Выкладчыкі ЕГУ: адміністрацыя фактычна прызнаецца ў палітычнай матывацыі ўласных кадравых рашэнняў

Працягваецца канфлікт у Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце. Група выкладчыкаў ЕГУ, якія шмат гадоў прапрацавалі ў установе, выпусцілі заяву ў сувязі з лістом, які прыйшоў ім ад імя прарэктара ЕГУ Аляксандра Калбаскі.

Заява 

Мы, выкладчыкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і законна абраныя чальцы Сената ЕГУ, атрымалі з афіцыйнай электроннай адрэсы прарэктара па акадэмічных пытаннях Аляксандра Калбаскі запыт наступнага зместу (пераклад з ангельскай):

«Пасьля вывучэння вашай заявы на замяшчэнне пасады ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце было б вельмі пажадана растлумачыць шэраг пытанняў, якія паўсталі, каб падаць нашыя рэкамендацыі рэктару з нагоды прызначэння. Вы неаднаразова дэманстравалі прынцыповую нязгоду з наяўным курсам і рашэннямі ўніверсітэта.Гэта рабілася як у пісьмовай форме, так і ў публічных заявах, для зацікаўленых асоб ва ўніверсітэце і за ягонымі межамі.

З улікам гэтых заяў, натуральна, узнікае пытанне: чаму вы жадаеце працаваць ва ўстанове, з якой у вас істотныя рознагалоссі і чый курс вы не падтрымліваеце? Калі ласка, апішыце больш дакладна для камісіі па найме вашае бачанне таго, як вы можаце і жадаеце працаваць на карысць і садзейнічаць рэалізацыі місіі і курсу універсітэта як цэласнай арганізацыі пад кіраўніцтвам органаў кіравання універсітэтам.

З падзякай за ваш адказ,

камісія па найму прафесарска-выкладчыцкага складу».

У гэтай сувязі хочам заявіць наступнае:

  1. Мы не падавалі ніякіх заяў на замяшчэнне пасады. Цяпер ідзе размеркаванне нагрузкі, якая засталася пасля адкрытага конкурсу. Гэтая працэдура прадугледжвае прапанову супрацоўніцтва з боку універсітэта, а не спаборніцтва заяў жадаючых папрацаваць.
  2. У сваім лісце адміністрацыя ЕГУ фактычна прызнаецца ў палітычнай матывацыі ўласных кадравых рашэнняў. Гэтыя дзеянні мы расцэньваем як адкрыты ціск на нязгодных з курсам кіраўніцтва. ЕГУ — не толькі адміністрацыя. Гэта, у першую чаргу, акадэмічная супольнасць. Мы маем права не пагаджацца з палітыкай топ-менеджменту, калі яна супярэчыць статуту ўніверсітэта і іншым законам, якія рэгулююць сферу вышэйшай адукацыі. Без перспектывы пагроз, дыскрымінацыі або звальнення.
  3. З універсітэта пасьлядоўна выціскаюцца дэмакратычныя актывісты. Ужо на стадыі папярэдняга размеркавання нагрузкі на наступны навучальны год застаюцца без працы сенатары ад дэмакратычнай платформы і чальцы Рады прафсаюза выкладчыкаў і супрацоўнікаў EHUnion Андрэй Лаўрухін і Андрэй Ралёнак, намеснік старшыні прафсаюза Канстанцін Ткачоў. Раней быў датэрмінова звольнены старшыня Сената прафесар Павел Церашковіч.
  4. Падмена ацэнкі прафесіяналізма праверкай на лаяльнасць не мае нічога агульнага ні з «барацьбой за якасць выкладання», ні з працоўным заканадаўствам Літвы, ні з акадэмічнымі свабодамі.
  5. На нашу думку, зачыстка ад іншадумцаў у імя кіруемай зверху стабільнасці зводзіць на нуль разрэкламаваную місію ЕГУ як «выспы свабоды» і ставіць пад пытанне ягоную эфектыўнасць як адукацыйнага праекта.

Для абароны сваіх законных правоў мы маем намер выкарыстоўваць усе легальныя сродкі, уключна са зваротам у суд. Два судовыя працэсы ў сувязі са сваімі нядаўнімі дзеяннямі кіраўніцтва ЕГУ ўжо атрымала.

Максім Жбанкоўкандыдат філасофскіх навук, дацэнт, сенатар ЕГУ (8 гадоў працы ў ЕГУ),
Аляксей Крывалапкандыдат культуралогіі, сенатар ЕГУ (13 гадоў працы ў ЕГУ),
Вольга Шпарага, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт, намесніца старшыні Сената ЕГУ (13 гадоў працы ў ЕГУ).

14:32, 14/07/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0734 seconds.