Француз Аляксандр Клемент: «Самае смешнае беларускае слова — крамбамбуля»

Продкі 29-гадовага парыжаніна, выпускніка парыжскага Інстытуту палітычных навук Аляксандра Клемента паходзяць з Расійскай імперыі, але нешта беларускае ў гэтым перакладчыку і тамадзе на вяселлях усё ж прысутнічае: ягонае ўлюбёнае беларускае слова «рахманасць», а сябе называе «Алесем», кажа пра «душу» мовы, але ў менскіх крамах размаўляе «як усе». У інтэрв’ю для серыі Generation.by «Размаўляй са мной па-беларуску» Аляксандр распавёў пра тое, як парыжанін можа стаць беларускамоўным, пра ўласнае бачанне нашай мовы і спробы абараніць яе перад расійскімі сябрамі. 

Пазнаёміўся з дзяўчынай — і вывучыў беларускую

Я француз рускага паходжання і ад ранніх гадоў вучуся рускай мове. Калі пачаў цікавіцца беларускай мовай, я ўжо размаўляў нядрэнна па-руску, па-чэску ды па-польску. Купіў сабе кніжку пра беларускую мову ды пра жыццё, пра гісторыю Беларусі. Пайшоў на міжнародную летнюю школу, а сярод іх была адна беларуская дзяўчына. Мы з ёй размаўлялі спачатку па-руску ды па-польску, але я ведаў, што яна беларускамоўная, таму прапанаваў, каб яна са мной размаўляла па-беларуску, а я адкажу па-руску ці па-польску. Так і зрабілі. Але хутка я меў уражанне, што магу нават спрабаваць час ад часу адказваць па-беларуску.

У нас яшчэ сёння добрыя сяброўскія адносіны. Потым, як толькі была магчымасць з кімсьці размаўляць па-беларуску, я ёй карыстаўся. 

Як вы разумееце, працэс вывучэння [мовы] пачаўся нашмат раней за першыя словы, якія я навучыўся па-беларуску. Глядзіце, калі беларуская мова — не першая славянская мова, якую вы вывучылі, яна здаецца лёгкай. Але я не хацеў, каб маёй беларускай стала руская мова з беларускім акцэнтам ды двума-трыма словамі па-беларуску. Таму ў лістах сяброў, у сваім падручніку, у песнях, якія я меў па-беларуску, я пашукаў перш за ўсё незразумелыя словы, тое, чым адрозніць беларускую ад рускае. Не таму, што мне руская больш не падабаецца, але проста таму, што мне падабаецца чыстая руская, ды роўна так хачу здолець пісаць ці гаварыць чыстай беларускай.

«Я ж адказваю той мовай, якой пытаюцца»

На жаль, тут у Францыі амаль не маю з кім паразмаўляць па-беларуску, але ёсць кнігі, электронныя навіны, музыка і падкасты. Ну, і вядома, перш за ўсё, сябры. А апошнім часам карыстаюся беларускай 3–4 разы за тыдзень, што незвычайна, але прыемна. 

У Беларусі я бываў, але толькі тры дні, таму практыкі там было мала. Я быў у Менску, з тамтэйшымі сябрамі. Гаварылі амаль толькі па-беларуску, а вось у магазінах — амаль толькі па-руску. Я ж адказваю той мовай, якой пытаюцца.

Самае смешнае слова ў беларускай — назоў музычнае суполкі «Крамбамбуля». А ўлюблёнае — «рахманасць».

Што самае складанае ў беларускай мове? Залежыць, ці чалавек вывучыў іншую славянскую мову раней, і ці ягоная родная мова славянская ці не. Славянам, верагодна, цяжка не рабіць памылкі пад уплывам уласнай мовы (напрыклад, паланізмы, русізмы). У мяне, яны, безумоўна, таксама ёсць.

Для мяне самае складанае — гэта існаванне розных стандартаў (тарашкевіца/наркамоўка/мова па новых правілах). Мне больш падабаецца тарашкевіца, але каб пісаць клясычнай мовай, трэба ведаць нашмат лепш як клясычную лексіку, так і сучасную. Пад уплывам рускай мовы, цяжка ведаць, што яшчэ можна ўважыць за русізм, а што ўжо варта прыняць за паўнавартасны элемент сучаснае мовы. Каб пісаць дасавецкай беларускай, я мушу карыстацца, напрыклад, старымі формамі меснага склону («у лясох…»), але мне яшчэ складана засвоіць беларускі націск, які, вядома, час ад часу, адрозніваецца ад рускага. Нават калі пасіўна ведаю беларускае слова, цяжка не карыстацца русізмам альбо паланізмам. Увогуле, мая актыўная лексіка па-беларуску нашмат бяднейшая за рускую ці нават польскую.

Беларуская, безумоўна, мілагучная мова. Але калі рускамоўныя сябры думаюць, што гэта дыялект расейскае ці расейскае заходняе «просторечье», адказваю ім, што руская мова была б, мабыць, падобнай да беларускай, каб быў меншы ўплыў царкоўнаславянскае ды татарскае, ды большы ўплыў польскае. Потым ім прыпамінаю, што калі была вайна паміж Расіяй ды іншай дзяржавай, тэрыторыя сённяшняе Беларусі заўжды была на шляху [войскаў], ды што старэйшыя эліты сталі польскомоўнымі ці рускамоўнымі, а эліты ХХ стагоддзя былі высланыя ў Сібір, былі зачышчаныя ў 30-х гадах, ці палі як памерлыя як і шмат беларусаў у вайну. Беларуская мова захавала долю мужыцкага быту, яна была мовай Вялікага Княства Літоўскага.

Мне ж беларуская мова падабаецца, магчыма, якраз тым, што яна сябе шукае, што ідзе разам з беларускай душой.

Нямецкі студэнт вывучыў беларускую мову, каб лепей разумець Статут ВКЛ
Дызайнер з Вялікабрытаніі вывучыў напамяць вершы Янкі Купалы
Беларускамоўны баск: «Нам таксама прыемна, калі замежнікі вывучаюць нашу мову»


comments powered by Disqus
 
In 0.082 seconds.