Чылійская паліцыя затрымала каля 250 студэнтаў

Паліцыя Чылі выкарыстала сьлезацечны газ і вадамёты для разгону студэнцкіх дэманстрацыяў, што прайшлі ўчора ў Сант’яга і іншых гарадох краіны. Тысячы студэнтаў і школьнікаў гэтай краіны Паўднёвай Амэрыкі працягваюць ладзіць акцыі ў падтрымку рэформы сыстэмы адукацыі.

­

Па інфармацыі паліцыі, у Сант’яга дазволеныя акцыі мелі мірны характар, а паліцыя пайшла на сутыкненьне толькі пасьля таго, як школьнікі і студэнты паспрабавалі пайсьці па няўзгодненым з уладамі маршруце. Супраць дэманстрантаў ужылі вадамёты і сьлезацечны газ.

Галоўнае патрабаваньне навучэнцаў заключаецца ў скасаваньні дагэтуль дзейснага Арганічнага канстытуцыйнага закону аб адукацыі, які быў уведзены ў Чылі ў апошнія гады кіраваньня Аўгуста Піначэта. Згодна гэтаму закону фінансаваньне бясплатных навучальных установаў было перададзена мясцовым органам улады, што прывяло да моцнага разрыву ў якасьці адукацыі ў прыватных і дзяржаўных школах.

Студэнцкія хваляваньні распачаліся яшчэ ў чэрвені 2006 году, калі па ўсёй краіне прайшлі масавыя маніфэстацыі. Тады ў акцыях узялі ўдзел каля мільёну школьнікаў і студэнтаў. Ладзілася таксама шмат крэатыўных і правакацыйных імпрэзаў. Да прыкладу, у Валпараісо студэнты выйшлі на шэсьце цалкам без вопраткі. У выніку тых акцыяў у парлямэнт быў накіраваны законапраект аб рэформе адукацыі. Аднак ён пакуль так і застаецца не прынятым.

Уні Вера 14:15, 25/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0575 seconds.