Эўрапейскія вожыкі абпаўзаюць Беларусь па пэрымэтры
Што б там ні казалі іміджмэйкеры Беларусі пра буслоў і зуброў, ісьціннанародны сымбаль нашай краіны – вожык. Колькі разоў вы кармілі яблычкам жывога зубра? Ці слухалі калі-небудзь, як тупае па бабульчынай кухні і тыцкае дзюбай у сподачак злоўлены на ноч бусьлік? То-та ж.
2000 км па лесе
Пагладзіць вожыка па калючках, раскруціць яго з мэтай паказытаць жывоцік спрабаваў, відаць, кожны. Ня кажучы ўжо пра мацернага вожыка, рытуал выкліканьня якога – абавязковы ў кожным рэспэктабельным піянэрлягеры. Але будзьце асьцярожныя, папярэджвае Аляксандар Саварын (па-свойску – Сан Саныч). Вожык, калі яго раззлаваць, можа ня толькі падрапаць вас голкамі, але і балюча пакусаць. Дзякуючы Сан Санычу, беларускі цэнтар вожыкалёгіі апошнія 13 год – гэта Гомель і яго ваколіцы.
Аляксандар Саварын, выкладчык катэдры экалёгіі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францыска Скарыны, увосень 2007 абараняе кандыдацкую дысэртацыю. Тэма: «Таксанамічная прыналежнасьць і біялягічная характарыстыка вожыкаў паўднёвага ўсходу Беларусі».
…Мы пакідаем мяжу гораду, выходзячы на Рэчыцкую шашу. Сан Саныч сьлепавата мружыцца ад яркага сонца: на вожыкаў ён звычайна палюе ўночы. З намі – спэцыяльна навучаная знаходзіць вожыкаў аўчарка па мянушцы Райтс.
«Вожыкі часта падпаўзаюць да ўскраінаў Гомелю і бадзяюцца па вуліцах. Бяздомныя сабакі вожыкаў не кусаюць. А вось хатнія - кідаюцца на вожыкаў.»
Сабака заўважае вожыка на адлегласьці ня менш за 25 мэтраў. Калі праходзіш па лесе кілямэтар, то маеш дадзеныя пра паласу шырынёй у 50 м. Так можна падлічыць, што на адным кілямэтры квадратным лесу жыве да 50-60 вожыкаў.
«Па лесе пройдзена каля дзьвюх тысячаў кілямэтраў. Вас, напэўна, цікавіць факт, колькі праз мае рукі прайшло вожыкаў, так?» – «Так.» – «Вы зараз зьнепрытомнееце!» У актыве Сан Саныча 500 апісаных вожыкаў!
Джуніёр – электрычны вож
«Калі вы хочаце ўбачыць вожыка, лепей выходзіць на ўзьлесак. Там водзяцца як лясныя насякомыя, так і насякомыя адкрытых месцаў. Тут вожыку лягчэй харчавацца.»
Так навучае Сан Саныч, выводзячы мяне на прасеку ЛЭП. Гэта месца, дзе сёньня ўночы быў адлоўлены герой рэпартажу. Выгляд у вожыка хоць і памяты, але інтэлігентны. Ужо сам факт, што Сан Саныч адлавіў яго/яе на ЛЭП, а не на сьметніку, як многіх іншых, надае калючаму элітарнасьці.
– А гэта дзяўчынка ці хлопчык? – пытаюся я.
– Я ня ведаю. Ён жа згорнуты.
Як высьветлілася, існуе толькі адзін спосаб вызначыць пол у жывога вожыка. Але гэта – прафэсійная таямніца заолягаў. Ну што ж, я буду зваць яго/яе Джуніёр.
«Нда... худаваты вожык», – ацэньвае Сан Саныч яго/яе агульны стан.
Адна з асноўных праблемаў беларускіх вожыкаў – тое, што час размнажэньня многія зьвяркі сустракаюць фізіялягічна недаразьвітымі – вагою ўсяго 300 грамаў. Гэта мала, каб стварыць сям’ю.
Беларускія вожыкі паміраюць маладымі
«У жыцьці вожыкаў мяне найбольш цікавіць пытаньне іх сьмяротнасьці», – кажа Сан Саныч.
Каўкаскія вожыкі, як і належыць горным аксакалам, жывуць пяць гадоў і болей. Беларускія вожыкі не дажываюць, як правіла, і да трох. І не вырастаюць даўжэй за 20 сантымэтраў (даўжыня бярэцца ад кончыка носу да анальнай адтуліны). Галоўная прычына – зьмена беларускага клімату ў апошнія дзесяцігодзьдзі. У кастрычніку, калі вожык западае ў сьпячку, сьнегу ў нас яшчэ няма. Дождж і холад забіваюць вожыка.
Другая прычына сьмяротнасьці вожыкаў – шматлікія інфэкцыі. Трэцяя – паталёгіі чэрапу, выкліканыя кепскай экалягічнай сытуацыяй. Сан Саныч дасьледаваў вожыкаў, што нарадзіліся на гомельскай гарадзкой звалцы:
«Уявіце звалку вышынёй у 20 мэтраў, у якой – тоны сьмецьця. Звалка адгарожаная ад лесу насыпам. Насып размываецца дажджамі, хімія зь цьвёрдых бытавых адкідаў вымываецца ў грунт і трапляе ў ежу. У вожыкаў, што жывуць вакол сьметніка, частата некаторых паталёгіяў павялічваецца ў некалькі разоў, прычым зьмены чэрапу пачынаюцца ў раньнім узросьце.»
Чацьвертая прычына вожыкавай сьмяротнасьці – траўматызм на дарогах.
«Дзясяткі тысяч вожыкаў гінуць за год у Беларусі пад коламі аўтамабіляў», – шакуе Сан Саныч.
Найбольш актыўныя вожыкі (гэта, у асноўным, самцы) накіроўваюцца ў пошуках лепшага лёсу на іншы бок трасы. І гінуць, зьбітыя машынай. Але іх целы яшчэ могуць паслужыць навуцы. Уночы Сан Саныч выходзіць на аўтатрасу і падбірае загінулых вожыкаў.
Міты пра вожыка
Тое, што пішуць у кніжках пра вожыкаў, – часта, мякка кажучы, міты.
МІТ 1: Вожыкі наколваюць яблыкі і грыбы на голкі
Сан Саныч: «Пару год таму я прайшоў некалькі кілямэтраў па пладовым садзе з мэтай знайсьці хаця б аднаго вожыка зь яблыкам на сьпіне. І нічога. Гэта народная легенда».
МІТ 2: Пасьля Чарнобылю па Палесьсі распаўзьліся лысыя вожыкі
Сан Саныч: «Вожыкі-альбіносы і вожыкі-мутанты – зьява ў прыродзе вельмі рэдкая. Гэта зьмены на генэтычным узроўні і з аварыяй на ЧАЭС ніяк не зьвязаныя. Мне такія не сустракаліся».
МІТ 3: Вожыкі ловяць і ядуць мышак і ў хатніх умовах могуць замяніць котку.
Сан Саныч: «Асноўная ежа беларускіх вожыкаў – жужалi і дажджавыя чарвякі. А паколькі жужалі і чарвякі – карысныя істоты, то бясшкоднасьць вожыка для прыроды не такая ўжо і бясспрэчная. Ён можа харчавацца яйкамі птушак, якія гняздуюць на зямлі. Мышак вожык ня есьць: ён іх проста не дагоніць».
МІТ 4: Усе вожыкі аднолькавыя
У Беларусі навукова даказанае існаваньне толькі аднаго віду вожыкаў – вожыка белагрудага (Erinaceus concolor Martin). А вось у Эўропе больш распаўсюджаны вожык звычайны, ён жа – эўрапейскі (Erinaceus europaeus L.). Наяўнасьць яго ў Беларусі – пакуль што гіпотэза. Калі верыць мапе арэалу, зробленай Сан Санычам, эўрапейскія вожыкі літаральна абыходзяць Беларусь па пэрымэтры, групуючыся на поўначы – у Латвіі і Расеі.
(с) тэкст і фота - з мультымедыя часопісу «34» (выпуск «Рэгіёны»)