз. Два гады таму польская амбасада дапамагла 300-ам гледачаў фэсту аформіць візы па-за чаргой. Сёлета пакуль такой дамовы няма, таму лепей пасьпяшацца самастойна.

«Сёлета ня будзе Адборышча — будзе адборачны канцэрт»

Слова «адборышча» за два гады добра ўжылося ў беларускую лексыку. Упершыню адборачны канцэрт на фэстываль «Басовішча» быў названы як «Адборышча» у 2006 годзе. Фактычна, Адборышча стала музычнай падзеяй перад фэстывалем Басовішча. Мінулым годам, аднак, адборачны канцэрт прайшоў ня так гучна, хоць і называўся  «Адборышча-2007». Сёлета ж, як адзначыў Generation.bY Радэк Дамброўскі «няма Адборышча»:

«Ня робім асобнага мерапрыемства. Я схіляюся да таго, каб яго [назоў] не выкарыстоўваць, калі не надаецца канцэрту асаблівага значэньня і ўвагі».

Такім чынам, сёлета адбудзецца адборачны канцэрт. Сёньня стартуе збор заявак сярод маладых гуртоў — таксама са зьменамі (правілы падачы заявак). Збор заявак на конкурсную частку працягнецца з 15 траўня па 1 чэрвеня, а 6 чэрвеня мусіць быць вядомы сьпіс гуртоў, што прымуць удзел непасрэдна ў конкурснай частцы Басовішча-2008.

Зь беларускага боку дапамагаюць у арганізацыі фэстывалю: Generation.bY — рэклямная і інфармацыйная падтрымка «Басовішча», Тузін Гітоў — збор заявак на конкурсную частку і інфармацыйная падтрымка, БМА — правядзеньне адборачнага канцэрту ў Беларусі. Крытэры адбору і склад журы ў Беларусі таксама фармуюцца БАСам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.