Выстава творчасьці бяздомных людзей працуе ў Маскве

Ад пачатку лістапада ў маскоўскім Музэі творчасьці аўтсайдэраў адкрылася незвычайная выстава творчасьці бяздомных людзей — «Мастак без нагоды». На ёй прадстаўленыя 110 карцін 70 аўтараў.

­ ­

Як ні дзіва, працы людзей са складаным лёсам ня скрозь насычаныя цёмнымі і бязрадаснымі колерамі. У сваіх малюнках тыя, хто апынуўся па-за межамі грамадзтва, адлюстравалі ня толькі свае беды і страхі, а яшчэ і надзею, свой прыдуманы сьвет.

«Гэтыя людзі не знаёмыя з мастацкаю практыкай, не кіруюцца традыцыямі — яны проста малююць. Без нагоды і выніку. Мяркую, што перад намі самавыражэньне, незацямнёнае разважаньнямі пра ідэю і стылістыку. Бяздомныя несьвядома прамаўляюць праблемы соцыюму, свае асабістыя перажываньні і ўсё, што займае іх на дадзены момант», — так бачыць выставу аўтарка яе мастацкай канцэпцыі Іна Плятнёва.

Аўтары прадстаўленых працаў знайшлі сабе часовы прытулак: усе яны знаходзяцца ў гасьцініцы для бяздомных «Марфіна» на паўднёвым усходзе Масквы. На пэўны тэрмін у іх ёсьць дах над галавой, ежа, адзеньне. Супрацоўнікі гасьцініцы шукаюць ім працу, псыхолягі дапамагаюць знайсьці згоду з сабой.

 

На адкрыцьцё выставы наважыўся прыйсьці толькі адзін аўтар. Пакуль Кірыл служыў у войску, у яго памерла маці. Потым ён ажаніўся, кватэру аформіў на жонку. Неўзабаве, здрадзіўшы мужу, яна забрала кватэру сабе, а Кірыл апынуўся на вуліцы. Даволі тыповая сытуацыя. Але гасьцям і журналістам Кірыл распавядаў зусім іншую гісторыю.

«Большасьць бяздомных насамрэч жыве ў сьвеце, які яны прыдумалі самі», — распавядае дырэктарка дабрачыннай арганізацыі «Агапэ» Марына Пермінава. «Для іх так прасьцей і зручней. Многія ж сьвядома бягуць ад рэчаіснасьці. Таму што яна надта жорсткая.»

Музэй творчасьці аўтсайдэраў адчыніўся ў 1996 дзеля таго, каб фізычна пазначыць у прасторы мастацкага жыцьця месца, дзе маглі б зьлівацца творы мастакоў-аўтсайдэраў, і дзеля сыстэматычнай працы з сабраным матэрыялам.

Паўстала ідэя музэю з калекцыі Гуманітарнага цэнтру, што ўзьнік яшчэ ў 1989. У калекцыі болей чым тысяча твораў, зьбіралася яна 12 год. Першапачаткова аснову яе склалі працы псыхічнахворых мастакоў, аднак на дадзены момант калекцыя прадстаўленая 4 тысячамі экспанатаў, якія сабраныя ў некалькі разьдзелаў: Мастацтва аўтсайдэраў, «Новая выдумка», Наіўнае мастацтва, псыхапаталягічная экспрэсія.

Фота з OutsiderArt­ ­

­­
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0642 seconds.