Ці дапамагае ў Беларусі блог пры ўладкаваньні на працу?

Замест таго, каб уважліва вычытваць анкеты ды запрашаць на інтэрвію патэнцыйных супрацоўнікаў, сучасныя працадаўцы гадзінамі сядзяць у Сеціве ды вывучаюць блогі кандыдатаў на працу ў сваіх кампаніях.

Такая сытуацыя, прынамсі, назіраецца ў ЗША, аб чым і піша online-вэрсія газэты The Wall Street Journal. Прафэсіяналы ў галіне пошука таленавітых і адказных супрацоўнікаў даўна выкарыстоўваюць Інтэрнэт для вывучэньня інфармацыі аб патэнцыйным кандыдаце ці проста для пошука кандыдата на працу. Але зараз і блогасфэра пачала вабіць працадаўцаў як інфармацыйная пляцоўка, дзе можна шмат даведацца пра сваіх будучых супрацоўніках.

І гэта можна лёгка растлумачыць: блог ці інтэрнэт-дзёньнік – гэта цудоўная магчымасьць даведацца як мага болей пра кандыдата: ад яго інтэлектуальных здольнасьцяў да захапленьняў ды рысаў характару. Зараз блогерства ператвараецца амаль у абавязковую рэч для грамадзкіх дзеячоў, прадстаўнікоў культурнага бамонду. Што ж тады казаць пра простых супрацоўнікаў ІТ-кампаніяў ці журналістаў, шмат хто зь якіх і так большую частку свайго працоўнага дня праводзіць у Сеціве? Таму працадаўцаў менавіта з гэтых сфэраў больш за ўсе будзе цікавіць ваш блог, калі вы вырашыце прапанаваць ім сваю кандыдатуру.

У 2004 годзе Курт Хопкінз атрымаў запрашэньне ад радыё на сумоўе. Але ён атрымаў адмову ад працадаўцы акурат, калі ўзыходзіў на борт самалёта, якім мусіў вылецець да працадаўцы ў Мінісоту. Прычына? Ягоны блог. За некалькі тыдняў да інтэрвію Хопкінз зрабіў некалькі запісаў у свой блог наконт каталіцкай царквы.

У той жа Амэрыцы нават простыя мэнэджэры могуць перачытаць ваш блог перад тым, як прыняць вас на працу. Ня кажучы ўжо пра спэцыялізаваных інтэрнэт-хэдхантэраў, якія толькі і робяць, што вывучаюць блог кандыдата на працу.

Блогасфэра ў нашай краіне ўжо даўна захапіла шырокія колы людзей розных узростаў і прафэсій, дзякуючы чаму Беларусь займае 13-ае месца ў сьвеце па колькасьці блогаў на адным з самых папулярных рэсурсаў для online-дзёньнікаў livejournal.com. І, як высьвятляецца, нашы працадаўцы не засталіся ў баку ад сусьветных тэндэнцый і таксама пачалі праглядаць блогі кандыдатаў на працу ў свае кампаніі. Шэф-рэдактар газэты «Наша Ніва» Андрэй Дынько дзеліцца з generation.by сваімі думкамі пра блогі і іх значэньне для працадаўцы і кандыдата:

«Мы праглядаем блогі кандыдатаў на працу ў газэце прыкладна з той  жа мэтай, дзеля чаго робіцца графалягічная экспэртыза, якая шырока распаўсюджна ў Францыі. Блог дапамагае высьветліць, ці адпавядае чалавек псыхалягічна і творча той пасадзе, на якую ён прэтэндуе. Але адмаўляць у прыняцьці на працу на падставе «неадпаведнага» інтэрнэт-дзёньніку мы ня можам. Адзінае, што параім чалавеку, шукаць працу не бугальтара, а, напрыклад, фотакарэспандэнта.»

Можа адбыцца і зусім процілеглая сытуацыя, калі працадаўца зь цікаўнасьцю чытае ваш блог, і, у выпадку ўзьнікненьня вольнага месца ў яго кампаніі, з радасьцю запросіць папулярнага блогера да сябе.

Некаторыя кампаніі пайшлі далей і пачалі запытвацца ў будучых супрацоўніках аб форумах і сайтах, на якіх яны бавяць час, каб скласьці поўны псыхалягічны партрэт чалавека, выявіць асноўныя рысы характару.

Але ня ўсе працадаўцы так прыязна ставяцца да пошука супрацоўнікаў па блогам. Генэральны дырэктар партала TUT.BY Кірыл Валошын лічыць, што блог – гэта не паказьнік.

«Чалавек можа пісаць у ім што заўгодна, – сьцьвярджае ён. – Калі прэтэндэнт на працу пазначае ўласную старонку, то мы яе ўсё роўна праглядаем. Гэта дае магчымасьць больш даведацца аб узроўні пісьменнасьці чалавека, стылі яго мысьленьня.»

Спэцыялісты сьцьвярджаюць, што зь вялікай верагоднасьцю вас усё роўна будуць «гугліць» (шукаць пра вас інфармацыю праз Google ці Яндэкс) і, такім чынам, складуць на вас дасье. А вось што ў ім будзе – цалкам залежыць ад вас, бо кожны чалавек так ці інакш пакідае свой сьлед у Сусьветным павуціньні. Таму нашмат разумней будзе самому ствараць свой імідж :).

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0666 seconds.