Пра што гавораць на вуліцах Кіева, пакуль на ўсходзе ідзе вайна

Калі трапляеш у краіну, на тэрыторыі якой ідзе сапраўдная вайна (інакш падзеі на ўсходзе Украіны ніхто ўжо тут і не называе), ты чакаеш пабачыць на вуліцах і ў публічных месцах людзей з каменнымі тварамі ў камуфляжы са зброяй і вачыма, якія выдаюць гатоўнасць у выпадку небяспекі ўжыць гэтую зброю. У галаве ўсё яшчэ віруюць выявы, пабачаныя напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у траўні 2014 году: блок-пасты на ўездзе ў Кіеў, гіганцкі майдан-мемаярыял загінулым у зімовыя месяцы з дзясяткамі намётаў і троху маргіналізаванымі насельнікамі-пратэстоўцамі. Шмат што з гэтага ўжо сышло ў нябыт, іншае, верагодна, знікне ў бліжэйшыя месяцы.

Кіеў без Майдану

У кіеўскім аэрапорце «Барыспаль» самалёты ўжо не сустракаюць людзі са зброяй, а памежнікі пагалоўна не адводзяць у бок мужчын з беларускім і расійскім грамадзянствам і не дапытваюць пра мэты візіту. Пратэстная прастора Майдану паступова звужаецца, на тратуары вяртаецца выцягнутая ў час сутыкненняў плітка, а месца для машын на вуліцах становіцца ўсё болей.

«Тыя, хто знаходзіцца цяпер на Майдане, — гэта пераважна крымінальнікі», — упэўнены актывіст «сервіснай» арганізацыі Майдану «Грамадскі сектар», сотнік 26-й сотні самаабароны Назар Мухачоў. Ён адзін з нешматлікіх актывістаў, якія дагэтуль «маюць дачыненні» з цяперашнім Майданам.

Аднак адна важная функцыя, якая дазваляе пост-Майдану цалкам не страціць легітымнасць, дагэтуль характэрная для гэтай прасторы. Менавіта з галоўнай сцэны Майдану новыя і новыя падраздзяленні знакамітай Нацыянальнай гвардыі Украіны атрымліваюць «блаславенне» і адпраўляюцца на ўсход.

Зрэшты, гэта блаславенне мае пераважна сімвалічнае значэнне, пакуль юрыдычны статус батальёнаў Нацгвардыі застаецца няясным:

«Новаствораныя батальёны — напаўлегальныя. Іх сваякі не маюць падтрымкі, калі, напрыклад, [іх удзельнікі] гінуць», — кажа Назар. Яго паплечніца Алена Падабед-Франкоўская дастае з торбы 3 пачкі ўкраінскіх банкнот. У ёй — 30 тысячаў грыўнаў ($2 500).

«Гэта на лячэнне для аднаго з герояў Майдану», — кажа Алена. Раней яна як і Назар была ўцягнутая ў падтрымку Майдану праз арганізацыю «Грамадскі сектар». А цяпер праз фонд «Героіка» яшчэ і далучылася да збору сродкаў для пацярпелых у час сутыкненняў з міліцыяй, падтрымкі амуніцыяй вайскоўцаў на Усходзе, а таксама іх лячэнне.

Па словах Назара, за апошні час дзякуючы дзейнасці фонду «Героіка» актывістам атрымалася даставіць у зону антытэрарыстычнай аперацыі «некалькі машынаў з медыкаментамі». Раней маладыя людзі спецыялізаваліся на пастаўках бронікамізэлек. Зрэшты, па словах актывістаў, цяпер сабраць сродкі на што-небудзь ва Украіне нашмат складаней: грошы патрэбныя шмат каму і шмат дзе.

Мабілізацыя і каўбаса

Пэўна, толькі ўглядаючыся ў грошы, дакладней, у стан фінансаў, можна заўважыць наяўнасць у Кіева сур’ёзных праблем. Падзенне курсу грыўны справакавала інфляцыю, рост коштаў і адсоткаў па крэдытах — усе тыя звычайныя наступствы, да якіх ужо прызвычаіліся беларусы пасля чарговай дэвальвацыі. Многія банкаматы не выдаюць болей за 500 грыўнаў ($41), а памяняць грыўны на валюту замежнікам не дазваляюць. Зрэшты, большасць абменных пунктаў патрабаванне ігнаруе.

Нягледзячы на значны рост цэнаў, эканоміка — далёка не галоўная надзённая тэма для размоваў ва ўкраінскай сталіцы. Аперацыя на ўсходзе, мабілізацыя, хуткія выбары — гэтыя пытанні, выглядае, нашмат больш за цэны на каўбасу хвалююць шмат каго ў Кіеве.

Так сталася, што ў сталіцу Украіны я трапляю ў дзень, калі Вярхоўная рада прымае закон пра мабілізацыю (а Чырвоны крыж афіцыйна прызнае ўкраінскія падзеі вайной). Таксіст лёгка тлумачыць сутнасць таго, што адбываецца: цяпер у войска будуць браць тых, хто служыў раней. Ягоная жонка працуе ў ваенкамаце і сцвярджае, што і без гэтага закону жадаючых далучыцца да ўкраінскага войска было нямала. І шмат каго пакуль не бралі: «у грамадзянскім жыцці яшчэ спатрэбіцеся», — казалі патрыётам.

Патрыятызм праяўляецца нават у вопратцы кіяўлян: людзі носяць жоўта-блакітныя стужачкі, іншыя мацуюць іх на машынах, а сцягі — на дамах. Найбольш вылучаецца кіеўская міліцыя, вядомая сваімі спробамі шукаць удзельнікаў Майдану ўзімку праз пранюхванне салонаў «падазроных» аўтамабілістаў. Каб не быць ідэнтыфікаванымі даішнікамі, удзельнікі пратэстаў вымушаныя былі тады трымаць адчыненымі на на марозе вокны, каб паўсюдны пах шынаў выветрываўся да сустрэчы з прадстаўнікамі праваахоўных органаў.

Цяпер міліцыя падкрэслена праўкраінская і нават праеўрапейская: пэўна, кожная патрульная машына Кіева мае ўкраінскія і еўрапейскія сцяжкі, абавязкова замацаваныя на яе даху.

Пасылка ад расейскіх сваякоў

Нягледзячы на адсутнасць прыкметаў вайны на вуліцах гораду, яна даволі трывала закралася ў галовы. Мінакі цяпер не проста дыскутуюць на тэму баявых дзеянняў, сыплючы такімі, здавалася б далёкімі ад усіх нас славечкамі як «ПЗРК», «БУК», «карэктыроўшчык», але і запасаюцца злосцю на ўсходняга суседа. Гэты працэс суправаджаецца разрывам сяброўскіх, працоўных і нават сваяцкіх кантактаў:

«Болей мы з нашымі сваякамі з Кубані на гэтыя тэмы не размаўляем. Ды ўвогуле, мы з імі не размаўляем, — кажа Міхаіл, звычайны 42-гадовы кіеўлянін. — У траўні сваякі Міхаіла, занепакоеныя рэпартажамі тэлебачання, ласкава паабяцалі выслаць ім прадуктовую пасылку, бо «у вас там невядома што на вуліцах творыцца».

«Самае сумнае, — дзеліцца Міхаіл, — тое, што пераканаць іх у тым, што ў нас усё добра, немагчыма. Для іх белае — гэта чорнае, і яны, як думаюць, нашмат лепей за нас ведаюць, што адбываецца».

Як кажуць украінскія актывісты, падобныя праблемы, нават разрывы сямейных сувязяў Украіна-Расея з-за вайны — цяпер ужо звычайная рэч ва Украіне.

Як і два месяцы таму, грамадскае жыццё ў Кіеве ўсё гэтак жа віруе. Але да шматлікіх мітынгаў уладныя інстытуцыі падрыхтаваныя лепей: у адзін з нешматлікіх дзён, калі Вярхоўная рада працуе, і за дзень да гучнай спробы адстаўкі прэм’ер-міністра Арсена Яцэнюка, будынак украінскага парламенту ачэплены ўзмоцненым кардонам спецыяльных сілаў міліцыі. Пэўна, хтосьці з гэтых людзей раней служыў у «Беркуце»…


Фота: Юра Сідун, чэрвень 2014

Я сказаў Парубію, што ён здраднік

Былы сотнік Назар Музачоў мае і асабісты інтарэс у дапамозе ўдзельнікам вайны на ўсходзе. 25 чалавек з сотні, што знаходзілася ў ягоным падпарадкаванні, пайшлі на фронт. На шчасце, на момант маёй сустрэчы з ім усе яны былі жывымі. Агульныя ж страты праўкраінскіх сілаў за час вайсковай аперацыі склалі паводле афіцыйных звестак 363 вайскоўцы.

Шмат хто не верыць у гэтыя лічбы. Гэтак сама, як і ў лічбы ахвяраў Майдану — тых, хто далучыўся да «Нябеснай сотні». Назар кажа пра лічбу ў некалькі разоў большую за тую, што агучваюць цяпер улады.

«Пры мне з-за няўзгодненых дзеянняў затапталі 6 чалавек», — кажа ён. Разлад вітае ў Кіеўскіх уладных калідорах дагэтуль:

«Адразу пасля рэвалюцыі я пайшоў [працаваць] дарадцам сакратара Рады нацыянальнай бяспекі [Андрэя Парубія], — распавядае Назар. — Я дагэтуль ім з’яўляюся, але нашы адносіны з Парубіем моцна сапсаваліся: у траўні я заявіў, што ён здраднік, а ён сказаў мне, што я з ФСБ».

З таго часу грамадскі актывіст асабіста не сустракаўся з адным з кіраўнікоў вайсковай аперацыі ва Украіне. Але ў яго ёсць план. Дакладней, бачанне таго, як мусіць завершыцца ўкраінская рэвалюцыя. Меркаванне, якое падзяляе, і ў гэтым я упэўніўся праз размовы з некалькімі заўважнымі актывістамі Майдану, шмат хто:

«Калі скончыцца цяперашняя [вайсковая] кампанія, то тыя, хто ваюе на ўсходзе, возьмуць свае БТРы і вернуцца ў Кіеў. І, можа, будзе і другі, і нават трэці Майдан».


Алесь Герасіменка 13:00, 31.07.2014 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0652 seconds.