Гурт Like a Gossamer стварыў альбом пра легенды і паданні Беларусі

Мінскі гурт Like a Gossamer выдаў CD «Kliatva viernasci» — міжнародны арт-праект, які з'явіўся на стыку трох відаў мастацтва: сучаснай авангарднай музыкі, графікі і літаратуры.

«Клятва вернасці» — міжнародны арт-праект, які з'явіўся на стыку трох відаў мастацтва: сучаснай авангарднай музыкі, графікі і літаратуры.

«У альбоме слухач знаёміцца з маладым этнографам-фалькларыстам, які вандруе па Беларусі, гутарыць з людзьмі і запісвае іх апавяданні, — кажа лідэр Like a Gossamer Дзяніс Голін. — Гэта канцэптуальны музальбом, створаны паводле беларускіх легендаў і паданняў. Ён працягвае рамантычную традыцыю, закладзеную Янам Баршчэўскім у «Шляхціцы Завальні» і ўжо ў наш час развітую Уладзімірам Караткевічам».

У аснове літаратурнага складніка альбома ляжаць не толькі клапатліва сабраныя ў навуковых і мастацкіх крыніцах малавядомыя легенды Беларусі, паэтычная інтэрпрэтацыя якіх належыць пяру паэткі Алены Жукавай, але таксама і біяграфіі выбітных дзеячаў нашай гісторыі (Усяслава Чарадзея, Міхала Клеафаса Агінскага ды іншых), чые жыцці сталі прыкладам служэння роднай зямлі і натхнілі музыкаў.

Візуальным складнікам «Клятвы вернасці» з'яўляецца графічны цыкл, адмыслова створаны ў арыгінальнай тэхніцы манатыпіі мастачкай з Берліна Катарынай Філіст. Такім чынам буклет дыска Like a Gossamer ператварыўся ў паўнавартасны мастацка-паэтычны альбом на 24 старонкі.

Унікальны і аўдыяскладнік «Клятвы вернасці».

Альбом уяўляе сабой музычны цыкл з 20 кампазіцый, у якім песні арганічна спалучаюцца з такой формай сучаснай электраакустычнай музыкі як soundscape composition.

Тэхніка soundscape composition характарызуецца наяўнасцю ў музычным палатне пазнавальных гукаў навакольнага асяроддзя і кантэкстаў (русалка, якая жыве ў возеры Свіцязь; узрушаны натоўп на плошчы старажытнага Полацка; боты жандараў, што грукаюць па віленскім бруку), якія будзяць уяўленне слухача і выклікаюць у яго ўспаміны ды асацыяцыі. Іх для альбома стварыў удзельнік беларускага праекта Favourite Mirror, саўнд-дызайнер з Санкт-Пецярбурга Арцём Бусел.

Абрамленнем цыклу сталі беларускія народныя песні: зімовая «Ой, стаіць Бяроза» і восеньская «Зашумела дубровачка», выкананыя ў традыцыйнай манеры.

Арт-праект «Клятва вернасці» ўвасобіўся ў рэчаіснасць дзякуючы ініцыятыве «Кірмаш праектаў», якая плённа рэалізуецца на Беларусі грамадскай культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!»

«Кірмаш праектаў» – гэта своеасаблівыя сустрэчы для адмыслоўцаў у грамадска-культурнай сферы, а таксама для ўсіх, хто рупіцца, каб культурніцкае жыццё краіны рабілася цікавым ды якасным.

Удзельнікі «Кірмашу праектаў» атрымліваюць прафесійныя кансультацыі, знаходзяць аднадумцаў і памочнікаў, каб ствараць тое, што раней, здавалася, было па-за межамі рэчаіснасці.

Альбом «Клятва вернасці» высока ацанілі наведнікі ды эксперты «Кірмашу праектаў. Музыка», які адбыўся ў Гомелі 17 кастрычніка 2013 года. А ўжо праз тры месяцы з’явіўся кампакт-дыск.

20:37, 29/01/2014 | Навіны |
comments powered by Disqus
 
In 0.0954 seconds.