Рэктара БарДУ «адмазалі»

Былому выкладчыку Баранавіцкага ўнівэрсытэта Анатолю Архіпавічу не ўдалося выйграць суд у рэктара БарДУ Васіля Качуркі. Замест апошняга 15 жніўня на судовае разьбіральніцтва прыйшлі два юрыста з унівэра і выказалі былому выкладчыку сваё «фе».

Нагадаю, што гэтым летам з Анатолем Архіпавічам кіраўніцтва БарДУ не працягнула кантракт, а пры звальненьні не дало нават кампэнсацыі за адпачынак, што павінен быў быць у выкладчыка ў жніўні.

Вось пакрыўджаны 60-гадовы Анатоль Архіпавіч і падаў на рэктара Васіля Качурку ў суд. Акрамя пазбаўленага адпачынка ён закінуў свайму былому начальніку і адсутнасьць у яго працоўнай кніжцы запісу аб павышэньні кваліфікацыі.

Як расказаў мне пару гадзін таму па тэлефоне сам Архіпавіч, судзьдзя выслухваў абодва бакі недзе з паўгадзіны і пасьля невялікага перапынку абвесьціў пастанову суда: за няўнесены ў працоўную кніжку запіс заплаціць экс-выкладчыку лёгікі БарДУ 100 тыс. рублёў, а яго патрабаваньні наконт адпачынка прызнаць неправамоцнымі. Анатоль Архіпавіч рашэньнем суда не задаволены і будзе яго абскарджваць на абласным узроўні.

У прынцыпе ўсе адбылося так, як і прадказваў стары выкладчык. Маўляў, у рэктара ёсць «падвязкі» са старшынёй гарадскога суда і таму яму нічога не страшна.

Я не надта разьбіраюся ў юрыдычных тонкасцях, таму цяжка сказаць, на чыім баку была праўда. З упэўненасьцю можна толькі сьцьвярджаць, што Баранавіцкі ўнівэрсытэт у чарговы раз пацьвердзіў сваю рэпутацыю скандальнай і нізкапрафэсійнай навучальнай установы.

Можна толькі ўяўляць, якія стасункі паміж людзьмі унутры ўнівэра, калі яго кіраўніцтва вырашыла звольніць аднаго з нешматлікіх унутры сценаў БарДУ кандыдатаў навук.

Ruslik, pozirk.org

10:20, 16/08/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.