За “Бабрамі” ідзе “Каза”: адкрыцьцё рок-клюбу

Праект з гучным назовам Рок-клюб “У KAZE” стартаваў у чацьвер 23 лістапада ў малой залі КЗ "Мінск". “Бабры” ў року прыжыліся, паглядзім, што будзе з “казой”. Гісторыя рок-клюбу пачалася выступамі гуртоў КЛÖНДАJК, GARADZKIJA i IQ-48. IQ48 і Каця Пытлева

Па шчырасьці, першым прыйшло ў галаву пытаньне, як магчыма сядзець пад такую музыку? Мо менавіта з такіх разважаньняў заля была няпоўнай. Але, як трапна зазначыў Саша – вакаліст IQ-48, сабраліся выключна свае, так скажам VIP.

Памятаецца колішняе зьдзіўленьне, калі вядомая вядучая Каця Пытлева пачала сьпяваць. На шчасьце, зьдзіўленьне тое было прыемным і гурт КЛÖНДАJК ужо мае сваю аўдыторыю. Атрымаўся гэтакі софт-рок. Як зазначыла сама Каця: “мы плаксівы гурт”. Таму былі ня толькі вясёлыя песенькі, але і сумныя (“Адна”).

Клёндайк 

Потым Каця неўзабаве пераўтварылася ў вядучую імпрэзы і запрасіла самы цяжкі гурт вечара – GARADZKIJA. Калі бачыш музыкаў N.R.M. у іншых праектах, падсьвядома пачынаеш параўноўваць тыя новаўтварэньні са старым-добрым N.R.M. Аднак апошнім часам GARADZKIJA актыўна сьцьвярджаюць сваю незалежнасьць. І ёсьць чым хваліцца – гурт успрымаецца як асобны і паўнавартасны праект. Піт ёсьць Піт – без камэнтароў. Прывабнае сумяшчэньне брутальнасьці і весялосьці ў творчасьці гурта безумоўна чапляе. І неяк дзіўна было сядзець у фатэльчыках і пляскаць у далоні. Піт прапаноўваў перамясьціцца ў больш клюбнае мейсца, піўка папіць… Ну а так, канешне, каўбасіла і плюшчыла пад ужо добра вядомыя аматарам "Сам Насам", "Манекены", "Карамба" ды іншыя.

GARADZKIJA

Ну і пад гучны і традыцыйны заклік “IQ-48здаровыя лосі”, на сцэну вылілася мора энэргіі і пазытыву. Публіка такі не стрымалася і пачала таньчыць. Самі хлопцы былі ў выбітнейшым настроі, якім і дзяліліся шчодра. Зрабіць вартасны здымак гурта было проста немагчыма: Саша ўвесь час скакаў і бегаў, таму наступным разам трэба будзе арыентавацца на бубнача Антона. Тэматыка, як заўсёды, кранала глябальные праблемы чалавецтва: ад засваеньня касьмічнай прасторы ("Марсіяне ўжо тут") да клянаваньня ("Зрабілі мой клён"). Не абышлося і без неўміручых пытаньняў каханьня і сьмерці ("Карыда"), ну а для тых, каго апошняе абышло – пра сэкс у сталым узросьце ("Таполі"). Тым, натуральна, не абмежавалася, было яшчэ шмат цікавага і прыемнага, але пакінем па-за кадрам, каб быў стымул наступным разам убачыць усё на ўласныя вочы. 

IQ48 

Толькі ўсе разагрэліся, як прыйшоў час разьвітвацца. Але не назаўсёды. Рок-клюб хутка ізноў запросіць ў КАZU.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0656 seconds.