У ноч ваўкалака Indra прэзэнтавала альбом

Каму – пачатак вясны, каму – проста выходны дзень, а полацкім людзям – прэзэнтацыя альбому гурта Indra «Сонца вакол». Але гэта яшчэ ня ўсё... На полацкую зямлю з гэтай нагоды завіталі ня проста госьці, як гэта сьціпла казала афіша, а ГОСЬЦІ, легенда – ULIS.

Indra зьявілася ў 2003 годзе. За гэты час калектыў адыграў не адзін канцэрт і пасьпеў стаць ляўрэатам фэстываля «Рок-Кола». А сёньня гурт выпусьціў першы прафэсійны альбом. «Сонца вакол» быў запісаны на польскай студыі Rembrandt пасьля перамогі ў інтэрнэт-галасаваньні ў хіт-парадзе Эўрарадыё. 

«Ноч ваўкалака» 

Пакуль заля поўнілася гледачамі, за кулісамі разьміналіся Primus Inter Pares. Сьціплыя хлопцы... Калі выдучы Ян перабіраў словы, якімі аб’явіць Р.І.Р.віртуозы басух», «каралі чатырох струн»), Ігар проста падышоў і сказаў: «А што там... Богі!» І ўзялі яны свае інструмэнты... І палілася музыка па паветры... І адчулі яе людзі... І ўпадабалі яе... (а што сумнявацца: богі і ёсць богі).

Наступнымі былі хлопцы, якіх аб’яднала назва The Planets. Яны мелі ў пачатку некаторыя праблемы з гукам, але, пачуўшы іх музыку, можна было без пытаньняў дараваць ім ўсе недарэчнасьці: настолькі ўсё было мілагучна і прыемна, нават, можна сказаць, па-брытанску.

Далей да аўдыторыі, якая, насамрэч, нагадвала сумесь менскай і полацкай публікі, выйшлі госьці з нашага стольнага града. Імі меліся быць музыкі Рэха. Што ж... Гэтая каманда няблага разварушыла таварышаў ля сцэны, якія з задавальненнем гатовыя былі паўтараць за вакалістам адмысловую зарадачку па некалькі разоў, таму і не хацелі адпускаць Рэха са сцэны, дамогшыся такі песьні на біс.

І вось нарэшце перад вачыма натоўпу ў залі зьявіліся тыя, хто непасрэдна павінен быў у тым, што канцэрт меў месца быць – Indra. Вольга з Марынай трымаліся іміджу апошніх канцэртаў: галаву надзьмула мне :) На жаль, ня было віяланчэлісткі. Скасіў небараку ці то грып, ці то ангіна. Але непасрэдная прэзэнтацыя альбому, песьні зь якога даўно ўжо ведае мясцовая публіка, прайшла так... як і прайшла б у Indr'ы пры любым надвор’і. Нават зноў палашчылі вока мужчынскай паловы залі танцамі жывата. Далей былі словы падзякі, кветкі, зноў удзячнасць і...

На сцэну ўжо выходзіў Ulis. Што пісаць: чуць і бачыць трэба! Усе ўражаньні былі ў вачах тых, хто гэта зрабіў!.. Ulis – майстры сваёй справы (калі гэта не самае простае, што можна сказаць). Не апішаш словамі тое, як сябе адчуваеш, калі паветра разрывае «Устану ранкам»,  калі вуха адразу ловіць першыя ноты «Радыё Свабода»... «Хай я аглохну, але хачу яшчэ!»- вось тое адзінае, што гучала ў галаве пад канец выступу.

На жаль, так бывае, што ўсё (у тым ліку і канцэрт) падыходзіць да лягічнага завяршэньня. Але, між тым, усё можа мець лягічны працяг...

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0617 seconds.