Беларусы паехалі на найбуйнейшы фэст Германіі, а ў яго ўдарыла маланка: прыгоды на Rock am Ring

Літрбол і Пуцін-мазафака, Мэнсан і маланкі, шведы і рэйв, ды ўрэшце Foo Fighters як кульмінацыя: група беларускіх хлопцаў правяла чатыры дні на найбуйнейшым нямецкім фэсце Rock am Ring, што трапіў гэтым летам ў топ-навіны ўсіх стужак свету праз удар маланкі па намётавым полі, ад якога пацяпелі дзясяткі людзей. Свае прыгоды хлопцы даслалі Generation.by.

Дзень 0. Прыезд, літрбол і Пуцін-мазафака

Аўтобус высаджвае нас на пыльным пляцку зямлі збоку ад дарогі. Побач за агароджай – стаянка караванаў, на даху аднаго з іх сядзяць два хлопцы, грае музыка – адразу акунаемся ў атмасферу фестывалю. Натоўп павольна расцягваецца па дарозе, і мы рушым сярод іх. На першым павароце сумняваемся, куды ісці, тут жа мапа – але на ёй ўсё па-нямецку, людзі падзяляюцца на дзве плыні. Ідзем наўздагад і знаходзім інфа-цэнтр, там падказваюць, што тут жа збоку трэба атрымаць wristband, потым вярнуцца назад, і знаёмы нам паварот прывядзе нас да намётавага мястэчка і фестывальнага парка.

Дзіўна, але на ўсёй тэрыторыі можна знайсці інфармацыю, шыльды, мапы напісаныя ці па-ангельску, ці па-нямецку, але не адначасова на дзвюх мовах. То бок, немцам зразумела ўсё, нам – не. Увогуле, Rock am Ring не вельмі гасцінны для замежнікаў: Ад пачатку нават афіцыйны сайт і старонкі ў сацсетках вяшчалі толькі на нямецкай мове, можна было здагадацца, што тут не варта таксама чакаць поўнай моўнай падтрымкі.

Мы мінаем першы кардон паспяхова: ахова не знайшла шклянку Ягермайстра (шкляныя бутэлькі забароненыя на тэрыторыі). Намётавае мястэчка падзеленае на вуліцы: тут ёсць Abbey Road, Penny Lane, Route 66, шматлікія авеню. Галоўная вуліца – узлётная паласа, мае назву Broadway.


План мясцовасці (зоркай пазначана месца, дзе знаходзіўся наш намёт)

Наш Green кемпінг знаходзіцца на ўскрайку, напрыканцы Брадвея. Green, бо ў ім дзейнічаюць асаблівыя правілы паводзін, нельга карыстацца рэфрыжэратарамі, гукаўзмацняльнай апаратурай, трэба прыбраць за сабой смецце, з 1:00 да 7:00 захоўваць цішыню. Пасяліцца тут можна па папярэдняй рэгістрацыі. Мы не экалагічныя актывісты (хаця некаторыя спачуваюць), але ўчора вечарам прачыталі ў Facebook, што ў лагеры месца ўжо няма, ёсць толькі тут, таму і паспяшаліся зарэгістравацца.

Мы прыехалі за суткі да пачатку фэсту, а навокал ужо адна вялікая сметніца. На Брадвеі і ўздоўж валяюцца піўныя банкі, папера, пакеты, пластыкавыя бутэлькі, людзі і розны хлам. Вельмі шмат людзей, усе ўжо падпітыя, забаўляюцца, як могуць. Адразу кінулася ў вочы адна гульня – самая папулярная – мясцовы «літрбол»: дзве каманды прыблізна аднолькавай колькасці людзей (колькасць не лімітавана, галоўнае, каб усім хапіла месца) становяцца ў радок за лініямі адна насупраць другой. Кожны ўдзельнік адкрывае і ставіць каля сябе поўную бляшанку піва. Пасярэдзіне паміж камандамі стаіць мэта: бутэлька вады/пустая банка з пад піва/штосьці яшчэ. Каманды па чарзе кідаюць мячыкам (ці яго аналагам, напрыклад, яшчэ адна піўная банка) і маюць сваёй мэтай збіць цэль. Калі атрымалася, кожны ўдзельнік каманды хапае сваю банку піва і жлукціць, пакуль сапернік не усталюе цэль на месца і не занясе мяч за сваю лінію. Хто першы выпіў піва – той і перамог. Можна было адразу ж стварыць сваю зборную і гераічна адстойваць гонар краіны, але я, на жаль, ці на радасць не п'ю.

Адусюль раве музыка, адзін узмацняльнік намагаецца перакрычаць другі. Прабіраемся праз натоўп ды смецце. Ахоўнік накіроўвае нас убок – у Green-кемпінгу таксама няма месца. Персанал пашырае адведзеную тэрыторыю, адкрываюць новыя зоны па кавалках, каб рацыянальна скарыстаць прастору. Стаім ў чарзе, але не вельмі доўга. Некалькі разоў трапляем пад абстрэл з вадзяных пісталетаў, што ратуе ад спякоты. Хутка ставім намёт, пераапранаемся і ідзем бавіць час, фестываль яшчэ толькі заўтра. Амаль адразу клеяцца п'яныя немкі і частуюць хлопцаў цёплым півам. Потым просяць яшчэ піва для нас ў бліжэйшай кампаніі і тлумачаць, дзе знаходзіцца іх намёт.

Па дарозе спыняемся каля крамы з афіцыйным мерчам, праз паўгадзіны ў нас ёсць фірмовыя фестывальныя майкі. Якасць добрая, але не найлепшая: калі б не панты і памяць – хрэн бы я аддаў за майку 25 еўра.


Мерч

Вечарам, а палове на восьмую англічане з англамоўнай суполкі ў Facebook прапанавалі ўсім сустрэцца і прапусціць па піву, і, паколькі нам усё роўна няма чаго рабіць, мы вырашылі як мінімум схадзіць у разведку. Мабыць, інстынктыўна хацелася ўвайсці ў кааліцыю, каб супрацьстаяць гэтай незлічонай нямецкай зграі, як нашыя дзяды ў 41-м. Месца сустрэчы было пазначанае не дакладна: бліжэйшы бар да Лунапарка – невялічкай зоны адпачынку з колам агляду, каруселькай, жорсткім ванітоўным атракцыёнам, а-ля «ракушкі», якія круцяцца вакол усіх трох восяў, і тарзанкай на пад'ёмным кране (дарэчы, скачок каштаваў 60 еўра). Мы праверылі некалькі бараў у два бакі ад парка, але англічан не знайшлі. Я незнарок адстаў ад маіх сяброў і нечакана для сябе стаў рэжысёрам антырасійскай дакументалкі: у мяне была экшн-камера на галаве, і выпадковая кампанія пажадала «трапіць ў мой фільм». Кароткі абмен ласкамі, асацыяцыя Weißrussland (ням. «Беларусь») – Пуцін, а гэта значыць, мы яго блізкія сябры! Так, нам тут побач – зразумела, ведаем. Падышлі мае спадарожнікі і мы не ўтрымаліся, каб пакпіць крыху з новага і не вельмі цвярозага знаёмага. Пасыпалася канструктыўная крытыка«Putin motherfucker!». Высветлілася, што наш знаёмы ведае Казанціп, не любіць Вову, і разумее «Ідзі на х..». Вось такое «кіно і немцы». Заўжды прыемна паразмаўляць з цікавымі людзьмі. А англічан так і не спаткалі.


Лунапарк на гарызонце

Вынікі разведкі:

У намётавым мястэчку ёсць супермаркет Lidl, можна набыць таннай (адносна палатак з фаст-фудам) ежы: салат, сэндвіч, садавіну, а таксама напоі: сок, ваду, піва і energy drink. Ёсць усялякія дробязі. Вельмі зручна, не трэба хадзіць пару кіламетраў у горад, каб атаварыцца неабходнымі прадуктамі. Салат і сэндвіч – вось наша звыклая вячэра.

Фастфуд: каля 5€ за хот-дог, гамбургер, кавалак піццы, азіяцкія макароны. Тры еўра за кавалак піццы, якая больш нагадвае батон з кетчупам.

Напоі: піва – 4€, кока-кола – 3€, газіроўка – 2€.

Іншае: акрамя ежы ёсць палаткі з рознымі аксесуарамі (бярушы, сонечныя акуляры, завушніцы), адзежай (майкі, рамяні), даволі часта сустракаецца «Пірсінг» і «Тату». Тату, вядома часовае, але пірсінг? Тут жа антысанітарныя ўмовы!


Вечар ў мястэчку

Дзень 1. Мендзіг, панк, Мэнсан і маланкі

Ранак першага дня праводзім у горадзе – Мендзігу. Не шмат кавярняў працавалі ў 10 гадзін, а тыя, што працавалі, ужо былі поўныя людзей. Паснедалі ў супермаркеце булкай і кавай. Знайшлі выдатнае месца, каб хавацца ад спякоты – фантан у ценю ратушы, тут, каля яго, яшчэ была летняя тэраса кафэ. А ў самой ратушы – цудоўная прыбіральня: тут больш утульна, чым на фэсце – унітаз, цішыня і спакой, ёсць папера і няма ніякай чаргі. У наступныя дні я тут мыў галаву, галіўся і ўстаўляў лінзы.

Пакуль немцы спаборнічаюць ў літрболе, у нас найбольшую папулярнасць набірае забава пінаць усё, што трапляе пад ногі на Брадвеі (акрамя людзей) – мы праходзім яго амаль цалкам некалькі разоў на дзень, а да брамаў фэсту ісці хвілін 20, трэба неяк бавіць час.

Немцы крычаць «Хельга!» паўсюдна і заўсёды. Хлопец з Украіны, якога мы спаткалі на аўтобусным прыпынку па дарозе дадому, распавёў нам мясцовую легенду: некалькі гадоў таму адзін дзівак занадта многа выпіў і не заўважыў, як згубіў сваю дзяўчыну ў бязмежным натоўпе. Ён пачаў зваць яе: «Хельга!», блукаў ўсю ноч у цемры сярод намётаў і зваў. І народ падхапіў ягоны кліч: усе крычалі «Хельга!». Не ведаю, знайшоў хлопец каханую ці не, здаецца, знайшоў, але «Хельга» ўмомант стала традыцыяй. Ад таго часу ніводны фестываль не абыходзіцца без выкрыкаў гэтага імя.

Знаёмімся крыху з фестывальнай пляцоўкай, тут таксама мерч, таксама бары, пірсінг, тату і шматлікія рокерскія прыбамбасы. Стаіць жорсткая спёка і мы хутка хаваемся ў цень і адтуль слухаем першы гурт на галоўнай сцэне – Donots.

Нарэшце адчыняюць Alternatent – трэцюю па велічыні сцэну, закрытую – заходзім туды і слухаем амерыканскі пост-грандж Pop Evil, даволі прывабны, хоць і крыху папсовы.

Час ізноў выпаўзаць на сонца – распачынаюць свой выступ Bad Religion. Яны задаюць рытм на ўвесь вечар, алдскульны каліфарнійскі панк: характэрны рытм і простыя рыфы, лысаваты дзядзька ў акулярах бегае па сцэне і спявае «Fuck you!». Проста, але жыва, ёсць нейкі запал, raw power. Увогуле першы вечар на галоўнай сцэне быў багаты на панк-рок: ад Donots, Yellowcard, праз Bad Religion да Rise Against і Die Toten Hosen.

Rise Against мне расхвальвалі сябры, яле я не вельмі ўпадабаў іх выступ. Музыкі граюць моцна і якасна, ёсць цікавыя і меладычныя песні, а ёсць і такія, дзе за крыкам не адчуваеш ніякіх эмоцый. А калі твор не выклікае эмоцый, то ў ім няма ніякай каштоўнасці. Дарэчы, гэта толькі на мой густ, а я, мабыць, ужо занадта стары для гэткай музыкі.

Але яшчэ не такі стары, каб ківаць галавой пад Marilyn Manson на галёрцы. Пакуль немцы забіваюць бітком дзве фан-зоны і адрываюцца пад Die Toten Hosen, мы без цяжкасцей знаходзім вольнае месца на фан-зоне другой сцэны і чакаем вядомага шок-рокера.

Я быў настроены крыху скептычна: помніцца мінскае шоў, дзе мы назіралі стары і вялы кусок лайна, але ўсё ж ў галаве круцяцца годныя трэкі з апошняга альбома, захоўваючы надзею, што мы ўсё ж убачым «сапраўднага Мэнсана». І мы ўбачылі. Доўгае рыхтаванне сцэны, рэквізіт, які імітуе царкоўныя вітражы, дым... і панеслася. Гук, святло, голас, паводзіны – не раўня таму, што было ў Мінску ў 2012-м. Сюрпрызам былі песні з першых двух альбомаў (Lunchbox, Tourniquet), якія мы ніяк не чакалі пачуць. І яшчэ адзін сюрпрыз: у сярэдзіне канцэрта нечакана пайшоў дождж, які хутка скончыўся, але працягвалі бліскаць маланкі. Самае яркае ўражанне: Мэнсан грае Coma White – апошнюю песню – а неба над сцэнай разразаюць дзве бліскавіцы...

Як толькі шоу было скончанае пачалася моцнае залева, я здзіўляюся, што не адбылося чагосьці накшталт нашай «нямігі». Абышлося без панікі, хаця некаторыя пераскоквалі праз агароджу да бліжэйшых шатроў. Мы ўціснуліся між тэнтам і сталом палаткі з bratwurst (мясцовымі каўбаскамі), я стаяў амаль каля ўвахода і вада ракой лілася па спіне. А недзе ў намёце хаваўся ад навальніцы мой дажджавік...

Калі ўсё сціхла, а прайшло хвілін 10, мы цалкам мокрыя, акрамя сябра, што не паслухаў астатніх і прыхапіў дажджавік, пашпацыравалі ў лагер, сагравацца і спаць.

Дзень 2. Мокрыя рэчы, рускія, шведы і рэйв

Вынікі ўчарашняй ночы: намёт выстаяў некалькі хваляў навальніцы, але траціна запасу адзежы і палова запасу абутку (ўсё, што было на мне) – мокрыя. Заўтра мы прачытаем у інтэрнэце, што 33 чалавекі пацярпелі ад навальніцы на фестывалі: спачатку маланка ўдарыла за сцэнай адразу пасля Мэнсана, а праз гадзіну – у намётавы лагер. Пакуль што мы гэтага не ведаем, знешне усё выглядае нармальна, невялічкія разбурэнні там-сям, людзі, як заўсёды, падпіўшыя.

Надвор'е даволі кепскае: хмарна і халодна, здаецца, можа ізноў пайсці дождж. Наведваем душ. Ён платны, а ўваход па квітках. Стаім вялікую чаргу, але адзіночных квіткоў ужо няма, кааперуемся з двума немцамі за намі і набываем квіток на 5 разоў – заходзім па ім упяцёх. Душ, як у канцлагеры – натоўп голых мужыкоў у чэргах. Але галоўнае – гарачая вада.

Пасля ідзем у Мендзіг па сняданак, у гэты раз – яешня з беконам і гарбата. Потым – стандартныя працэдуры.

Па абедзе выглядае сонца, хоць і захоўваецца халаднаваты вецер. Наш другі канцэртны дзень распачынае Royal Republic – энергічныя і вясёлыя рок-н-рольныя шведы. Мае таварышы падагрэліся Ягермайстрам і скокнулі ў circle pit. Дарэчы, калі табе не хапае запалу, тут па танцпляцоўцы бесперапынна гойсаюць афранемцы з каністрай Becks за спінай.


У чаканні Royal Republic

Пасля мы выправіліся ізноў даследаваць тэрыторыю. Спаткалі кампанію рускіх, якія, як гэта не стэрэатыпна, былі ў дупель п'яныя і прапанавалі выпіць за сустрэчу. Хлопцы выпілі, але мне тусіць з імі не хацелася. Адным вухам я быў вымушаны слухаць п'яныя размовы, другім спрабаваў паслухаць Interpol. Неяк адвязаліся.

Настаў час павячэраць. Фестывальны фуд-корт прапанаваў bratwurst па 3€, гамбургеры па 5€, fish-and-chips па 7€ і шмат іншага. Акрамя піва 4€ кока-колы 3€ і газіроўкі 2€, кава і гарбата па 2€.

Slash feat. Myles Kennedy and the Conspirators парадавалі гітамі Guns and Roses і Velvet Revolver, але акрамя іх я нічога і не ведаю.

У Alternatent нас чакалі Blues Pills – псіхаделічны блюз-рок с жаночым вакалам – яшчэ адзін гурт са Швецыі, варты ўвагі. Пад такую музыку розум зварочваецца ў папяровы караблік і плыве ў неверагоднае падарожжа па акіяне музычных фантазій. Калі падарожжа скончылася, выйшлі L7 – прывітанне з пачатку 90-х, нястрымны драйв ад чатырох ужо немаладых, але ўсё яшчэ жвавых жанчын. Гэта быў адзін з канцэртаў, якія я прагна чакаў, таму мы падышлі амаль пад самую сцэну, але гэта было памылкай – гук у першых шэрагах горшы, амаль не чуваць вакалу. Усё адно паскакалі і засталіся задаволеныя!

Тым часам невялікая затрымка на галоўнай сцэне дазволіла нам паспець на пачатак The Prodigy. Гэтыя хлопцы задалі жару, выканалі набор правераных гітоў і «баявікоў» са свежага альбому. Святло і музыка стваралі яркае і запамінальнае шоў.

Амаль да двух гадзін ночы мы з сябрамі чакалі Enter Shikari, не вельмі ўражаныя выступам Hollywood Undead. Але і першыя мне таксама прыйшліся не даспадобы, таму я вырашыў, што лепш паспаць на гадзіну болей, і сышоў.

Дзень 3. Інтэрнэт, Дэйв Грол і ўсе, усе, усе

Па традыцыі, але ў апошні раз, зранку ідзем у Мендзіг. Афіцыянт піцэрыі, дзе мы снедаем, амаль не ведае ангельскую мову, і мы тыркаем пальцам у меню. «Вай-фай» ён таксама разабраў і прынёс паперку з паролем, а калі мы ўжо паказвалі, што нам патрэбны рахунак, высветлілася, што афіцыянт трохі разумее па-руску і можна было абысціся без вычварэнняў.

Нарэшце інтэрнэт! На фэсце яго не было ні бясплатнага, ні ўсялякага іншага. Таму мы кінуліся задавальняць свае залежнасці: хто «чэкініцца», хто правяраць пошту, фэйсбук і скайп. Праз афіцыйную мабільную прыладу Rock Am Ring і пры дапамозе перакладчыка Google (усё ж па-нямецку) мы даведаліся пра пацярпелых ад навальніцы і пра тое што гурт Clutch адмяніў свой выступ, а шкада, бо я таксама жадаў патрапіць на іх.

Пры ўваходзе на фестываль ахова прычапілася да манапода («палка для сэлфі») і сябру прыйшлося вяртацца ў намёт, каб не выкідаць прыстасаванне. У папярэдні дзень нас не абшукалі ўвогуле – можна было хоць слана пранесці.

Пад Eagles of Death Metal мы ўжо ў авангардзе. Сёння фан-зона падзеленая на дзве часткі доўгім подыумам – вечарам тут будзе бегаць Дэйв Грол. Мы вызначаемся, дзе будзем стаяць, і абмяркоўваем планы на вечар – ён вельмі насычаны на розныя цікавосткі, а густы ў нас розныя, таму розныя і прыярытэты. «Арлы» ж запальваюць танцпляцоўку задзірлівым рокам.

Адзначу, што расклад выступоўцаў па днях быў складзены даволі нераўнамерна: большасць гучных імёнаў выпала менавіта на апошні дзень, таму прыходзілася выбіраць, каго больш хочацца ўбачыць і паслухаць, і планаваць час.

На другой сцэне слухаем Papa Roach, але сыходзім, каб падсілкавацца. Прапускаем Lamb of God у чарзе за fish and chips. Чарга не дужа вялікая, але ж прадаўцы працуюць у тэмпе вальса.


У чарзе за Fish and Chips

Parkway Drive, як і два папярэднія гурты не выклікаюць у мяне вялікага інтарэсу, таму мы пасля некалькі песень дзелімся, і я з сябрам шпацырую займаць месцы на Foo Fighters, вымушаны прапусціць In Flames, Motorhead і Modestep, якія граюць паралельна. А паколькі апошнія два гурты мы ўжо бачылі, то выбар быў відавочны.


На Parkway Drive

Сорак хвілін мы стаім, чакаючы, пакуль нас прапусцяць у фан-зону. Са сцэны гучыць нешта незразумелае: мешаніна з рэпа, рэгі і рока ад гурта Beatsteaks. Калі яны скончылі – нас запускаюць, і мы займаем сваё абранае месца каля подыума. Натоўп пачынае перакідвацца мячыкам праз яго, каб неяк прабавіць час. Добры ахоўнік усміхаецца і падае мяч, калі той не далятае і трапляе ў агароджаны калідор (прыпомніце ахову на беларускіх канцэртах, га?).

Зацікаўлены гэтай гульнёй я не заўважаю, як праходзіць час... і раптам раздаецца моцны гітарны акорд, я паварочваюся і бачу як да нас бяжыць па подыуме сам Дэйв Грол, такі чаканы і так нечакана! Foo Fighters адразу ўзрываюць шматтысячны натоўп гітом «Everlong» і працягваюць, цвёрда трымаючы планку. Я не магу назвацца прыхільнікам гэтага гурта, але яго выступ выклікае неверагодныя пазітыўныя эмоцыі, амаль што эйфарыю. Тут ёсць усё: і музыка, і відовішчы, і жывы дыялог з гледачом. Ва ўсім адчуваецца прафесіяналізм музыкаў: якасны гук, майстэрскае выкананне і гарманічна аздобленыя джэмамі (імправізацыямі) кампазіцыі. Прыблізна ў сярэдзіне выступу Грол выйшаў па подыуме бліжэй да публікі і сыграў там некалькі песень у акустыцы, і пакуль усе скіравалі позіркі на яго, яшчэ адна нечаканасць: з пашырэння ў подыуме пасярод танцпляцоўкі выехала другая сцэна з астатнімі музыкамі, дзе яны адыгралі яшчэ частку выступу. Гэта свята цягнулася дзве з паловай гадзіны і праляцела як адно імгненне, пакінуўшы незабыўныя ўражанні. Гэта была кульмінацыя фестывалю.

Усё яшчэ ў стане эйфарыі, але хуткім тэмпам мы пераходзім на хэдлайнера другой сцэны – Slipknot. Гэтыя хлопцы ў масках таксама не даюць засумаваць. Моцны рытм і цяжкія гітары нараджаюць вялікія колы circle pit'аў. Мы таксама скачам, што ёсць моцы, збольшага, каб не змерзнуць, бо ўначы становіцца зябка.

Так завяршаецца трохдзённы музычны марафон на аэрадроме Мендзіг, усіх запрашаюць вярнуцца ў наступным годзе.

Пасляслоўе. Агульныя ўражанні

Мінусы: па-першае, гэта адсутнасць увогуле якой-небудзь афіцыйнай інфармацыі пра фэст (акрамя гуртоў) на ангельскай мове. Прыходзіцца карыстацца перакладчыкам ці шмат шукаць у іншых крыніцах.

Па-другое, транспарт. Інфармацыя пра тое, як дабрацца на фестываль, з'явілася ўсяго за некалькі тыдняў да пачатку. Транспарт платны: у адзін бок – 9€, у два бакі – 17€, анлім – 25€. Для параўнання, бельгійскі Rock Werchter у мінулым годзе арганізаваў бясплатныя аўтобусы з бліжэйшага горада Лювэн, а таксама па кодзе з фестывальнага квітка можна было задарма прыдбаць квіток у два бакі на любы цягнік да Лювэна.

Плюсы: супермаркет у намётавым мястэчку – не трэба кудысьці ездзіць і цягнуць з сабой правізію.

Выснова: Гэта таго каштуе! Калі вы любіце цяжкую і не вельмі музыку, можна на тры-чатыры дні акунуцца ў атмасферу грандыёзнай п'янкі пад жывыя выступы сусветных рок-зорак і прамяняць свае ўтульныя пакоі на намёт са спальным мехам. Калі вы не асацыяльны тып, можна завесці новыя знаёмствы ці проста добра правесці час.

Фоты:  Ягор Салмаў, Слава Сярмяжка


Павел Зелянкевіч 15:00, 24.07.2015 | Рэпартажы |




Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0587 seconds.