Быў сэкс у космасе, не было сэксу ў космасе... Якая розьніца?

«Самай гарачаю навіною благасфэры» на мінулым тыдні стала зацемка васьмігадовай даўніны, у якой распавядалася пра сэксуальныя пазыцыі, прыдатныя для ўмоваў нулявой гравітацыі, якія вызначалі амэрыканскія і расейскія касманаўты. Нягледзячы на тое, што навіну абверглі як у NASA амаль восем год таму, так і ў расейскім Цэнтры кіраваньня палётамі, тэма сэксу ў космасе сваёй актуальнасьці не згубіла.

  

Кажуць, што навіны жывуць адзін дзень. Зацемкі мо крыху болей, пратрымаюцца пэўны час і аналітычныя артыкулы. Але большасьці з таго, што ствараюць журналісты, наканавана сысьці ў небыцьцё на наступны ж дзень. Але бываюць і выпадкі цудоўнай рэінкарнацыі.

Маленькая зацемка пра кнігу францускага аўтара Пьера Колера, у якой распавядаецца пра касьмічныя праграмы тэставаньня сэксуальных пазыцыяў ва ўмовах нулявой гравітацыі, уваскрэсла праз восем год. І больш таго, стала гітом англамоўнай, і ня толькі, благасфэры.

Гэтую вясёлую гісторыю распавёў 6 сьнежня ў сваім блогу карэспандэнт The Guardian Джон Хенлі. Тую зацемку амаль васьмігадовай даўніны выклаў на Digg карыстальнік Laurbails. Тое было 2 сьнежня. Навіна пад загалоўкам «Якія сэксуальныя позы магчымыя пры нулявой гравітацыі? NASA ведае…» адразу ж пачала набіраць балы, пасыпаліся сотні камэнтаў, крыху пахабных, але вясёлых. Спасылка на першакрыніцу і вяла да зацемкі Джона Хенлі за 2000 год.

Такім чынам, да аўторку яна пасьпела патрапіць у самыя папулярныя тэмы на сайце Guardian Unlimited. Да шостага сьнежня яе прачыталі 112 тысяч разоў. Зацемку перадрукоўвалі, некаторыя нават назвалі яе «самай гарачаю навіною блогерскай суполкі». Ніхто не зьвяртаў увагі на дату — такое часта здараецца са старымі навінамі пры перадрукоўцы.

Аднак знайшліся два наведвальнікі Digg, якія парыліся ў тэме і высьветлілі, што ў тым жа 2000 годзе, адразу пасьля выхаду кнігі Колера, NASA дала афіцыйнае абвяржэньне: ніякіх падобных праграмаў не праводзілася.

Але было ўжо позна. Забытая нават самім журналістам, гісторыя зажыла новым жыцьцём, прычым, на шырокую нагу. Праігнараваць яе не змаглі ня толькі таблоіды, але і сур’ёзныя выданьні. Напрыклад аўтарытэтны Wired, які, дарэчы, зьвярнуў увагу на, мякка кажучы, нясьвежасьць навіны, узяў камэнтар з Расеі — у Цэнтры кіраваньня палётамі, дзе таксама абверглі гэтую інфармацыю.

Але на актуальнасьць тэмы тое не паўплывала.

З таго робім дзьве высновы:

Людзей хвалюе тэма сэкса. «Ёсьць жыцьцё на Марсе, няма жыцьця на Марсе — тое навуцы не вядома…», а публіцы — не цікава. Зараз паўстаюць іншыя пытаньні. Асабліва актуальныя з пэрспэктывамі касьмічнага турызму і росту колькасьці жанчын-касманаўтак.

Па-другое, Сеціва — гэта сіла. Тут свае законы. Сапраўды істотная зьява або здарэньне можа застацца незаўважаным, а, мяркуючы па ўсяму, пісьменьніцкія здагадкі васьмігадовай даўніны — топ-навінаю. Адно маленькае слова можа выклікаць лавіну эмоцыяў і водгукаў (у кантэксьце беларускай благасфэры ня мог не ўзгадацца візыт музыкаў да Праляскоўскага, які ўжо стаў наракальным). Так што «цунамі» здараюцца ня толькі ў нашым «балоце», але і ў «акіяне» благасфэры.

Чытаем арыгінал: 

Касманаўты паспрабавалі сэкс у космасе — але ці ёсьць вынікі?

Джон Хенлі, Парыж

The Guardian, аўторак, 24 лютага 2000

Дзеля незьвязаных між сабою дасьледваньняў, якім чынам людзі змогуць пражыць гады на арбіце, амэрыканскія і расейскія касманаўты правяралі, ці магчыма займацца сэксам у космасе, — распавядаецца ў апублікаванай учора кнізе.

Пьер Колер, паважаны францускі навуковы пісьменьнік, распавядае ў сваёй «Апошняй місіі»:

«Хаця гэтая тэма ёсьць табу на «Міры» і ў NASA, але касьмічнае савакупленьне мела месца.»

«Сэкс у космасе — вельмі сур’ёзная тэма,» — запэўнівае аўтар. «Экспэрымэнты праводзяцца ў зьвязку з плянамі на будучыню аб адпраўцы на Міжнародную касьмічную станцыю, якая заменіць „Мір“, жанатых параў. Навукоўцам патрэбна ведаць, наколькі магчымыя сэксуальныя адносіны ва ўмовах адсутнасьці гравітацыі.»

Аўтар спасылаецца на сакрэтны даклад NASA па місіі шатла ў 1996. Мэтаю праекта пад кодавым назовам STS-ХХ было разьведаць, якія сэксуальныя позы прыдатныя ў атмасфэры бязважкасьці. 

Пры дапамозе кампутаровай сымуляцыі з 20 пазыцыяў былі абраныя 10 лепшых:

«Пасьля дзьве марскія сьвінкі паспрабавалі іх ва ўмовах нулявой гравітацыі. Вынікі былі запісаныя на відэа, але насілі настолькі далікатны характар, што нават NASA yбачыла вэрсію пасьля цэнзуры.»

Толькі чатыры пазыцыі былі прызнаныя магчымымі без «мэханічнай дапамогі». Шэсьць астатніх патрабавалі адмысловых элястычных папруг і пнэўманічных тунэляў кшталту спальных мяхоў.

Як кажа спадар Колер, «Адной з прынцыповых высноваў стала тое, што місіянэрская поза, такая простая на Зямлі, калі гравітацыя цягне ўніз, у космасе проста немагчымая.»

­

SlaDa 12:27, 11/12/2007 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0772 seconds.