Звольнены выкладчык судзіцца з пэдунівэрсытэтам

Выкладчыка Беларускага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя М.Танка Юрыя Бачышчу “папрасілі” напісаць заяву аб звальненьні з працы “па уласным жаданьні” за тое, што ён быў назіральнікам падчас прэзыдэнцкіх выбараў.

Як тлумачыць сам Юра, ён працаваў назіральнікам на адным з выбарчых участкаў. Ужо на трэці дзень ад загадчыка катэдры, на якой працаваў выкладчык, пайшлі чуткі аб ягоным звальненьні. У пятніцу перад выбарамі яго выклікалі “на размову” да дэкана, дзе доўгі час задавалі пытаньні кшталту “Ад каго?”, “Чаму?” і “Што ты там наагул рабіў?” і патлумачылі, што яму варта было б напісаць заяву з просьбаю звольніцца з працы. Праз гадзіну патэлефанавалі з катэдры і сказалі простым тэкстам: “Калі ты заяву сам не напішаш, то звольняць з працы і цябе, і загадчыка катэдры, і дэкана, і твайго навуковага кіраўніка”. На што Юры адказаў, што ня гледзячы на павагу да калегаў, нічога пісаць не зьбіраецца.

У панядзелак 20-га сакавіка, пасьля выбараў, выкладчыка-гісторыка выклікалі “на дыван” яшчэ раз. Пачуўшы яшчэ адзін раз нежаданьне маладога спэцыяліста пакінуць навучаньне студэнтаў, перад ім пачалі трэсьці дыскам. "Які я быццам бы распаўсюджваў сярод студэнтаў. Як патлумачылі, на дыску знаходзіліся матэрыялы, які зьневажаюць гонар і годнасьць дзяржавы і прэзыдэнта. Мы ўжо завялі на цябе справу з гэтай нагоды – такі быў камэнтар," распавядае Юры Бачышча.

"У аўторак я дамовіўся на сустрэчу з рэктарам, – працягвае аповед Юры, – але калі прыйшоў да яго ў прызначаны час, ён ужо быў не адзін: былі таксама прафкам, начальнік аддзелу кадраў, юрыст унівэрсытэту. Там ужо мне паказалі толькі загад аб звальненьні". 

Заўтра, 17 траўня, у судзе Маскоўскага раёну адбудзецца суд па справе Юры Бачышчы – ён падаў туды скаргу на сваё звальненьне. “Я, праўда, ня ведаю, наколькі ён будзе адкрытым і ці дапусьцяць туды журналістаў і сяброў. Але хочацца спадзявацца, што пусьцяць: будзе разьбірацца грамадзянская справа і па законе прысуд павінен быць адкрытым”, - дадаў выкладчык. Суд адбудзецца па адрэсе: праспэкт газэты “Праўда”, д. 27 у 14.15

Юры Бачышча раней працаваў выкладчыкам у БДУІР, дзе год таму спыніў працу з-за адмовы ўнівэрсытэта працягнуць зь ім дамову. Са словаў загадчыка катэдры прычынамі гэтага сталі “кепскія паводзіны выкладчыка і нежаданьне выпраўляцца”.

Сапраўднымі прычынамі звальненьня, на думку маладога выкладчыка, які на той час займаў пасаду дацэнта катэдры, сталі яго прынцыповая пазыцыя адносна дзяржаўнай ідэалёгіі, якую апошнім часам імкнуцца навязаць грамадзтву, а таксама разыходжаньне ў поглядах на гісторыю з загадчыкам катэдры і імкненьне данесьці да студэнтаў праўду пра мінулае і сучаснасьць беларусаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1003 seconds.