Кандыдаты на пасаду рэктара ЕГУ наведалі ўніверсітэт

На гэтым тыдні Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт прымаў у сябе сем кандыдатаў, якія былі запрошаныя ў навучальны корпус як фіналісты конкурсу на заняццё пасады рэктара ўніверсітэта. 

Іх візіт быў арганізаваны ўніверсітэтам па просьбе Пошукавай камісіі, створанай на вераснёвым пасяджэнні Кіраўнічай рады ЕГУ; у праграму візіту былі ўключаныя сустрэчы са студэнтамі, выкладчыкамі, вышэйшым звяном адміністрацыі і чальцамі Кіраўнічай рады, якая прымеркавала прыезд кандыдатаў да свайго штогадовага снежаньскага пасяджэння.

Кожны кандыдат узяў удзел у гадзіннай мадэраванай групавой дыскусіі, якую зладзілі студэнты пад старшынствам новаабранага прэзідэнта Студэнцкага прадстаўніцтва ЕГУ Дзяніса Кучынскага. За арганізацыю сустрэч кожнага з кандыдатаў з выкладчыкамі адказваў прафесар Рыгор Мінянкоў, старшыня Сенату ЕГУ.

У 14 групавых сумоўях, якія доўжыліся цягам двух дзён, узялі ўдзел агулам 60 студэнтаў і 60 чальцоў прафесарска-выкладчыцкага складу ЕГУ. Мадэратары сустрэч са студэнтамі і з выкладчыкамі таксама адказвалі за збор анкет ад усіх удзельнікаў сустрэч з кожным з кандыдатаў і за падвядзенне вынікаў па асноўных пытаннях, закранутых падчас сустрэч у сваіх адпаведных групах, і заўвагах па кожнай з кандыдатур для Пошукавай камісіі. У рамках візіту ў навучальны корпус таксама адбыліся сустрэчы з прарэктарамі ЕГУ і з Пошукавай камісіяй Кіраўнічай рады. Беручы пад увагу шматмоўны характар ЕГУ як інстытуцыі, сумоўі праводзіліся на беларускай, англійскай або рускай мовах, у залежнасці ад пажаданняў кандыдата.

Старшыня Пошукавай камісіі прафесар Дэн Дэвідсан адзначыў: «З аднаго боку, супольнасць зацікаўленая ў тым, каб пазнаёміцца і ацаніць кандыдатаў, якія падалі заяўкі на заняццё пасады ў ЕГУ, але мы заўсёды ўлічваем, што і кандыдаты ацэньваюць нас і нашую ВНУ. Мы хочам забяспечыць такія ўмовы, каб кожны адчуў, што яму была дадзеная магчымасць выказаць сваё бачанне ўніверсітэта і адчуць дух супольнасці ЕГУ падчас свайго візіту ў навучальны корпус».

Аб'ява пра пошук кандыдатаў на заняццё пасады рэктара і кантактная інфармацыя Пошукавай камісіі была размешчаная на сайце ЕГУ ў пачатку кастрычніка. Тая ж aб'ява была апублікаваная на буйных міжнародных парталах і рассылках, у тым ліку Times Supplement і Chronicle of Higher Education. Заяўкі на заняццё пасады падалі кандыдаты з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы, Нарвегіі, Пакістана і ЗША.

Сярод сямі фіналістаў, запрошаных ва ўніверсітэт для правядзення сумоўяў, трое – грамадзяне Беларусі.

Цягам наступных тыдняў Пошукавая камісія і чальцы Кіраўнічай рады пяройдуць да дбайнага разгляду вынікаў двух дзён сумоўяў і абмеркаванняў. Пошук рэктара пераходзіць да наступнага этапу: праверкі рэкамендацый, аналізу публікацый і выпрацоўкі пунктаў для абмеркавання ў рамках заключнага этапу ацэнкі кандыдатаў.

Працэс выбару рэктара ЕГУ, зразумела, выклікаў вялікую цікавасць універсітэцкай супольнасці, СМІ, урадавых і прыватных груп фундатараў, выпускнікоў і сяброў ЕГУ з усяго свету. «Мы вітаем станоўчую ўвагу і падтрымку і выказваем удзячнасць за шматлікія парады, якія мы атрымалі», - пракаментаваў д-р Дэніэл Таршыс, старшыня Кіраўнічай рады. Кіраўнічая рада спадзяецца, што рэкамендацыі Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняццё канчатковага рашэння) датычна кандыдатуры новага рэктара будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 года.

Паводле прэс-рэлізу

11:41, 19/12/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0671 seconds.