Будучыня чалавецтва: на Зямлі і на Месяцы

Калі заплянаваныя на бліжэйшы час канцы сьвету зноўку сарвуцца, мы мо нават пасьпеем стаць сьведкамі таго, пра што думаць асьмельваліся толькі фантасты: арабы зьбіраюцца будаваць экагарады, у якіх ня будзе выкідаў вуглевадароду, сьмецьця і машын, а амэрыканцы тым часам плянуюць выкарыстоўваць рэсурсы Месяцу.

Бліжэйшай за скарэньне Месяцу выглядае пэрспэктыва таго, што людзі пачнуць сяліцца ў экагарадох. Праект першага экалягічнага гораду быў падрыхтаваны WWF і ўладамі Абу Дабі (сталіца Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў). Макет Масдару — так будзе называцца горад — прадставяць сёньня на Саміце ў Абу Дабі, на якім будуць разглядацца пытаньні будучыні энэргетыкі ў сусьветных межах.

Падаецца нерэальным, але калі Масдар пабудуюць, гэта будзе першы свабодны ад вуглевадароду, сьмецьця і машын горад.

 

Масдар мусіць адпавядаць дзесяці прынцыпам, закладзеным у праграме «One Planet Living», якая ўяўляе сабой глябальную ініцыятыву WWF:

  • ніякага вуглевадароду;
  • ніякага сьмецьця;
  • экалягічны транспарт;
  • экалягічныя матэрыялы;
  • арганічныя прадукты харчаваньне;
  • эканамічнае выкарыстаньне вады;
  • захаваньне расьліннага і жывёльнага сьвету;
  • культура і спадчына;
  • здароўе і шчасьце для кожнага;
  • свабодны і справядлівы бізнэс.

Зь іншага боку, экагорад — частка Masdar Initiative, шматбаковай інвэстыцыйнай праграмы Абу Дабі, накіраванай на вынаходніцтва, разьвіцьцё і камэрцыяналізацыю крыніц энэргіі будучыні і чыстых тэхналёгіяў.

 

Масдар будзе мясьціцца ўсяго на шасьці квадратных кілямэтрах, але гэта толькі пачатак. Электраэнэргію для гораду будуць вырабляць фотаэлектрычныя панэлі. За ахаладжэньне і водазабесьпячэньне адказваць будзе сонейка — дзякуючы ягонай энэргіі горад атрымае ўсё неабходнае. Для паліву расьлін будзе выкарыстоўвацца адпрацаваная на фабрыках, што будуць выпрацоўваць альтэрнатыўную энэргію, вада.

 

Па словах Жан-Поля Жанрэно, кіраўніка WWF International’s One Planet Living initiative:

«Сёньня Абу Дабі на пачатку шляху да таго, каб стаць сусьветнай сталіцай рэвалюцыі аднаўляемых крыніцаў энэргіі. ААЭ — гэта першая краіна, якая вырабляе гідракарбон, але робіць такі істотны крок да ўстойлівага ладу жыцьця. Масдар — гэта прыклад неабходнай зьмены парадыгмы. А стратэгічнае мысьленьне ўраду Абу Дабі варта вывучаць у якасьці прыкладу глябальнага лідэрства. Мы спадзяемся, што Масдар спраўдзіць даступнасьць і прывабнасьць устойлівага разьвіцьця ва ўсіх аспэктах жыцьця: ад бізнэсу і вытворчасьці да адукацыі і побыту.»

Фундамэнт гораду пачнуць закладваць напачатку гэтага году.

Калі на Зямлі робіцца ўсё, каб перавесьці чалавецтва на шлях устойлівага разьвіцьця, прыўнесьці ў кожную сфэру чалавечага жыцьця экалягічныя тэхналёгіі, знайсьці альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі, то для касманаўтаў гэтае дзесяцігодзьдзе пройдзе пад знакам Месяцу.

 

Хаця асноўнай мэтаю ёсьць Марс, усё большая колькасьць навукоўцаў працуе над пераадольваньнем цяжкасьцяў палёту на Месяц, які, па абяцаньні Джорджа Буша, адбудзецца ў 2020. Вынікам гэтага палёту стануць базы на паўсталай аснове.

«Пабудаваць базу на Месяцу магчыма. Тэрміны залежаць ад палітычных рашэньняў ЗША, Эўропы, Расеі і Японіі, або Кітая, ці Індыі. Што тычыцца тэхнічных магчымасьцяў — яны, безумоўна, ёсьць,» — разважае над рэальнасьцю плянаў Буша плянэтоляг Гора Комацу.

Месяц, згодна Глябальнай стратэгіі NASA, — гэта ня проста разьмінка перад палётам на Марс, але і лягічны працяг разьвіцьця зямной эканомікі.

У далейшым неабходна распрацоўваць рэсурсы бліжэйшай да Зямлі касьмічнай прасторы. У якасьці прыкладаў можна прывесьці гелій і луннае шкло.

Так, запасаў гелія-3 на Месяцы хопіць на тое, каб забясьпечыць Зямлю электраэнэргіяй на тысячу год.

Луннае шкло — спалучэньне, якое сустракаецца толькі на Месяцы. Яго можна выкарыстоўваць у якасьці лёгкага і ўстойлівага да тэмпэратур будаўнічага матэрыялу.

Таксама плянуецца забясьпечваць касманаўтаў усім неабходным, выкарыстоўваючы непасрэдна рэсурсы Месяцы: дастаўка ежы, вады і кіслароду зь Зямлі вельмі дарагая.

У гэтым годзе NASA пачынае тэставаньне жылых памяшканьняў для касманаўтаў. Гэта будуць надзімальныя канструкцыі, здольныя абараніць ад радыяцыі.

На тле бясконцых жахаў пра кліматычныя зьмены і блізкі канец сьвету, гэтыя два напрамкі: экалягізацыя плянэты і засваеньне касьмічнай прасторы, — дораць надзею, што жыцьцё на Зямлі будзе працягвацца. І хто ведае, магчыма дзіцячая кніжка «Незнайка на Луне» ужо ня будзе падавацца казкаю.

 

­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1263 seconds.