Беларускія навучэнцы кіраўнічых спэцыяльнасьцяў змогуць стажыравацца ў Нямеччыне

Інстытут бізнэсу і мэнэджмэнту тэхналёгій БДУ выступіць каардынатарам праграмы па падрыхтоўцы кіраўнічых кадраў беларускіх суб'ектаў гаспадараньня ў адпаведнасьці з дамовай аб супрацоўніцтве паміж Міністэрствам эканомікі Рэспублікі Беларусь і Фэдэральным міністэрствам эканомікі і тэхналёгій Фэдэратыўнай Рэспублікі Нямеччына.

Як паведамляе прэс-служба БДУ, адпаведны дакумэнт быў падпісаны ўчора ў Менску.

Беларускі бок будзе адбіраць прэтэндэнтаў, якія валодаюць неабходнымі прафэсійнымі і моўнымі ведамі, супрацоўнічаючы пры гэтым на раўнапраўнай аснове з усімі айчыннымі арганізацыямі, што прапануюць праграмы МВА (магістратура па спэцыяльнасьці "Бізнэс-адміністраваньне") альбо раўназначныя ім, забясьпечваючы усім роўныя шанцы і прадстаўніцтва усіх рэгіёнаў краіны.

З германскага боку рэалізацыя праграмы ў якасьці генэральнага мэнэджэра даручаецца таварыству «InWEnt» («Міжнароднае падвышэньне кваліфікацыі і разьвіцьцё»).

Удзельнікі гэтага праекту будуць праходзіць стажыроўкі ў Нямеччыне, уключаючы наведваньне прадпрыемстваў, удзел у спэцыялізаваных сэмінарах і практычных трэнінгах.

Фінансаваньне праграмы гатовае прадставіць Фэдэральнае міністэрства эканомікі і тэхналёгій ФРГ.

Дзеяньне дамовы разьлічана на пэрыяд з 2007 па 2009 гады.

Уні Вера 15:47, 16/05/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0586 seconds.