У ЕГУ скончыўся працэс адбору асноўнага выкладчыцкага складу

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт скончыў працэс адбору асноўнага выкладчыцкага складу. Паведамленне пра гэта распаўсюдзіла сёння адміністрацыя ВНУ.

Працэс адбору распачаўся сёлета, калі быў праведзены адкрыты конкурс на заняццё выкладчыцкіх пасадаў з поўнай занятасцю на падставе 5-гадовых працоўных дамоваў. Працэс быў завершаны на гэтым тыдні: па загадзе Рэктара працоўныя дамовы тэрмінам на адзін год маюць быць падпісаныя з 61 выкладчыкам. Рашэнні пра працяг дамоваў на наступны год будуць прымацца пасля перагляду ўсіх акадэмічных праграм, у тым ліку агульнаўніверсітэцкіх курсаў ЕГУ і бюджэту ўніверсітэта.

Сярод 61 выкладчыка, якім будзе прапанавана падпісаць працоўныя дамовы на адзін год, 22 будуць працаваць у Дэпартаменце медыя, 20 – у Дэпартаменце гісторыі, 13 – у Дэпартаменце права і 6 – у Дэпартаменце сацыяльных і палітычных навук. Яны далучацца да выкладчыкаў, абраных сёлета раней праз адкрыты конкурс. Тады Конкурсная камісія складалася з выкладчыкаў і адміністрацыі ЕГУ і незалежных прадстаўнікоў міжнароднай акадэмічнай супольнасці. 

«Абедзве камісіі па найме выдатна выканалі сваю задачу – у прафесійнай і калегіяльнай манеры. Новы асноўны выкладчыцкі склад пачне працу ўвосень, ад пачатку 2014/15 навучальнага года», – сказаў старшыня абедзвюх Камісій па найме праф. Дэвід Полік. 

У выніку працэсу адбору, праведзенага ў адпаведнасці з патрабаваннямі літоўскага заканадаўства і Статута ўніверсітэта, умацуюцца абавязальніцтвы ўніверсітэта перад сваімі выкладчыкамі і абавязальніцтвы выкладчыкаў перад універсітэтам праз перавод выкладчыкаў з дамоваў аб аказанні паслуг на працоўныя дамовы. Многія выкладчыкі ЕГУ раней працавалі па дамовах аб аказанні паслуг: гэта была часовая мера, абумоўленая чаканнем хуткага вяртання ЕГУ на радзіму ў Мінск, а таксама жаданнем многіх выкладчыкаў жыць у Беларусі. 

«Мы спрабавалі задаволіць гэтыя пажаданні, аднак усвядомілі, што такія ўмовы не ёсць адпаведнымі ні для студэнтаў, ні для выкладчыкаў. Таму мы вырашылі, што, у той час як сітуацыя ў Беларусі не змяняецца да лепшага, нам неабходная больш трывалая прысутнасць у нашым часовым доме – Літве», – адзначыў Рэктар ЕГУ Анатоль Міхайлаў. 

Новыя дамовы прапануюць выкладчыкам лепшыя ўмовы працы, у тым ліку сацыяльныя гарантыі ў Літве, і спрыяюць большай адпаведнасці ўніверсітэта працоўным практыкам Літвы. У рамках выканання новых абавязальніцтваў універсітэту неабходна будзе штогод накіроўваць дадатковыя сродкі ў памеры каля 900 000 еўра на налічэнне заробкаў выкладчыцкаму складу. 

У склад унутранай Камісіі па найме выкладчыцкага складу ўваходзілі кіраўнікі чатырох акадэмічных дэпартаментаў ЕГУ, прарэктар па акадэмічных пытаннях праф. Аляксандр Калбаска і праф. Дэвід Полік. Да ўдзелу ў працы Камісіі была запрошаная прэзідэнтка Студэнцкага прадстаўніцтва.

Згодна з правіламі, прынятымі Кіраўнічай радай універсітэта, кіраўнікі дэпартаментаў вызначалі патрэбу ў выкладчыках і ўносілі прапановы Камісіі; яна іх ацэньвала і рэкамендавала выніковы спіс Рэктару, які, згодна з літоўскім заканадаўствам, мае права заключаць працоўныя дамовы тэрмінам да двух гадоў з выбранымі выкладчыкамі. 

Працэс адбору праходзіў не без цяжкасцяў. Сябры Сената ЕГУ выказвалі свае пярэчанні. Кіраўнічая рада ўніверсітэта зацвердзіла працэс адбору, у адпаведнасці са Статутам універсітэта. 

«Перамены ніколі не бываюць лёгкімі, асабліва калі трэба змяніць самога сябе. Але, нягледзячы на цяжкасці, я ўпэўнены, што вынікі працэсу найму ставяць ЕГУ на новую, больш трывалую аснову і рыхтуюць яго да наступнай задачы: забеспячэння нашым студэнтам якаснай адукацыі ў сферы гуманітарных навук», – сказаў акад. Міхайлаў. 

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт – прыватны, некамерцыйны ўніверсітэт, заснаваны ў Мінску ў 1992 годзе. Пасля гвалтоўнага закрыцця беларускімі ўладамі ў 2004 годзе ЕГУ працягнуў сваю працу ў Вільні. З'яўляючыся адзіным беларускім універсітэтам, які функцыянуе ў атмасферы акадэмічных свабод, ён дае адукацыю каля 1500 студэнтам, пераважна з Беларусі. ЕГУ прапануе магчымасці навучання на бакалаўрскіх, магістарскіх і доктарскіх праграмах, спрыяе прасоўванню навуковай дзейнасці ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук.

21:40, 28/07/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.1187 seconds.