«Валянцінаўская Крамбамбуля» для закаханых у жыцьцё

Валянцінаўская Крамбамбуля 

Сувязі вырашаюць усё — вось і скарысталіся сваім добрым знаёмствам са Сьвятым Валянцінам крамбамбульцы, запрасіўшы яго на сьвяточны канцэрт 14 лютага. Ён, дарэчы, аказаўся моцна падобным да Віктара Шалкевіча. Пакуль Валянцін разаграваў пачуцьці ў залі, на поўную моц працаваў ЗАГС: любая пара магла атрымаць пасьведчаньне за подпісам Сьвятога і яго прыгожых памочніц. ­

­­

Жадаючых пабрацца шлюбам аказалася нечакана шмат! Узорна-паказальная гаспадарка «Крамбамбуля» наступае на пяткі дзяржаве ў палітыцы «за сямейны лад жыцьця». Так, за мінулы год у Менску пабраліся шлюбам 18 716 пар. На канцэрце «Крамбамбулі» — 50 пар за якую гадзіну-паўтары і толькі таму, што скончыліся пасьведчаньні. Такімі тэмпамі, «Крамбамбулеўскі ЗАГС» замацаваў бы 5200 шлюбаў за год, ну а калі пасьведчаньнямі запасьціся і працаваць кругласуткава… І гэта пры тым, што ў 2007 афіцыйна разышлася 8 081 пара Менску. А ў Сьвятога Валянціна гэты паказчык роўны нулю — пасьведчаньне адваротнай моцы ня мае:)

 

Вянчаньне адбывалася ў рытме Лас-Вегасу — хутка, бязь лішніх словах, але з гарачымі пацалункамі маладых. Замест супрацоўніцы ЗАГСу з гучным голасам і вавілонам на галаве — «памочніцы» Валянціна ў справах сардэчных.

Вось і першая пара — Кася і Павал. Стаўшы законным мужам, Павал, аднак, з доказамі не прыпыніўся — і прызнаўся ў каханьні са сцэны. Так жа сама паступалі і іншыя закаханыя. Прычым, у пачуцьцях яны адкрываліся ня толькі сваім паловам, але і краіне, мове, нават унівэру.

Пасьля масавага вясельля, салодкіх, як каханьне, пернікаў ды чырвоных сэрцайкаў, вялікая колькасьць якіх, на дзіва, не раздражняла нерамантычнае вока, пасьля выхаду на сцэну Лявона і кампаніі дзеля выкананьня любімых гітоў, якія так доўга пачуць можна было толькі на плытах, падавалася, што сьвята ўжо ўдалося. 

Ан-не. Сюрпрызы толькі пачыналіся. «Валянцінаўская Крамбамбуля» — гэта такі кактэйль, калі і якасьцю, і колькасьцю, і ўсё роўна мала. Гэта — як каханьне, якое не перастае зьдзіўляць. 

А з кактэйлямі трэба ўважліва: бывае, што і смаката, але аніякага аздабленьня. Таму ўпрыгожвала келішкі «Папараць-кветкаю» разам зь Лявонам Маша Яр, якая сама выглядала як кветачка.

 

Рэцэпт такі: за аснову бярэцца Крамбамбуля мясцовага разьліву, вытрыманая ў сутарэньнях, правераная на карпаратывах — як і віно, з часам яна становіцца толькі лепей, — і выліваецца ў вялікі чан. 

Да асновы дадаем сьпярша жарсьці — бо менавіта зь яе і пачынаецца каханьне, ну, а потым — «Без цябе» ужо нікуды:) Нават «неба бяз Русі, бы з фільму пра вайну». Гэта адзіны з дуэтаў, які некаторыя ўжо чулі.

 

Далей дадаць трэба чагосьці дарагога такога, экзатычнага: зьяўляецца — трымайцеся — Сьвятлана Зелянкоўская. Зь мілай і клапатлівай маці ў грымёрцы на сцэне Сьвятлана пераўтвараецца ў капрызную і дзёрзкую «багіню», ля ног якой і алігархі, і «Старыя гіпаны».

 

 

Ну, а потым «Сегодня в клубе го-ря-чо!» — сапраўднага перцу ў кактэйль падсыпала Вольга Самусік. «Безалкагольнае піва» разагрэла так, што «дзевятка» проста адпачывае. Так што галоўнае не што піць, а ў якой кампаніі.

 

Як і ў віне, у «Валянцінаўскай Крамбамбулі» галоўнае — букет. І каб ноткі такія розныя былі. Пасьля правакуючай Волі Самусік — мілая Аня Хітрык. Аднак, у вобразе палкай Кармэн — разам зь Лявонам дадае да сьвяточнага напою «Тэкілы».

 

 

Ну і найлепшае спалучэньне — гэта сьмелае ды новае плюс клясыка. Сапраўдныя авацыі і запрашэньні на «біс» сарваў дуэт з опэрнай сьпявачкай Нінай Цішко. Дадаем падвойную порцыю «Грапа, к'янці і марціні». Ад такога кактэлю галава йдзе колам.

«Слухайце, уражаньні непараўнальныя! Тут было ўсё — і канцэпцыя, і супраца з таленавітымі дзяўчынамі, і супэрская работа прадусара… Варта толькі сказаць, што нарэшце быў дэкараваны клюб… І хочацца прабачыцца перад тымі, хто ня здолеў патрапіць на канцэрт. Насамрэч, мы не чакалі гэткае колькасьці людзей», — падзяліўся з Generation.by сваімі ўражаньнямі Лявон.

 

 

«Валянцінаўская Крамбамбуля» ап'яніла ўсіх без выключэньня! Больш таго, напою аказалася недастаткова — некалькі дзсяткаў людзей так і не змаглі пакаштаваць сьвяточны кактэйль. Падаецца, што і сам Лявон не чакаў такога пазытыўнага ўзьдзеяньня на арганізмы закаханых — ён ледзьве пасьпяваў мяняць вобразы, даваць інтэрвію да аўтографы. Па ўсім, «Крамбамбуля» вяртаецца на вялікія экраны — за канцэртам пільна сачылі камэры тэлеканалаў.

«Люблю ўсё, што называецца „жыцьцё“!» — менавіта з такім настроем і скончыўся Дзень Сьвятога Валянціна.

Аўтар фота Юра Сідун 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0584 seconds.