Як далёка зойдуць стасункі чалавека і робата?

У той час, як у Кітаі прыдумляюць новыя мэтады супраць «лішніх» дзяцей, у Японіі востра стаіць пытаньне імклівага зьніжэньня колькасьці насельніцтва. Гэтую праблему японцы вырашаюць не традыцыйнымі мэтадамі, як, напрыклад, прыцягненьне імігрантаў, а высокатэхналягічнымі. Робаты пакрысе займаюць усё больш істотнае месца ў жыцьці японцаў, і хутка перабяруцца з кухні ў ложак.

­

 

Існуе некалькі аспэктаў дэмаграфічнай праблемы.

Высокі ўзровень эканамічнага разьвіцьця краіны забясьпечвае высокую працягласьць жыцьця і добрае мэдычнае абслугоўваньне. Натуральна, што ніхто з гэтым змагацца ня будзе.

У той жа час, маладыя японкі ня схільныя заводзіць дзяцей. Таму Японія займае першае месца па долі людзей, старэй за 65 год, пры тым адсотак маладзейшых за 15 год тут найменшы.

Звычайна гэтая праблема вырашаецца двума напрамкамі: урад стымулюе сем’і заводзіць як мага болей дзяцей — з аднаго боку. Зь іншага — стварае спрыяльныя ўмовы для імігрантаў.

Ідэя адчыніць межы ня моцна ўсхваляецца ў традыцыйным японскім грамадзтве. Як высокатэхналягічная краіна, Японія можа дазволіць сабе канструктаваньне робатаў на ўсе выпадкі жыцьця.

Запатрабаваныя робаты паўсюль: у вытворчасьці, у хатняй гаспадарцы, у сфэры абслугоўваньня.

Ёсьць такія робаты-андроіды, што здольныя граць на скрыпачцы, вынесьці жаўнера з поля бітвы, карміць з лыжачкі састарэлых, клапаціцца пра хворых.

Пэўным чынам такія робаты могуць вырашыць частку сацыяльных праблемаў, кампэнсаваць недахоп працоўных рэсурсаў. Альбо, напрыклад, сэканоміць грошы музычных прадусараў — нашаму беларускаму Зьмітру Вайцюшкевічу падчас ягоных гастроляў у Японіі заместа Ксеніі Мінчанкі зможа падыгрываць вось такі робат.


Але як заахвоціць японак нараджаць болей? Японкі і японцы працуюць шмат і самааддана, часу на сябе не застаецца, дый у галаве адная толькі праца, да таго ж — стрэс і традыцыйная японская стрыманасьць. Як вынік, японцам ня тое што не да дзяцей, задавальненьня ад стасункаў яны не атрымоўваюць.

Японскія сацыёлягі высьветлілі, што больш за траціну сямейных параў у гэтай высокаразьвітой краіне не займаюцца сэксам.

І тут на дапамогу хутка прыйдуць робаты. Сёньня ў сэкс-шопах можна знайсьці розныя часткі «партнэра», якія дастаткова будзе сабраць разам — і атрымаецца робат, зь якім стане магчыма займацца сэксам. Ужо існуе штучная скура, розныя там сэнсары…

 

Але тут паўстаюць этычныя пытаньні: ці разглядаць сэкс з робатам як здраду, ці можна пазычаць свайго робата сябрам і гэтак далей. 

Ну як, уражвае будучыня чалавецтва? Будзем спадзявацца, што на такія распрацоўкі ў беларускай «Сыліконавай даліне» рэсурсаў ня хопіць і беларусы ўратуюцца ад дэмаграфічнай катастрофы сваімі сіламі:)

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.