У двары філфака БДУ ня будзе памятнага знака Быкаву

Па ініцыятыве краязнаўцы Анатоля Белага створаны памятны знак народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. Спадар Белы прапанаваў рэктару БДУ ўсталяваць знак у двары філфака БДУ, аднак яму было адмоўлена.

У інтэрвію БЕЛАПАН старшыня Менскага гарадзкога культурна-асьветніцкага клюба "Спадчына" Анатоль Белы паведаміў, што знак уяўляе сабою прыродны валун шэрага граніту вышынёй 2,5 мэтры з барэльефам Васіля Быкава працы беларускага скульптара Уладзіміра Мелехава. Пад барэльефам — прастакутная таблічка з тэкстам "Васіль Быкаў". Пакуль знак знаходзіцца ў двары Музэя выяўленчага мастацтва (збор Анатоля Белага) на яго радзіме ў Старых Дарогах (Менская вобласьць).

Краязнаўца прапанаваў рэктару Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Васілю Стражаву усталяваць знак у двары будынка філялягічнага факультэта, разьмешчанага ў Менску на вуліцы Карла Маркса.

"Аднак мне было адмоўлена са спасылкай на заплянаваны працяглы рамонт будынка філфака. У гэтай сытуацыі я папрасіў кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменьнікаў хадайнічаць перад уладамі аб узьвядзеньні знака на радзіме народнага пісьменьніка ў райцэнтры Вушачы Віцебскай вобласьці або жа ў Гародні, дзе працяглы час жыў і працаваў Васіль Быкаў", — распавёў А.Белы. 

Таксама ён выказаў надзею, што памятны знак з часам будзе усталяваны ў адным з гэтых населеных пунктаў.

16:05, 08/01/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.