Конкурс на лягатып “Басовішча-2006”: тэрміны скарочаныя і абазначаны прыз

Аб’яўлены раней апошні тэрмін для прыёму эскізаў лягатыпу “Басовішча-2006” на конкурс Беларускага аб’яднаньня студэнтаў (БАС) пераносіцца на больш блізкую дату – 11 траўня. Пераможцу конкурса чакае прыз у 650 злотых (каля 200 даляраў). 

Неабходнасьць пераносу дэд-лайну конкурсу з 20 траўня, як анансавалася раней, на 11 траўня зьвязана з плянамі арганізатараў фэстывалю пачаць рэкляму адборачнага канцэрту ў Беларусі і непасрэдна самога “Басовішча-2006” раней, чым у папярэднія гады.

Як паведаміў studenty.by старшыня беластоцкага БАС Радэк Дамброўскі, арганізатары хочуць правесьці гэты фэстываль на якасна новым узроўні. Зараз фармуецца новы склад журы, які будзе ўключаць вядомых музыкаў і журналістаў. На самім Басовішчы чакаюцца цікавыя новаўвядзеньні: вядучымі фэстывалю будуць двое – хлопец і дзяўчына, а ў праграме плянуюцца конкурсы з гледачамі і шмат іншых сюрпрызаў. 

Нагадаем умовы конкурсу на лягатып “Басовішча-2006”.                                     

Лягатып на конкурс мусіць быць адаптаваны да трох відаў традыцыйнай прадукцыі на “Басовішчы”: плякат, значак, майка.

Дапускаецца пэўнае адрозьненьне выяваў на гэтых трох носьбітах, але яны мусяць быць у адным стылі. Вітаецца дасыланьне працаў у вектарным фармаце (cdr, ai, eps). 

Лягатыпы на конкурс прымаюцца да 11 траўня. Электронныя варыянты прымаюцца БАСам на адрас biuro@basowiszcza.org.

Сёлета "Басовішчу" спаўняецца 17 год. Чарговы фэстваль пройдзе 21-22 ліпеня традыцыйна ў мясцовасьці Гарадку (Польшча, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю).

"Добра было б каб лягатып, які будзе зараз зацьверджаны, быў унівэрсальным і выкарыстоўваўся на далейшых фэстывалях “Басовішча” для прамацыйных матэрыялаў і ў час паміж фэстывалямі. Штогод плякаты і майкі могуць быць розныя, але з захаваньнем агульнага стылю ў лягатыпе “Басовішча”, - адзначыў Радэк Дамброўскі.

 

Чытаць усе навіны пра "Басовішча-2006" >> 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0665 seconds.