Рэктарат БДУ прызнаў за студэнтамі права самім вырашаць, ці абзаводзіцца студэнцкімі новага ўзору

Камітэт за Студэнцкае Самакіраванне БДУ падрыхтаваў  заяву з нагоды Дня Студэнта і сытуацыі з пратэстнымі настроямі сярод студэнтаў у зьвязку з увядзеньнем новых студэнцкіх білетаў.

ЗАЯВА КАМІТЭТА ЗА СТУДЭНЦКАЕ САМАКІРАВАННЕ БДУ З НАГОДЫ ДНЯ СТУДЭНТА

У бягучым годзе міністэрства адукацыі вырашыла паставіць на нас, студэнтах Беларускага дзяржаўнага універсітэта, экспэрымент: увесьці электронныя студэнцкія білеты замест папяровых. Дазволу ў студэнтаў, безумоўна, ніхто не спытаў.

Тым, хто яшчэ не ведае, чым благія студэнцкія новага ўзору, нагадваем:

  • Яны благія тым, што празь іх зьбіраюцца наладзіць кантроль за наведваньнем студэнтамі заняткаў, за уваходам у гуртажыткі і выхадам зь іх.
  • Таксама праз новыя студэнцкія адміністрацыя ўнівэрсытэта будзе сачыць за тым, якія кнігі студэнты чытаюць, якія інтэрнэт-сайты наведваюць.
  • Праз новыя студбілеты будзе ўводзіцца патагонная "рэйтынгавая сыстэма ацэнкі ведаў".
  • Нарэшце, за асалоду быць пракантраляваным трэба будзе штогод плаціць як мінімум 7 эўра.

Ужо ў першых днях верасьня студэнты пачалі самаарганізоўвацца, каб супрацьстаяць гвалтоўнаму навязваньню непатрэбных і шкодных кавалкаў плястыку з мікрачыпамі.

Камітэт за студэнцкае самакіраваньне разгарнуў агітацыю супраць новых студэнцкіх білетаў. Шырокія студэнцкія масы байкатавалі ўвядзенне картак. Большасць атрымала іх толькі пад пагрозай нядопуска да сэсіі (чуткі аб гэтым распаўсюджваліся дэканатамі), многія ж дагэтуль ходзяць са старымі студэнцкімі.

Барацьба не была дарэмнай. Нарэшце рэктарат БДУ голасна прызнаў за студэнтамі права самім вырашаць, ці абзаводзіцца студэнцкімі новага ўзору. Адбылася гэта на сустрэчы тады яшчэ рэктара БДУ Аляксандра Казуліна са студэнтамі 17 лістапада.

Казулін заявіў, што папяровымі студэнцкімі білетамі можна карыстацца прынамсі да канца навучальнага года. Гэтай маленькай перамогай быў для нас пазначаны Дзень студэнта. Ура, таварышы!:)

Гэта яшчэ раз паказвае, што арганізаваны і неарганізаваны супраціў дае свае станоўчыя вынікі. Дык наперад, студэнт, да новых сацыяльных перамогаў! Змагайся, а ня кайся!!!

18.11.2003
Камітэт за студэнцкае самакіраванне
Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта

gameover 10:00, 23/11/2003 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0716 seconds.