Dzivia: загадкавая музыка ад васямнаццацігадовага юнака

Артур Матвеенка ў 18 год запісаў два альбомы прыгожай сімфа-эмбіент музыкі пра беларускія лясы, балоты ды старадаўнія бітвы.

Малады музыкант год таму стварыў сімфа-эмбіент праект Dzivia, які днямі выпусціў другі альбом Žniajar Mrojaŭ. У загадкавай музыцы з фолькавымі матывамі ёсць і сярэдневечныя бітвы і пяшчотная чароўнасць беларускіх лясоў ды балот. Адсюль і рамантычная назва праекта. 

«Знаёмы распавёў мне аднойчы пра багіню лясоў ды жаночай прыгажосці, якую некалі шанавалі на тэрыторыі Беларусі. Звалі яе Дзівіа (Дзіва, Дзівія) і для мяне гэта імя сталася сымбалем прыгажосці прыроднай ды дзявочай. Сэрцам пушчы, так бы мовіць», — тлумачыць Generation.by Артур назву свайго праекта.

Былы студэнт радыётэхнічнага каледжу музыкай займаецца з дзяцінства, вучыўся ў музычнай школе па класе саксафон, клярнэт, флейта. Зрэдку піша музыку для гульняў, а з нядаўняга часу актыўна займаецца сваім one-man бэндам Dzivia.



Другі альбом складаецца з сэмплаў, якія спецыяльна запісваюцца для кампазітараў, што пішуць музыку да фільмаў і жывых інструментаў: цін віслы, лоў віслы, дуды (uilleann pipes і інш.), домра, скрыпка і арфа. На большасці з іх Артур іграе сам.

На вокладцы альбома быццам накрэсленыя на камені калюмны — адзін з дзяржаўных сымвалаў ВКЛ, таксама вядомы як «Слупы Гедыміна», якія былі на некалькіх харугвах ВКЛ у Грунвальдскай бітве.

«Я прыхільнік папулярызацыі беларускай гісторыі, культуры і мовы. І спрабую ўнесці хоць які-небудзь фундуш у гэтую справу. Першапачаткова хацеў напісаць, што музыка з Літвы (але паўстала бы блытаніна з Летувай) і я напісаў Крыўя, таму, што магчыма хтосьці ўбачыць і зацікавіцца ды палезе даведвацца, што ж такое гэтая самая Крыўя. Менавіта таму я і пішу назвы ўсіх кампазіцый беларускай лацінкай», — кажа музыка. 


Наста Darteco 16:50, 29.07.2013 | Пакаленне Y |




comments powered by Disqus
 
In 0.0977 seconds.