Абутак, кроў ды пластыкавыя пакеты фестывалю «Навінкі»

У невялічкай залі Музея сучаснага мастацтва сярод натоўпу цікаўных менчукоў адкрыўся юбілейны фестываль перформансу. Калісьці ў 1999-м некалькі маладых мастакоў запланавалі зрабіць перформанс каля тых саміх Навінак, вядомых як вар’ятня. Таму цяпер штогод у пачатку восені «Навінкі» пераязджаюць на некалькі дзён у цэнтр сталіцы.

Гледачы ўчора маглі не толькі назіраць ды захапляцца фрыканутымі дзеяннямі мастакоў з розных краін, але і прымаць удзел у працэсе: падтрымаць ніткі, пакаштаваць вясельны пірог і запіць яго віном. А некаторыя нават пазбавіліся на час перформансу свайго абутку. Маладая польская мастачка Вольга Навакоўска спачатку перамерала некалькі пар, потым абрала самыя зручныя — кросы, у якіх стартанула бегам у горад. Гледачы гадалі, ці гэта канец перформансу і можна забіраць свой абутак ці мастачка запрашала такім чынам прабегчыся па праспекце. З пачуццём інтрыгі ўсе рушылі на вуліцу шукаць гераіню. Пошук аказаўся паспяховым: праз некалькі хвілін пад апладысменты і дзіўныя позіркі мінакоў Вольга вярнулася ў Музей. 

Ці то Вольга Навакоўска прыхільніца спартовага абутку і здаровага ладу жыцця, ці то нейкі іншы сэнс хаваецца ў гэтым выступе — засталося загадкай, над якой гледачам застаецца хіба разважаць перад сном. Зрэшты і цымус перформансу са словаў куратара фэсту Віктара Пятрова, у тым, што яго кожны прачытвае па-свойму. 

Публіка тым часам з захапленнем сачыла за кожным рухам мастакоў, штосекунду чуліся гукі фотазатвораў. Амаль пасля кожнага выступу адбывалася ратацыя гледачоў. 

«Гледачы кожныя 30 хвілін змяняюцца, таму можа быць да сямісот чалавек. У 1999 годзе на фэст можа нават і дзесяць тысяч прыйшло, — распавядае куратар імпрэзы Віктар Пятроў. — Але колькасцю нічога не возьмеш, зараз прыходзіць падрыхтаваная публіка, людзі ўсё больш-менш разумеюць. Лічу, што наша моладзь вельмі адукаваная і прасунутая ў гэтым плане, няма ніякіх пытанняў, нас шануюць і любяць».

Наступным аб’ектам шанавання публікі стаў менскі перформер Аляксандр Сарна, які пад песню «Купляй беларускае» іранізаваў на тэму брэндаў з дапамогай разрыву на сабе беларускіх пластыкавых пакетаў.

Гішпанская мастачка Аналія Белтран Жалес паказвала кроўную сувязь паміж маці і дзецьмі з дапамогай чырвоных нітак, чырвонага віна і некалькіх прысутных, якія ўвасаблялі яе дзяцей. Аналія вучылася выяўленчаму мастацтву, але з 2001 займаецца выключна перформансам. Яна ўпершыню наведвае «Навінкі» і задаволеная беларускімі гледачамі.

«Я ўпершыню ў Беларусі і адчуваю, што публіка вельмі блізкая мне і яна мяне разумее. Падаецца, што тут перформансы болей папулярныя, чым у маёй краіне», — кажа гішпанская мастачка.

Па плане фестываль мусіў скончыцца на возеры Вяча пад Менскам, аднак арганізатарам за дзень да пачатку «Навінак» пазванілі і паведамілі, што трэба браць дазвол. 

«Мне патэлефанавалі ўчора і сказалі, што я мушу мець дазвол на паказ чаго-небудзь у Менскім раёне. Дарэчы, раней казалі, што трэба мець дазвол, каб паказваць у горадзе і казалі, маўляў, хлопцы едзьце ў лес, на рэчку і паказваеце, а зараз ужо на рэчку не паедзеш», — тлумачыць Віктар. 

У панядзелак 2 верасня яшчэ запланаваныя перформансы, яны адбудуцца ў Музеі сучаснага мастацтва. Пачатак: 13:00 (2 верасня). 

Болей здымкаў з перформансаў глядзіце ў нашым фотаблогу.


Наста Darteco 10:16, 01.09.2013 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0522 seconds.