25 сьнежня «Стары Ольса» запрашае на калядную сярэднявечную дыскатэку

Гурт сярэднявечнай музыкі «Стары Ольса» 25 сьнежня праводзіць у клюбе Арэна (вул. Талбухіна, 4) ужо стаўшую традыцыйнай, калядную сярэднявечную дыскатэку.

Сярэднявечная дыскатэка — від канцэрта сярэднявечнай музыкі, які аднаўляе усе прыкметы адпачынку нашых продкаў: старая музыка на старых інструмэнтах, танцы і шмат беларускага піва.

Музыкі адзначаюць, што аматары калектыва падзяліліся на тых, хто аддае перавагу канцэртам з сядзячымі месцамі, і тымі хто прыходзіць каб патанчыць. Менавіта для апошніх і ладзяцца сярэднявечныя дыскатэкі. Таксама гурт выдаў канцэртны альбом “Сярэднявечная дыскатэка”.

"Стары Ольса" – гурт сярэднявечнай беларускай музыкі, існуе з 1999 г., стваральнік і кіраўнік – Зьміцер Сасноўскі. Склад – 5 чал. Назва – ад ручая ў заходняй Магілёўшчыне.

У рэпэртуары – беларускія народныя баляд і ваярскія песьні, беларускія народныя танцы, творы беларускіх кампазытараў эпохі Рэнэсанса, кампазыцыі з беларускіх зборнікаў прыдворнай музыкі (“Полацкі сшытак”, “Віленскі сшытак”), беларускія канты 16 – пачатку 17 стагодзьдзяў, а таксама эўрапейскія папулярныя мэлёдыі эпохі сярэднявечча і Рэнэсанса. Гурт супрацоўнічае з многімі рыцаскімі клубамі Беларусі і Эўропы, з музэямі і дасьледчыцкімі цэнтрамі, з майстрамі старадаўніх інструмэнтаў, з гуртамі народнай, прыдворнай, духоўнай і гарадзкой старадаўняй музыкі, з асобнымі выканаўцамі на старых інструмэнтах.

Музыка гурта дазваляе аднавіць гучаньне многіх забытых інструмэнтаў. Для выкананьня выкарыстоўваюцца максымальна дакладныя (па выгляду, тэхналёгіі і сыравіне) копіі старажытных беларускіх інструмэнтаў – дуды (валынкі), ліры, гусьляў, сьвірэлі, варгана, акарыны, сурмы, берасьцяной трубы, гудка, барабана.

Мэта – найбольш поўная (па-магчымасьці) рэканструкцыя музычных традыцый Вялікага княства Літоўскага, асноўнай культурнай і геапалітычнай часткай якога ў 13-18 стагодзьдзях была Беларусь. У Вялікім княстве Літоўскім быў створаны унікальны сынтэз беларускай народнай і прыдворнай музыкі з эўрапейскімі музычнымі дасягненьнямі. Дзеля адраджэньня гэтай культурнай асаблівасьці удзельнікі гурта спалучаюць гучаньне старажытных беларускіх інструмэнтаў і агульнаэўрапейскіх сярэднявечных інструмэнтаў – лютняў, флейтаў, мандаліны, арабскага барабана.

Акрамя уласных тэатралізаваных канцэртаў, гурт выступае на фэстывалях сярэднявечнай культуры, рыцарскіх турнірах і фальклёрных фэстывалях.

Запісаны 8 альбомаў і 1 музычны праект. Музыка гурта увайшла ў 7 зборнікаў выканаўцаў старадаўніх мэлёдый.

З 2003 года распачаў працу і танцавальны склад гурта (тэатар "Яварына" - старонка "Тэатар Яварына"), які пад час выступаў знаёміць гледачоў са старадаўнімі танцавальнымі традыцыямі.

 

25 сьнежня. Клюб “Арэна” (вул. Талбухіна, 4). “Стары Ольса”.

Даведкі: 6490888, 7662425 

10:12, 20/12/2006 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0631 seconds.