Сябра "Маладога фронту" падаў скаргу ў суд на Жодзінскі тэхнікум

У Жодзіне ў мясцовым судзе сёньня адбыўся папярэдні разгляд скаргі на выключэньне з Жодзінскага палітээхнічнага тэхнікуму сябра “Маладога фронту” Сяржука Мурашкі.

Ініцыяваў разгляд справы Сяржук Мурашка:

(Мурашка: ) “Гэта скарга да юрыдычнай асобы – Жодзінскага палітэхнікуму – на тое, што яны мяне адлічылі незаконна”.

Сяржук Мурашка быў адлічаны сёлета ў траўні. Ён вучыўся на другім курсе палітэхнікума. 26 красавіка жодзінскі актывіст “Маладога фронту” браў удзел у чарнобыльскай акцыі ў Менску, якую ладзіла апазыцыя, быў затрыманы міліцыянтамі. Пасьля гэтага, паводле Сержука, кіраўніцтва тэхнікума абвясьціла пра яго выключэньне.

(Мурашка: ) “Калі мяне адлічалі, то дырэктар сказаў, што адлічаюць за ўдзел у мітынгу. Але цяпер гэтае пытаньне зусім зьнікла. Потым мне сказалі, што адлічылі мяне за непасьпяховасьць і пропускі заняткаў. Потым, калі адвакат Павел Сапелка запытаў усе дакумэнты, зьявіліся дадатковыя вымовы, пропускі невядома адкуль”.

Нагадаю, што выключэньне Сержука Мурашкі справакавала 25 траўня галадоўку жодзінскіх актывістаў моладзевага руху, якія выказалі пратэст масаваму адлічэньню студэнцкай моладзі за ўдзел у дэмакратычным руху. Акцыя працягвалася каля двух тыдняў і выклікала гучны розгалас у беларускім грамадзтве. Удзельнікі галадоўкі падтрымліваюць і цяперашнюю ініцыятыву Сяржука Мурашкі ў аднаўленьні, паводле іх словаў, справядлівасьці праз суд. Сёньня жодзінскія актывісты нагадалі пра сябе ля будынка суду. Гаворыць адзін зь іх, Зьміцер Чарткоў:

(Чарткоў: ) “Мы правялі невялікую акцыю. Намалявалі на асфальце “Моладзь будзе вучыцца”. Затым намалявалі рамонкі для Мурашкі. А яшчэ нашу ранейшую эмблему “Сонейка з партай”. А пасьля мы селі з падручнікамі побач з судом”.
Паводле Сяржука Мурашкі, прадстаўнікі жодзінскага суду зьвярнуліся да яго з сустрэчнай ініцыятывай
:

(Мурашка: ) “Яны настойвалі на тым, што падаваць скаргу ня мае сэнсу. Маўляў, навошта нам гэта трэба. Шукалі ўсе спосабы даказаць, што ў нашай скарзе няма сэнсу”.

Аднак, паводле Сяржука Мурашкі, ён адхіліў гэтыя ініцыятывы і заявіў, каб суд распачаў справу па разглядзе яго скаргі. Мяркуецца, што 14 верасьня суд афіцыйна пачне яе разгляд.

Радыё Свабода

19:00, 02/09/2005 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0684 seconds.