Спідкубінг у Менску: дзесяць секунд на тое, каб сабраць Кубік Рубіка

На мінулых выходных група засяроджаных юнакоў з рознакаляровымі нішцякамі ў руках сабралася ў вялікай залі Музея сучаснага мастацтва. У час паўсюдных лічбавых забавак чэмпіянат па зборцы Кубіка Рубіка ў музеі выглядаў асабліва пікантна.

Поўная зала народу круціць у руках кубікі розных памераў. Некаторыя робяць гэта з такой хуткасцю, што колеры пачынаюць злівацца. Speedcubing у Менску ішоў поўным ходам цягам двух выходных дзён. Спідкубілі дзвюма, адной рукой і нават усляпую. Самыя хуткія збіралі кубік 3*3 меней за дзесяць секунд. 

Кубік Рубіка (таксама вядомы як «кубік-рубік» і «Магічны кубік») з’явіўся ў сямідзясятых як навучальны дапаможнік. Так ягоны стваральнік вугорскі выкладчык архітэктуры Эрно Рубік тлумачыў студэнтам матэматычную тэорыю груп. Вынаходніцтва апынулася настолькі папулярным, што праз год Рубік запатэнтаваў забаўку. Ужо праз некалькі год такім чынам тэорыю груп вывучалі па ўсім свеце. А ў 1982 адбыўся і першы Міжнародны чэмпіянат па зборцы. 

Сэнс чэмпіянату такі: кожны ўдзельнік атрымлівае кубік, які перамешаны згодна з пэўным алгарытмам (scramble). Такіх алгарытмаў, напрыклад, для простага кубіка — 180. Перамешваюць яго іншыя ўдзельнікі ў так званай зоне скрамблінга. Пасля гэтага кубікі складваюцца спрытнягамі ад 15 да 25 год. Каля кожнага стаяць суддзі і сочаць, а калі ідзе зборка ўсляпую, то яшчэ і закрываюць паперай сам кубік. 

«У мяне ёсць некалькі секунд на прэінспекцыю: я гляджу і думаю, што буду рабіць далей, — тлумачыць працэс зборкі адзін з пераможцаў Яўген Чак. —  І пачынаю збіраць па этапах. 80% куба збіраецца лагічна, а астатняе: гэта адна ці дзве формулы».

Большасць прызавых месцаў на беларускім чэмпіянаце забралі госці з Расіі і Ўкраіны. Адзін з іх 24-гадовы Антон Раставікоў яшчэ і пераможца першага рускага афіцыйнага чэмпіянату. З беларусаў адзначыўся першакурснік Яўген Чак, які ўсталяваў чатыры нацыянальныя рэкорды. Ён, напрыклад, за 3 хвіліны 51 секунду збірае кубік 6*6. 

Удзельнікі чэмпіянату між іншым выклалі карціны з кубікаў акурат непадалёк ад партрэтаў італьянскага мастака Гаспарэ Манаса (выстава якога зараз адбываецца ў Музеі). 

«Заўсёды цікава адкрываць нешта новае, наш музей павінен быць у трэндзе, адсочваць усе навінкі. — гаворыць супрацоўніца Музею Каміла Янушкевіч. —  У Еўропе дарэчы зараз вельмі цікавая ёсць экспазіцыя карцін з кубікаў-рубікаў. А ў нас такое яшчэ ніколі не было паказана».

80 чалавек здзіўлялі гледачоў і сябе спрытнасцю, памяццю ды маторыкай пальцаў. Арганізатары падзеі ўпэўненыя, што спаборніцтвы ўдаліся і мэта натхніць беларускіх спідкубераў дасягнутая.

«Пасля гэтага чэмпіянату кубік-рубік стане нашмат больш папулярным у Беларусі. Я думаю, што ён ужо стаў папулярным», — разважае адзін з арганізатараў чэмпіянату Мікіта Шароў.

Фота: Юля Сакалоўская 


Наста Darteco 13:00, 24.09.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.1167 seconds.