Першыя ўражаньні Зьмітра Вайцюшкевіча ад Японіі

Учора позна ўвечары Зьміцер Вайцюшкевіч вярнуўся ў Беларусь пасьля сваёй вандроўкі ў краіну ўзыходзячага сонца, дзе ён правёў два тыдні, падчас якіх адыграў два канцэрты для японскай публікі. Generation.bY атрымалася стаць першымі, з кім Зьміцер падзяліўся сваімі ўражаньнямі. Для гэтага прыйшлося выцягнуць Зьмітра з аэрапорту ў Вене, дзе ён спыняўся на 4 гадзіны, чакаючы на рэйс да Менску.

­­

Зьміцер Вайцюшкевіч

Было гэта не складана, бо відавочна Вайцюшкевіч асоба не толькі таленавітая, але і трошку авантурная. Сустрэча праходзіла пад прыкрыцьцем спатканьня (уяўляю колькі дзяўчатаў хацелі б апынуцца на маім месцы — спатканьне з Вайцюшкевічам у цёплы вясеньні вечар у старой кавярні ў цэнтры Вены :)

Сустракаліся мы зь вядомым музыкам упершыню, хаця была і перадгісторыя, якую не абавязкова тут прыводзіць. Цікаўная ўсьмешка на яго твары зьмянілася лёгкім расчараваньнем, калі я дастала візытоўку, нататнік і асадку. «А я думаў гэта будзе сапраўднае спатканьне», — выдыхнуў ён.

Але ж калі я папрасіла Зьмітра падзяліцца яго ўражаньнямі ад вандроўкі, то ён адразу ажывіўся і доўга распавядаў, як яму спадабалася Японія. Аказваецца, спадабалася ўсё: кухня, прырода, людзі, культура, традыцыі, самі гарады.

«Я ў Токіо пабыў даволі мала. Большасьць часу мяне вазілі па краіне па розных месцах. Я быў на выспах, на беразе акіяну, бачыў сапраўдную японскую вёску, звычайную школу. Мяне заўжды вабіла прырода. А японскія пэйзажы проста неверагодныя! Таксама ўразіла наколькі блізкая людзям там гісторыя. Я быў на сямейных могілках арганізатаркі праекту. Яна ведае сваіх продкаў пачынаючы ад 8-га стагодзьдзя!!!»

Сам праект зь японцамі Зьміцер ацэньвае, як вельмі ўдалы. Абодва канцэрты прайшлі вельмі добра. Зьміцер падкрэсьліў культурніцкую істотнасьць праекту для саміх японцаў.

«Такое ж яшчэ ніхто не рабіў зь японцамі — ні немцы, ні палякі, ніхто! Для японцаў усе гэтыя эўрапейскія справы настолькі далёкія. А гэты праект зрабіў нас бліжэй».

Беларуская мова, на якой сьпяваў Вайцюшкевіч, не засталася незразумелай японцамі. І справа тут не толькі ў сіле музыкі, вакалу і акторскага майстэрства Зьмітра. Арганізатары канцэртаў падрыхтавалі пераклады на японскую, каб слухачы маглі не толькі адчуць, але і зразумець эмоцыі, адлюстраваныя ў песьнях.

«Канцэрты адрозьніваліся публікай, якая на іх прыйшла. На першым прысутнічалі пераважна сталыя і багатыя жанчынкі. Другі канцэрт адбываўся ў клюбе, адпаведна і ў залі была пераважна моладзь. Мне асабліва спадабаўся той канцэрт за клюбную атмасфэру, якая мне больш блізкая».

Але адну песьню Зьміцер усё ж прасьпяваў па-японску. Як прызнаўся артыст, сьпяваць па-японску было зусім няцяжка, слухачы яго зразумелі і некаторыя нават прасьлязіліся.

Перад ад’ездам у Японію Зьміцер хваляваўся, што японскія слухачы, якія яго ня ведаюць, ня будуць выклікаць яго на біс. Але відавочна прымалі Вайцюшкевіча там ня горш, чым на Беларусі:

«Так, яны мяне пасьля канцэрту яшчэ шмат разоў выклікалі на біс. Каб ты ведала, як гэтыя японскія дзяўчынкі на мяне вешаліся ў тым клюбе пасьля! Але ж я трымаўся. Усё ж замежны артыст!»

«Вандроўка натхніла цябе на стварэньне чагосьці новага?»

«Мне трэба трохі больш часу, каб усё гэта па-даросламу пераварыць у сабе».

Напрыканцы размовы Зьміцер, уражаны Японіяй, зрабіў кароткі зварот да Беларусі праз Generation.by:

Скончыўшы каву і афіцыйную частку інтэрвію, мы правялі астатні час як і трэба для спатканьня: са шпацырам па асьветленай ліхтарамі Вене, кветкамі, рамантычным відам на Опэру і інтрыгай растаньня, калі Зьміцер ледзь не прапусьціў апошні цягнік у аэрапорт. Калі шчыра, мне хацелася, каб і гэты горад Зьмітра ўразіў і натхніў на новы культурніцкі праект у будучыні. А пакуль ён рыхтуе свой штогадовы падарунак для беларускіх жанчынаў — канцэрт 8-га сакавіка ў Менску.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.06 seconds.