ЭГУ абвяргае заявы дзяржаўных СМІ пра палітызаванасьць унівэрсытэта

Эўрапейскі Гуманітарны Ўнівэрсытэт распаўсюдзіў прэс-рэліз, у якім адзначае, што на мінулым тыдні афіцыйныя беларускія СМІ пачалі чарговую кампанію па дыскрэдытацыі ЭГУ.

­

8 чэрвеня на стужцы Беларускага тэлеграфнага агенцтва (БЕЛТА) быў разьмешчаны прэтэнцыёзны матэрыял пад назвай "Политпромывочный ВУЗ" за подпісам журналіста Ў.Ловгача. Не адпаведныя рэчаіснасьці факты, прыведзеныя БЕЛТА, ужо праз некалькі дзён (11 чэрвеня) былі рэтрансляваныя ў праграме "Радиофакт" першага канала беларускага радыё.

Прэс-служба ЭГУ паведамляе, што ёй з пэўных крыніц стала вядома, што рыхтуецца сэрыя аналягічных дыскрэдытуючых ЭГУ матэрыялаў у іншых падкантрольных беларускім уладам СМІ.

У згаданым матэрыяле дапушчаны шэраг наўмысных скажэньняў фактаў. У прыватнасьці, прыводзіцца загадзя ілжывая інфармацыя аб прычынах зачыненьня унівэрсытэта ў Менску, статуце ЭГУ у Літве і прызнаньні яго дыплёмаў, выказваецца бяздоказны тэзіс аб падрыхтоўцы ў ЭГУ актывістаў радыкальных палітычных арганізацый.

У рэальнасьці зачыненьне ЭГУ ў Менску адбылося з-за прыхільнасьці унівэрсытэта фундамэнтальным прынцыпам акадэмічных свабодаў і адмовы прытрымлівацца ідэалягічным разнарадкам улады.

Так, на сустрэчы са студэнтамі Брэсцкага дзяржаўнага унівэрсытэта ў верасьні 2004 г. А.Лукашэнка наўпрост заявіў:

"Но была и неявная, главная задумка – подготовить здесь, в Беларуси, в Европейском гуманитарном университете, прежде всего, новую белорусскую элиту, которая должна была бы со временем привести Беларусь на Запад.

Получилось, что западники в центре Минска готовят будущих руководителей, элиту. А как же остальные белорусские вузы - брестские, витебские, гомельские, могилевские, не говоря уже о ведущих минских? Они кого готовят – слуг, рабов для этой самой элиты?

Итог – власть вынуждена была лишить лицензии Европейский гуманитарный университет. Сейчас они рассматривают вопрос о введении санкций против министра образования – не пускать его в Европу, закрыть въезд и так далее. Ну, это мы уже проходили. Они против такого боролись, когда мы от них были закрыты в Советском Союзе и никого сюда не пускали. Сейчас они сами используют точно такую же тактику. А причем здесь министр? Это решение вынашивалось несколько лет. Их предупреждали, что в этом вузе должны готовить студентов так же, как в Бресте и Минске. Раз нет, тогда нам такой вуз не нужен. "

У 2005 г., дзякуючы падтрымцы міжнароднай супольнасьці, ЭГУ быў ізноў адчынены ў Вільні.

Па меркаваньні адміністрацыі унівэрсытэта, прычынай новага этапу інфармацыйнай вайны супраць ЭГУ сталі пасьпяховы пачатак прыёмнай кампаніі і імкненьне беларускіх уладаў усімі даступнымі сродкамі запалохаць абітурыентаў ЭГУ і іх бацькоў.

“Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт - гэта перш за ўсё адукацыйны, а не палітычны праект, які адрозьніваецца ад іншых беларускіх ВНУ свабодай ад ідэалягічнага кантролю. Менавіта таму ў Міжнародны камітэт падтрымкі ЭГУ уваходзяць прэзыдэнты і рэктары такіх сусьветна вядомых унівэрсытэтаў, як Гарвардзкі унівэрсытэт, Калумбійскі унівэрсытэт, Чыкагскі ўнівэрсытэт, Лёнданская школа эканомікі, Масачусэцкі тэхналягічны інстытут і інш.” – піша прэс-служба ўнівэрсытэта.

Пастановай Урада Літвы ад 22 лютага 2006 г. ЭГУ афіцыйна зарэгістраваны ў якасьці 22 літоўскага унівэрсытэта. Усе праграмы ЭГУ прайшлі экспэртызу Нацыянальнага цэнтра кантролю якасьці і атрымалі рэгістрацыю ў Міністэрстве асьветы і навукі Літвы, што можа быць пацьверджана адпаведнымі афіцыйнымі дакумэнтамі. Дыплёмы ЭГУ прызнаюцца ў Літве і Эўрапейскім Саюзе, а дадаткі да дыплёмаў адпавядаюць стандартам Эўрапейскага Зьвязу.

Уні Вера 14:10, 15/06/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.